Неяк позна ўвечары двое нецвярозых братоў ехалі ў тралейбусе. Раптам адзін з іх памылкова выйшаў на прыпынку «Харкаўская», а другі, утрымліваючы дзверы, пачаў клікаць яго назад.

Гэта выклікала незадавальненне ў іншых пасажыраў. Калі адзін з братоў вярнуўся ў салон, то накінуўся з кулакамі на незнаёмага маладога чалавека. За абодвух удзельнікаў бойкі ўступіліся іх суправаджальнікі: за аднаго — брат, за другога — прыяцель. У выніку дэбашыраў усё ж удалося выставіць з тралейбуса, пішуць Мінск-навіны.
Аднак на прыпынку яны пачалі абражаць мужчыну, які дапамог выправадзіць іх з транспарту. Пасля накінуліся на яго і пачалі збіваць. Яму нанеслі не менш за 35 удараў па галаве і целе, разбілі тэлефон, парвалі раменьчык сумкі і джынсы.
Відавочцы выклікалі міліцыю. Нарад затрымаў хуліганаў, у дачыненні да іх завялі крымінальную справу. Пацярпелага забрала хуткая дапамога.
Як высветлілася, малодшы з братоў шэсць разоў быў судзімы (тройчы — за хуліганства). Абодвум выстаўлена абвінавачанне ў злосным хуліганстве. Віну браты цалкам прызналі, нанесеную шкоду добраахвотна кампенсавалі. Малодшы з абвінавачаных мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму.
У дачыненні да іх ужыта мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Будзе суд.
Каментары