Сваякі былога гендырэктара «Уралкалія» Баўмгертнера сцвярджаюць, што яго на Кіпры забілі
Сям’я былога генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, які загінуў у студзені на Кіпры пры загадкавых абставінах, лічыць, што ён быў забіты, піша «Коммерсант». Старэйшыя сыны бізнэсмена і ягоная першая жонка звярнуліся ў паліцыю з патрабаваннем не выдаваць дазвол на пахаванне і правесці альтэрнатыўнае расследаванне.

19‑гадовы Аляксандр і 24‑гадовы Раман Баўмгертнеры разам з маці Ірынай сумняюцца ў афіцыйнай версіі, паводле якой Уладзіслаў Баўмгертнер упаў са скалы падчас трэніроўкі па скалалажанні. Яны падалі ў органы ўнутраных спраў адпаведную заяву.
Сям’я бізнэсмена адзначае шэраг супярэчнасцяў: 7 студзеня, у дзень знікнення, Баўмгертнер нібыта паехаў на дзелавую сустрэчу і потым перастаў выходзіць на сувязь, хоць яго тэлефон заставаўся актыўным, а 8 студзеня з прылады адказвалі на ўваходныя паведамленні. Таксама 7 студзеня ён нечакана засяліўся ў гатэлі, хоць знаходзіўся ўсяго за гадзіну ад дома, а 8 студзеня пайшоў у паход, з якога не вярнуўся.
Акрамя таго, сям’я адзначае, што ў бізнэсмена былі праблемы з каленам і страх вышыні, што ставіць пад сумнеў афіцыйную прычыну смерці.
Цела Баўмгертнера знайшлі 14 студзеня ў цясніне на паўднёвым узбярэжжы Кіпра. Для апазнання правялі ДНК-экспертызу з-за моцнага пашкоджання цела. Афіцыйных даных аб прычыне смерці пакуль няма, расследаванне працягваюць паліцыя Кіпра і брытанская вайсковая база.
Тым часам іншыя сваякі бізнэсмена, у тым ліку апошняя былая жонка Баўмгертнера Юлія, настойваюць на крэмацыі. Пахаванне прызначана на 21 лютага на Траякураўскіх могілках у Маскве. Нягледзячы на заяву старэйшых сыноў, дазвол на выдачу цела ўжо атрыманы.
Раней Уладзіслаў Баўмгертнер ужо быў у цэнтры крымінальнага скандалу: у 2013 годзе ён быў арыштаваны ў Беларусі па абвінавачваннях у злоўжываннях падчас «калійнай вайны» паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем», аднак справу потым закрылі.
На фоне яго знікнення на Кіпры адбылася яшчэ адна загадкавая смерць: 8 студзеня ў будынку пасольства РФ у Нікасіі знайшлі мёртвым супрацоўніка дыпмісіі Антона Панова — крыптографа, які меў сувязь са спецслужбамі. Афіцыйная версія — самазабойства.
На Кіпры знік Уладзіслаў Баўмгертнер, былы гендырэктар «Уралкалія». Яго затрымлівалі па скандальнай справе ў Мінску
Расійскага дыпламата на Кіпры знайшлі мёртвым пасля знікнення Баўмгертнера
На Кіпры знайшлі мёртвае цела, якое можа належаць Уладзіславу Баўмгертнеру
Паліцыя пацвердзіла, што на Кіпры знайшлі цела Баўмгертнера
Каментары