Меркаванні6868

Мы ўсе Улад Кавалёў, кожны паасобку

Піша блогер Будзімір.

Нядаўна ўзнікла думка напісаць раман пра чалавека, апантанага ідэяй выпраўлення мінулага, у якім ён бачыць галоўны корань зла дня сённяшняга. Яму падаецца, што цяпер гісторыя ўзяла тайм-аўт, таму на гэта часова можна не зважаць, пусціць на самацёк. І ён горача аддаецца марам аб стварэнні машыны часу, скрупулёзна перабірае розныя сцэнары развіцця падзей у далёкім мінулым, разважаючы, а што было б, калі было б так або вось так.

Урэшце яму быццам удаецца намацаць у мінулым пункт біфуркацыі, паўплываўшы на які правільным чынам, можна атрымаць цалкам іншы, шчаслівы вынік. Ён амаль упэўнены, што ведае, як гэта зрабіць.

І раптам выяўляецца, што гісторыя, на якую ён спрабаваў паўплываць праз мінулае, мяркуючы, што сённяшні дзень замрэ і пачакае, і не думала браць тайм-аўт. Яна імкліва і бескантрольна развівалася. Сёння, ад якога ён адмахваўся як ад назойлівай мухі, выглядала нашмат горш і страшней, чым учора, калі ён задумаўся пра яго выпраўленне. І цяпер яму трэба было б вярнуцца ў сваё ўласнае ўчора, каб адтуль выправіць цяперашняе сёння…

Яшчэ не напісана ні радка, а я ўжо адчуў сябе героем гэтага рамана ў яго фінале.

Даведаўшыся, што на працэсе па справе двух абвінавачаных ва ўчыненні адразу ўсіх гучных тэрактаў у найноўшай гісторыі Беларусі пракурор запатрабаваў расстрэлу для абодвух, я зразумеў, што апошнім часам жыў міма і прагапіў сучаснасць.

Прысуд вынесуць 30 лістапада, у дзень майго нараджэння. Калі ён супадзе з патрабаваннем пракурора, у гэты дзень мне будзе зусім не радасна, а сорамна і балюча. Бо 

гэта стане прысудам не толькі Канавалаву і Кавалёву, не толькі беларускай уладзе, але і беларускаму грамадству
, часткай якога я з’яўляюся.

Два з паловай месяцы — роўна столькі доўжыўся суд над абвінавачанымі ва ўчыненні чатырох выбухаў цягам шасці гадоў.

Надзвычай кароткі тэрмін для такіх справаў. Недапушчальная і невытлумачальная спешка ў сітуацыі, калі на коне стаіць жыццё як саміх абвінавачаных, так і жыццё грамадзян рэспублікі: калі будуць асуджаныя «не тыя», няма ніякай гарантыі, што тэракты не паўторацца ў найбліжэйшай будучыні; нельга прыняць меры для прадухілення такіх злачынстваў, калі не разабрацца ў матывах і перадумовах іх здзяйснення.

Пры гэтым так званы працэс над так званымі тэрарыстамі проста кішыць неадпаведнасцямі і жудасцямі. І ўжо дакладна не дае адказу на пытанне, навошта Дзмітрый Канавалаў, малахольны, трывіяльны і да ўсяго абыякавы беларускі токар з правінцыі, у адзіночку тэрарызаваў найстабільнейшую, найсправядлівешую, найнароднейшую краіну. На судзе ён не прамовіў ні слова.

Як гэтая вяленая вобла, гэты маркотны задохлік умудрыўся ў 2008 годзе працягнуць дзве выбуховых прылады на мерапрыемства з удзелам прэзідэнта і падарваць адну з іх за якіх-небудзь сто метраў ад яго — таксама незразумела.

«У адзіночку», бо другі фігурант справы, Уладзіслаў Кавалёў, абвінавачваецца ў неданясенні пра рыхтаванае злачынстве. Менавіта за гэта (выбух нейкай петарды ў падлеткавым узросце, злачынства са скончаным тэрмінам даўніны — не лічыцца) яму цяпер і пагражае смяротнае пакаранне.

Яшчэ раз удумайцеся:

хлопцу свеціць вышка за неданясенне.

У таталітарным СССР, калі ён прыбраў кіпцюры і стачыў іклы, за гэтае злачынства прадугледжвалася пакаранне ў выглядзе, увага, «пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў або папраўчых работ на тэрмін ад шасці месяцаў да аднаго года».

Максімум, што пагражала таму, хто не данёс, за Сталіным — ад пяці да дзесяці гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Вы разумееце, што рыхтуецца на нашых вачах і пры нашай абыякавасці?

Гэта нават да славутага «папулізму» не мае дачынення —

большасць беларусаў не верыць у вінаватасць Канавалава і Кавалёва. У яе не вераць пацярпелыя.

Улада Кавалёва збіраюцца расстраляць з дзвюх прычынаў: а) таму што Дзмітрый Канавалаў у адзіночку выглядае нікчэмна і непераканаўча, г.зн. для стварэння ілюзіі злачыннай групы; б) каб прадэманстраваць грамадству на гэтым прыкладзе сілу царову, яе бязлітаснасць і жорсткасць з аднаго боку і абсалютную бездапаможнасць любога грамадзяніна перад ёй — з іншага.

Такім чынам, дзяржава збіраецца пакараць смерцю Улада Кавалёва для надання значнасці сваёй перамозе над тэрарызмам і ў карна-педагагічных мэтах. Нармальныя дыктатуры так і павінныя сябе паводзіць, гэта для іх натуральна, «ноблес обліж». Задумаў наш цар свет здзівіць, вы паглядзіце.

Дзіўнымі і ненатуральнымі ў гэтай сітуацыі мне ўяўляюцца паводзіны протадэмакратычнага грамадства, гэта значыць, той часткі беларусаў, якая выступае за дэмакратычныя змены. У чым я сябе ад іх не аддзяляю.

Нашая скупая і млявая рэакцыя на тое, што адбываецца, — гэта ганьба і прыніжэнне. Калі вы гэтага не разумееце, уявіце, што на месцы няшчаснага Кавалёва знаходзіцца ваш сваяк ці таварыш. На яго месцы не так складана апынуцца.

Як вам спадабаецца ў такім выпадку тая ступень салідарнасці, якую вы з ім праявілі?

Дэмакратыя — гэта перш за ўсё грамадзянская салідарнасць у адстойванні сваіх правоў і свабодаў, заступніцтва за кожнага суграмадзяніна, якога пераехаў дзяржаўны камбайн. Проста з разумення, што калі сёння пераехалі яго, а ты змаўчаў, заўтра, калі пераедуць цябе, дакладна гэтак жа не знойдзецца каму за цябе заступіцца.

Калі няма каму заступіцца за Улада Кавалёва, акрамя яго маці, значыць, няма каму заступіцца за нас з вамі.
Мы ўсе адзінокія перад тварам дзяржавы, як адзінокі цяпер ён. І таму дэмакратыі тут проста няма з чаго паўстаць.

Не можа яна паўстаць у бінарнай структуры, якая складаецца з дыктатара і натоўпу. Нават калі гэты натоўп аднойчы пяройдзе з разгубленага, запалоханага або абыякавага стану, у якім ён цяпер знаходзіцца, у стан звар’яцелай і сляпой стыхіі, якая ўсё змятае, ён створыць сабе новае цуда-юда і паставіць яго на царства.

Я не рызыкну браць на сябе адказнасць, заклікаючы вас да пратэсту ў цяперашніх умовах, ды і не веру, шчыра кажучы, што на яго хто-небудзь адгукнецца. Таму дарма скаланаць паветра не буду.

Але ў пісьмовай форме вы можаце свабодна выказацца, гэтага ў нас пакуль не адабралі. Мы наогул для чаго тут, у хіханькі ды хаханькі гуляць?

Беларуская ўлада не мае іншых каналаў зваротнай сувязі з грамадствам, акрамя інтэрнэту. Таму часам, як я заўважаў, і віртуальны шум прымае за рэальны гул. Шуміце гучней, вас слухаюць.

Каментары68

Цяпер чытаюць

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою15

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою

Усе навіны →
Усе навіны

Іранскі рэжым можа быць зрынуты ўжо ў наступны аўторак — эксперт8

Таемныя падключэнні праз мяжу і VPN: як іранцы падтрымліваюць сувязь са сваякамі за мяжой1

Расія атрымлівае 150 млн даляраў дадатковага даходу ў дзень ад росту цэн на нафту4

Лукашэнку сёння падарылі карову6

Завод «Атлант» рыхтуе рэбрэндынг? Вытворца бытавой тэхнікі рэгіструе новыя таварныя знакі2

Што будзе ў фінансавым цэнтры ў «Мінск-Свеце»7

У Расіі сем чалавек загінулі, атруціўшыся чадным газам

Знакамітая беларуская гімнастка адкрыла ў Мінску студыю для трэніровак1

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою15

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць