Трансплантацыя броваў — новы трэнд. Каштуе некалькі тысяч даляраў, але загвоздка не толькі ў цане
Памятаеце моду 2000-х, калі дзяўчаты бязлітасна вышчыпвалі бровы, ператвараючы іх у тонкія «нітачкі»? Сёння ж многія жанчыны гатовыя на дарагую трансплантацыю броваў, каб вярнуць сабе натуральную гушчыню. Але ёсць адзін пабочны эфект.

Пра новую працэдуру, якая набірае папулярнасць, піша The Wall Street Journal.
Паводле звестак спецыялізаваных платформаў у сферы эстэтычнай медыцыны ЗША, колькасць запытаў і праглядаў матэрыялаў пра трансплантацыю броваў з 2022 да 2024 года павялічылася амаль у дзесяць разоў. Росту папулярнасці спрыяла і тое, што пра свае аперацыі пачалі адкрыта расказваць публічныя асобы.
Перасадка выконваецца метадам фалікулярнай экстракцыі, пры якім асобныя валаскі бяруцца з патыліцы пацыента і ўкараняюцца ў зону броваў.
Кошт такога ўмяшання пад мясцовай анестэзіяй у ЗША звычайна вагаецца ад 15 000 да 18 000 даляраў, а калі патрабуецца паўторная працэдура для стварэння большай шчыльнасці, агульная сума можа вырасці да 25 000 даляраў.
У Турцыі аперацыя абыходзіцца значна танней — каля 3 500 даляраў.
Хоць аперацыя лічыцца амаль бязбольнай, яна суправаджаецца ацёкамі і сінякамі, з-за якіх пацыенткі ў першыя дні пасля ўмяшання выглядаюць даволі непрывабна.
Працэс аднаўлення патрабуе строгай дысцыпліны: на працягу тыдня забаронена дакранацца да твару або паўнавартасна мыцца. Далей пачынаецца складаны этап, калі да паловы з 200—375 перасаджаных фалікулаў выпадаюць на працягу шасці тыдняў. Новыя валаскі пачынаюць паўнавартасна расці толькі праз тры-чатыры месяцы, і ў гэты перыяд жанчынам даводзіцца па-ранейшаму карыстацца касметыкай.
Поспех працэдуры складае 70—90%, прычым некаторыя валаскі могуць не прыжыцца праз старыя шнары або стан здароўя.
Дактары адзначаюць, што многія спецыялісты па перасадцы валасоў на галаве памылкова мяркуюць, што могуць гэтак жа лёгка справіцца і з бровамі. Аднак гэты від трансплантацыі патрабуе значна большага майстэрства ў працы з формай і кірункам росту.
Аднавіць прыродны выгляд надзвычай складана менавіта праз асаблівасці росту броваў: валаскі каля пераносся накіраваны ўверх, а тыя, што ў цэнтры, ствараюць перакрыжаваны малюнак. Падчас трансплантацыі фалікулы размяшчаюць так, каб імітаваць гэтыя прыродныя лініі і забяспечыць такі вугал нахілу, пры якім валаскі будуць максімальна шчыльна прылягаць да скуры.
Акрамя тэхнічных складанасцяў, існуюць і прыродныя нюансы: напрыклад, працэдура становіцца больш працаёмкай, калі ў пацыенткі кучаравыя валасы. А людзям з сівізной пасля аперацыі прыйдзецца пастаянна фарбаваць новыя бровы, каб яны не вылучаліся на твары.
Галоўнай асаблівасцю, пра якую дактары папярэджваюць загадзя, з’яўляецца прырода перасаджанага матэрыялу. Валасы з патыліцы захоўваюць свае генетычныя ўласцівасці: яны растуць значна хутчэй за натуральныя бровы і могуць дасягаць неабмежаванай даўжыні. Калі іх не падразаць нажніцамі кожны тыдзень, яны тэарэтычна здольныя вырасці «да самых пят».
Менавіта гэтыя штотыднёвыя стрыжкі часта становіцца галоўнай прычынай, па якой патэнцыйныя кліенты ў выніку адмаўляюцца ад аперацыі. Тым не менш, тыя, хто адважыўся на трансплантацыю, гатовыя да такога рэгулярнага клопату дзеля магчымасці кожную раніцу прачынацца з густымі і натуральнымі бровамі.
«Як пішуць у каментарах, брэжнеўскія». Беларуска, якая перасадзіла сабе бровы, паказала, як цяпер выглядае
Беларуска адмовілася ад б’юці-працэдур і вырашыла год не набываць адзенне і абутак. Яна расказала навошта
«Патраціў 2 тысячы даляраў — было весела». Беларус расказаў, як рабіў трансплантацыю валасоў у Турцыі
Luxvisage адказаў на скаргі расіянак, у якіх нібыта з-за беларускага геля масава выпадаюць бровы
Каментары