У Польшчы затрымалі беларусаў, якія хацелі пераправіць у Расію камплектуючыя для ўдарных дронаў
Затрыманні адбыліся тыдзень таму.

У Польшчы затрымалі чатырох беларусаў і двух палякаў, якія збіраліся адправіць праз Беларусь у Расію камплектуючыя, што могуць выкарыстоўвацца пры зборцы ўдарных дронаў. Пра гэта паведамляе Падатковая інспекцыя Польшчы.
Палякі і беларусы былі затрыманыя ў сераду, 18 лютага. Іх затрыманню папярэднічаў яшчэ адзін эпізод: супрацоўнікі мытні спынілі спробу пастаўкі абсталявання, прызначанага для аўтаматызацыі працэсу вытворчасці інтэгральных схем.
У польскай падатковай службе заявілі, што паспрыялі «разрыву ланцужка паставак ваеннай тэхнікі для войскаў Расіі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ўсходняй Украіны».
Усім затрыманым ужо выстаўленае абвінавачанне ў парушэнні палажэнняў закона аб спецыяльных мерах па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны, прынятага вясной 2022 года. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Трое з іх арыштаваныя на тры месяцы, яшчэ трох адпусцілі пад заклад і падпіску аб нявыездзе з краіны з паліцэйскім наглядам.
Былі праведзеныя ператрусы, у затрыманых канфіскавалі 400 000 злотых (112 000 даляраў).
Каментары