У Гомелі жанчына занесла свайго сабаку на стрыжку да грумеркі. Забрала ўжо мёртвага
У Гомелі звычайны візіт да грумера скончыўся гібеллю сабакі і наступным канфліктам у сацыяльных сетках. Пекінес па мянушцы Макс памёр па дарозе ў ветэрынарную клініку пасля стрыжкі, падчас якой яму стала дрэнна. Бакі па-рознаму тлумачаць тое, што адбылося, піша выданне «Моцныя навіны».

Паводле версіі гаспадароў, інцыдэнт адбыўся 28 лютага. Сабаку прывялі да майстра, у якога яго стрыглі яшчэ са шчанячага ўзросту. Праз дзве гадзіны грумерка, аднак, патэлефанавала і паведаміла, што сабака не дыхае. Калі гаспадыня прыехала, у Макса ўжо быў пасінелы язык і шкляны позірк. У клініцы толькі зафіксавалі смерць жывёліны.
Дачка гаспадыні лічыць, што майстрыха праявіла халатнасць: на яе думку, трэба было адразу везці сабаку да ветэрынара, а не чакаць уладальнікаў жывёліны. Цяпер яна распаўсюджвае інфармацыю пра гэты выпадак у інтэрнэце і пакідае негатыўныя водгукі.
Грумерка, у сваю чаргу, выкладае іншую версію падзей. Паводле яе слоў, стрыжка была складанай: сабака паводзіў сябе агрэсіўна і нават укусіў яе за палец, а поўсць была моцна зблытаная. У нейкі момант сабака раптоўна перастаў міргаць вачыма і абмяк. Убачыўшы сіні язык, майстрыха пачала рабіць непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне. Яна патэлефанавала гаспадыні і працягвала рэанімацыю да яе прыезду. Пасля гэтага грумерка сама павезла гаспадыню з сабакам у клініку на сваім аўтамабілі.
У клініцы дактары паведамілі, што сабака быў мёртвы ўжо каля дзесяці хвілін. Грумерка таксама аплаціла прыём у ветэрынара сваёй карткай, бо ў гаспадыні не было пры сабе грошай. Паводле слоў майстрыхі, там жа высветлілася, што ў Макса былі праблемы са здароўем — дысплазія тазасцёгнавых суставаў, нядаўняя кастрацыя і праблемы з хрыбетнікам. Ветэрынар адзначыў, што пекінесы схільныя да розных паталогій, а стрэс мог стаць дадатковым фактарам.
Спачатку, як сцвярджае грумерка, паміж ёй і гаспадыняй не было канфлікту, яны падтрымлівалі адна адну пасля трагедыі. Аднак пазней у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца крытычныя каментарыі ад дачкі гаспадыні. Майстрыха кажа, што яна і сама цяжка перажывае смерць жывёлы і не разумее, чаму яе абвінавачваюць, бо, на яе думку, яна зрабіла ўсё магчымае.
У ветэрынарнай клініцы, куды прывезлі сабаку, ад каментароў адмовіліся, спаслаўшыся на канфідэнцыйнасць медыцынскай інфармацыі. Спецыялісты адзначылі толькі, што не могуць раскрываць даныя пра стан здароўя канкрэтных жывёл.
Як улады Мінска зразумеюць, у каго жывуць незарэгістраваныя сабакі? Разлік на неабыякавых суседзяў
У катоў не ўзнікае эмацыйнай залежнасці ад гаспадара — яны за раўнапраўнае суіснаванне
У Клецку каля чыгункі знайшлі акрываўленыя трупы сабак. Што з імі здарылася?
«Гэта працягвалася не адзін дзень». У Бабруйску патрабуюць пакараць гаспадара, які жорстка абыходзіцца з сабакам падчас прагулкі
Каментары