Андрэй Расінскі. Кадры

Замяталінскі вяночак на магілку “Беларусьфільму”

Палкоўнік Замяталін стаў дырэктарам "Беларусьфільму".

Палкоўнік Замяталін – дырэктар “Беларусьфільму”! І гэта найлепшае кадравае прызначэньне за ўсе гады лукашэнкаўскага кіраваньня. Нарэшце, рэжым вырашыў кіравацца выслоўем “Чым горай, тым лепей” (хаця мяне й не пакідае ўражаньне, што гэны прынцып закладзены ў падмурак прэзыдэнтуры). Найбольш падыходнай кандыдатуры, каб канчаткова дабіць “Беларусьфільм” і ўявіць немагчыма.

Палкоўнік Замяталін нарадзіўся 14 траўня 1948 году ў Туле (Расея), займаўся палітычным наглядам у беларускіх войсках. У 1994 годзе ўваходзіў у перадвыбарчы штаб Кебіча. Менавіта Замяталіну прыпісваюць прыдумку з “абакрадзенай сьцюардэсай” (няшчасная паведаміла, што сама гарласты кандыдат у прэзыдэнты выкраў у яе фэн і фаляімітатар).

Але гэта не перашкодзіла Замяталіну, як каштоўнаму ідэолягу, з 1995 году займаць пасады ў Адміністрацыі прэзыдэнта. У 2000-2001 гадох Замяталін – намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Замяталін праславіўся, як арганізатар рэфэрэндуму 95-ага году – і ненавісьнік усяго беларускага. З 2001 году, калі была ўведзеная “ідэалёгія беларускай дзяржавы”, само існаваньне якой у Замяталіна выклікае зьдзіўленьне, – палкоўнік у адстаўцы.

Але цяпер палкоўнік ачоліў “Беларусьфільм”.

Кіно ёсьць мастацтвам – і індустрыяй (зусім не падобнай на вайсковую барацьбу з ворагамі). Ад нараджэньня беларускае кіно існавала толькі за дзяржаўныя грошы, што на пачатку пераломных 90-ых гадоў прывяло да каляпсу. Выйсьцем з крызісу магло стацца стварэньне прыватнай кінавытворчасьці. Але праз эканамічныя й палітычныя чыньнікі гэныя ініцыятывы былі спыненыя.

Сёньня нерэфармаваны “Беларусьфільм”, які ня здольны прадаць нат тыя карціны, што прынесьлі яму славу – знаходзіцца ў стане комы. І, як падкрэсьлівае Андрэй Кудзіненка, “лепей адключыць штучнае сілкаваньне, каб не працягваць клінічную сьмерць”.

Яшчэ адзін рэжысэр – імя якога не падаю – казаў пра струпянеласьць беларускае кінафабрыкі – і непазьбежную сьмерць састарэлай сыстэмы.

Ідэоляг Замяталін – далакоп для “Беларусьфільму”. І іншай ролі ў яго быць не можа.

Кіно – мастацтва дарагое. Фільмы каштуюць пад мільёны даляраў – і, каб яны акупіліся, пракату па Беларусі заўжды замала. Але хто будзе купляць за мяжой ідэалягічныя падробкі пра шчасьлівае жыцьцё пад доглядам Бацькі? (А толькі на такія праекты й здольны палкоўнік).

Тым болей, хто з замежнікаў – ва ўмовах эканамічнага самадурства й ідэйнага кантролю – пажадае беларускае кіно фінансаваць?

Намякаюць на Расею. Але пра Расею заўжды гавораць на “Беларусьфільме” – і якія вынікі? Расейскія сэрыялы й нішчымныя дрындушкі апошніх гадоў.

Іншы шлях, акрамя сумеснай прадукцыі – нізкабюджэтнае аўтарскае кіно. Але з прыходам Замяталіна гэты падыход тым болей унемагчымлены. Аўтарскае кіно патрабуе павагі да аўтара. А якая павага можа быць ва ўмовах "вайсковага" ціску?

Прыгадваю гісторыю з “Акупацыяй”. Стужка Кудзіненкі здымалася з удзелам маладзёвай “Студыі ХХІ”, што была заснаваная пры “Беларусьфільме”. Сыходзячы з гэтага, чыноўнікі ўсяляк патрабавалі ідэалягічнай праверкі карціны (а пра грошы на стужку дарэмна было заікацца).

Рэжым даўно ня здольны заахвочваць кіно грашыма (што было абавязковым для савецкіх часоў) – але шчэ пнецца ўсё кантраляваць Ня ведаю, якія грошы дадуць на студыю таварышу Замяталіну. У любым выпадку – гэных грошай ледзьве хопіць на замену аварыйных унітазаў, рамонт працеклага даху і ўтрыманьне на студыі тых, хто яшчэ не разьбегся.

Пра нармальную вытворчасьць карцінаў гутаркі весьці нельга.

І, бадай, найважнейшае. Замяталін – кіраўнік-ідэоляг. Але менавіта з “ідэалёгіяй” прадугледжваецца найвялікшы пракол.

Людзі даўно ўжо ня столькі працуюць на студыі, колькі лічацца працоўнымі (дый на якіх карцінах ім працаваць!?). На студыі ляжаць толькі працоўныя кніжкі.

Але большая частка творцаў сышлі ў “шэрае” відэа – здымкі вясельляў, рэклямныя праекты на замову й г.д. Нехта, увогуле, эміграваў. (Так амаль цалкам па-за студыяй нядаўнія выпускнікі-рэжысэры Акадэміі мастацтваў). Найталенавіцейшы малады камэдыёграф Аляксандар Канановіч колькі гадоў працуе ў Расеі.

З прыходам Замяталіна “эміграцыя ў шэрае відэа” можа стацца татальнай і канчатковай. Пры гэтым неабавязкова бунтаваць і звальняцца. Творцы проста па-за межамі студыі будуць рабіць сваё, пазасыстэмнае кіно. На сваім абсталяваньні. Тэхналёгіі лічбавых камэраў – і хатніх кампутараў гэтае дазваляюць. І, натуральна, аніякі ідэалягічны кантроль тут немагчымы.

Амаль суцэльная падпольнасьць беларускага кіно ажывіць яго – і канчаткова ўзламае спарахнелую кінасыстэму.

А Замяталін пакладзе вяночак на магілку “Беларусьфільму”.

Усе кінападзеі

Каментары

Цяпер чытаюць

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы3

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы

Усе навіны →
Усе навіны

Сто гадоў таму святар-беларус трапіў у Польшчу па абмене палітвязнямі. Цяпер беларусы адшукалі яго магілу2

«Ціханоўскі нам вярнуў самае галоўнае пытанне». Пра што кажа Чалы?41

Да 1 лістапада штрафаваць за парушэнне новых правіл маркіроўкі тавараў не будуць1

Малады, але вопытны слуцкі барсетачнік стаміўся жыць дома па законе — паехаў ваяваць за Расію і знік у штурме9

У Расіі заявілі пра намер стварыць свой аналаг колішняга амерыканскага USAID1

Махляр пры дапамозе ШІ выдаў сябе за Марка Рубіа і звязаўся з трыма міністрамі замежных спраў1

У італьянскім аэрапорце мужчыну засмактала ў рухавік самалёта1

«Не хацеў бы памерці на здымачнай пляцоўцы». Майкл Дуглас сыходзіць з кіно1

«Мала што ў інтэрнэце пішуць». Выкладчык, якога абвінавацілі ў дамаганнях, працягне працаваць у ансамблі «Белая Русь»15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы3

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць