Падчас ператрусу ў актывіста «Гавары праўду» забралі ўсе грошы сям'і
Следчы Цыбульскі паквапіўся нават на банкноту ў дзесяць злотых.
Днём 14 студзеня у кватэры, дзе пражывае былы каардынатар выбарчага штабу Уладзіміра Някляева Алег Ладуцька, адбыўся ператрус. Ператрусам кіраваў следчы Цыбульскі з Ленінскага РУУС.
Не здолеўшы дазваніцца да самога Алега, якога зараз няма ў Менску, міліцыянты пазванілі на працу яго маці Наталлі і паведамілі, што калі яна не прыедзе, то дзверы ў кватэру будуць узламаныя. У кватэры ў той момант знаходзіўся састарэлы бацька Наталлі Ладуцька, які не быў у стане цалкам адэкватна рэагаваць на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі.
Не дачакаўшыся прыезду Наталлі Ладуцька, Цыбульскі выклікаў з ЖЭСу слесара і загадаў яму ўзламаць дзверы кватэры. Ператрус пачаўся ў адсутнасць гаспадыні.
«Я толькі пад самы канец паспела пад’ехаць. Усё ў кватэры было перавёрнута з ног на галаву. Забралі камп’ютар, дыскі, некалькі нацыянальных сцягоў, кнігі Някляева і Пазняка. Мне асабліва шкада іх, бо там аўтографы ад аўтараў…», —распавядае Наталля Ладуцька.
Акрамя ўсяго гэтага, супрацоўнікі міліцыі знеслі з кватэры Наталлі Ладуцька і немалую суму грошай. «Я ў сваёй асабістай спальні захоўвала зберажэнні. 9750 долараў, 450 еўра. Дык і гэта ўсё забралі, сказалі, што следства зацікаўленае праверыць гэтыя грошы, ці не фальшывыя, адкуль паходзяць. Забралі нават 10 злотых (прыкладна 10 тысяч беларускіх рублёў). Я вельмі зараз турбуюся, ці вернуць мне грошы. Гэта мае асабістыя, я доўга збірала іх», — распавяла спадарыня Ладуцька ў размове з карэспандэнтам «НН».
Наталля Ладуцька збіраецца падаваць скаргу ў Генпракуратуру.
Каментары