Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»
Ніводзін з сыноў, унукаў і ўнучак Аляксандра Лукашэнкі не паехаў працаваць у аграгарадок, ніводзін не стаў механізатарам, ніводная не пайшла ў настаўніцы. Яны жывуць між Драздамі, Дубаем, Пекінам, вялікімі сцэнамі і эстрадамі. Але новы беларускі фільм «Класная» не пра такое жыццё, а пра сапраўднае — пра тое, якім павінен жыць «просты народ». І як жа?

З першых секунд фільма разумееш, што гэта правільная карціна, аб правільных каштоўнасцях. Ад засілля чырвона-зялёных сцяжкоў у кадры ажно мітусіцца ў вачах.
Сюжэт і характары персанажаў — не галоўнае, калі ў 90 хвілін трэба паспець упіхнуць і дружна спяваючых гімн дзяцей, і новаствораны Дзень народнага адзінства, і парэкламаваць кнігу пра Лукашэнку. Ну і падзякаваць палітыку за тое, што «мы ў космас паляцелі».

Галоўная гераіня «Класнай» — выпускніца БДПУ Таццяна Васілеўская (яе грае Ірына Мароз).
Яна павінна заматываваць абітурыентаў паступаць у педагагічны інстытут. Але стоп!
Адна з найлепшых выпускніц курсу, яна разлічвае застацца па размеркаванні ў Мінску — у той гімназіі, дзе праходзіла практыку. Працэс размеркавання выглядае як суцэльны здзек. Ролю ў фільме далі і міністру культуры Руслану Чарнецкаму. Трэба прызнаць: у вобразе хамаватага чыноўніка, які адкрыта здзекуецца з дзяўчыны, якую толькі што назвалі гонарам ВНУ, ён выглядае вельмі арганічна.
Кіраўніку камісіі па размеркаванні (яго і грае міністр культуры) падабаецца глуміцца над маладой настаўніцай, якая ледзь стрымлівае слёзы ад перспектывы ехаць у аграгарадок.

Чаму ёй туды трэба ехаць? Ніхто не тлумачыць. Галоўны пасыл: дзяржава сказала «Трэба!» — значыць, трэба.
Падтрымкі Таццяна не знаходзіць і ва ўласнай сям’і. Дзе тата маладой дзяўчыны — незразумела, затое ёсць мама і даволі маленькая сястра.
Маці адмахваецца ад праблем старэйшай дачкі і нават смяецца з іх.

«Затое паветрам чыстым будзеш дыхаць!» — катэгарычна заяўляе жанчына, якая вязе дачку ў месца адпрацоўкі.
Галоўная гераіня яшчэ аднойчы паспрабуе знайсці падтрымку ў маці ў складаны момант — папросіць узяць крэдыт, каб выплаціць грошы за адукацыю і дазволіць дачцэ сысці з адпрацоўкі. Але ж сцэнарыст вырашыў, што гэта добры момант для таго, каб адгаварыць абітурыентаў паступаць за мяжу.
Таму жанчына ў адказ пачынае крытыкаваць пакаленне, «якое толькі цягне з бацькоў грошы». Згадвае яна сяброўку Таццяны, якая паехала вучыцца ў Лондан, і цяпер маці вымушана яе там утрымоўваць. Абураецца, што на Захадзе ўсё «занадта вясёлкава».

Перыпетыі сюжэта не вельмі зразумелыя. Чаму настаўнік інфарматыкі адразу ўлюбляецца ў Таццяну, калі падчас іх першай сустрэчы дзяўчына крычыць на камендантку інтэрната праз тое, што яе падсялілі жыць у блок да маладога мужчыны?
Чаму класная кіраўніца, якой дастаўся 11 клас, вырашае пачаць матаць нервы выпускнікам, а астатнім лёгка малюе дзясяткі за адказы на просценькую віктарыну — усяму класу?
Чаму тыя выпускнікі становяцца супраць маладой настаўніцы і прагульваюць заняткі, калі іх галоўная мэта — давучыцца апошні год і атрымаць добрыя адзнакі ў атэстат?

Рэжысёр спрабуе зляпіць з былой класнай кіраўніцы ідэальную настаўніцу. Яна змагла зрабіць клас вельмі дружным, але была вымушана сысці са школы праз анкалогію. А дзеці быццам бы акрамя яе нікога бачыць не хочуць. Але гэта ўсё выглядае настолькі ненатуральна, што паверыць у такую драму проста немагчыма. (І ўсім бы такія драмы ў краіне, дзе чвэрць краіны ў турме сядзіць, чвэрць рыхтуецца, а ў трэцяй чвэрці каровы абасраныя і малакавоз ракам.)
Вядома, Таццяне прыходзіцца звяртацца па дапамогу да сваёй папярэдніцы. Дзяўчына шчыра распавядае пра мары працаваць у Мінску і падпрацоўваць рэпетытаркай, каб зарабляць нармальныя грошы. Але тая высмейвае маладую калегу. Зноў высвятляецца, што пакаленне не тое, а працаваць трэба за высокую ідэю, а не за грошы. (Шкада, не ведаюць гэтага Віктар, Дзмітрый і народная паэтка Сялук з Баскавым і ўласнікамі лагістычных цэнтраў і «Табакерак».)
Дарэчы, цікава паглядзець на тое, хто ж уваходзіць у клас Таццяны. У яе 11 класе ўсяго сем вучняў. З іх два прэтэндэнты на залаты медаль, адзін фанат кітайскай культуры, прыгажуня, якая марыць спачатку трапіць на «Міс Беларусь», а потым ачмурыць якога-небудзь прынца з ААЭ. Ёсць і хлопец, які думае пра сілавыя структуры.
Хлопца, які хоча стаць зоркай, грае папулярны расійскі блогер Кірыл Малышаў. У рэальным жыцці ён збірае мільёны праглядаў у тыктоку ды інстаграме, пераапранаючыся ў жанчын з вялікімі фальшывымі грудзямі (вобраз а-ля Верка Сярдзючка). І пра гэтае амплуа складана забыць, калі бачыш Кірыла ў сціплым касцюме беларускага школьніка.
Для інклюзіі дадалі школьніка ў інвалідным крэсле. Ён, дарэчы, праз траўму на спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні (не на хакеі ж — на хакеі траўм не бывае) шэсць гадоў не мог хадзіць — настаўнікі праводзяць для яго ўрокі дома. Але ўсяго праз некалькі месяцаў з новай класнай ён раптам пачынае хадзіць. Чаму? А гэтаму нуль тлумачэнняў. Мабыць, гледачы павінны паверыць у чарадзейную сілу ці то размеркавання, ці то кнігі «Наш прэзідэнт».

Выпадкова ці не, але рэжысёр Кірыл Халецкі паказвае і тое, як сучасная школа ўмее рэагаваць на небяспечныя для жыцця дзяцей сітуацыі.
Напрыклад, калі адзін з вучняў Таццяны правальваецца зімой пад лёд, а тая яго гераічна ратуе, ніхто з настаўнікаў у школе нават не думае выклікаць хуткую дапамогу, як тое прапісана ў інструкцыях. Хлопцу шчодра выдаюць плед ды гарбату, а педагагічны калектыў заняты абмеркаваннем, ці трэба неяк караць Таццяну.
А яна менавіта пасля гэтага выпадку вырашае адракчыся ідэі пераразмеркавацца. Чаму? Ды хто яго ведае.
Можа, прычына ў танцах з настаўнікам інфарматыкі ў актавай зале ля чырвона-зялёнага сцяга. Каханы, дарэчы, ненавязліва прапагандуе працу ў аграгарадку. Ён распавядае, што хоча зрабіць нейкі факультатыў, а дырэктар школы пагадзіўся: «Ды навошта мне кудысьці пераязджаць, калі мне ідуць насустрач?!». Ну насамрэч, гэта ж такая рэдкасць — дазволілі праводзіць факультатыў.

Ці зможа «Класная» матываваць Аляксандра Віктаравіча, Вікторыю і Валерыю Віктараўну, Яраслава Віктаравіча, Настассю, Дар'ю і Аляксандру Дзмітрыеўну і Мікалая Аляксандравіча пайсці ў настаўнікі і паехаць працаваць у аграгарадок — толькі да канца жыцця, калі ласка? Ці адмовіцца нехта ад вучобы ў Пекіне і бізнэсу ў Дубаі? Не смяшыце. Бо нават ідэалагічны фільм мусіць быць зроблены якасна.
У Беларусі здымаюць новае прапагандысцкае кіно, каб падлеткі кінуліся паступаць ва ўніверсітэт на настаўнікаў
Паказалі трэйлер айчыннай драмы «Класная»
Лакіраваны сацрэалізм дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы «Культурны код»
Прэм’ера камедыі ад «Беларусьфільма»: у галоўнай ролі расеец, а малады рэжысёр прапануе вадзіць школьнікаў
Каментары
Ніякай вытанчанасці ці добрай іроніі. Нейкая незразумелая спроба ахаяць і зняважыць амаль усе, што магчыма? Але навошта? Фільм гэта робіць сам.
Можна ж пачытаць/паглядзець Доліна, каб навучыцца пісаць водгукі на дрэнныя фільм.
Зрабіць дрэнны водгук на дрэнны фільм - самая легкая справа. Але і тут аўтар не здолеў.