Меркаванні44

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Піша Павел Севярынец.

…корань зла знойдзены ўва мне.

Ёў 19:28

Расійскае сеціва, даступнае з майго польскага мабільніка, ніяк не можа разблытацца з беларускай назвай, у каторай не прастаўляюцца кропкі над «і»: «Ласасін».

«Магчыма, вы шукалі «асасін» — упарта паўтарае гугл па-расейску. Асасіны — банда наёмных забойцаў, адурманеных, здзічэлых, што здзяйсняюць жорсткую разню. Тысячы гадоў татарскія ды царскія. Крыжацкія ды казацкія, гестапаўскія ды бальшавіцкія асасіны наталялі гэтую зямлю беларускай крывёю. А Ласасін — маёнтак у Пружанскім раёне, дзе ў пачатку XVI ст нарадзілася маці Івана Жахлівага, і дзе ўлетку 1863 палеглі ў бакі сорак паўстанцаў Каліноўскага.

Пяць гадоў таму, на Полаччыне, мне давялося жыць ля развалінаў крэпасці Івана Жахлівага часоў Інфлянцкай вайны — і вось, пагружаюся яшчэ на паўсотні гадоў глыбей, спрабую разабрацца, дзе яно, беларускае дно, і на Пружаншчыне дакопваюся да Ласасіна, адкуль матуля таго самага Івана Васільевіча, Алена Глінская. Дачка вялікалітоўскага баярына з татарскага роду (чый продак на Ворскле ўратаваў Вітаўта), Васіля Глінскага, ды сербкі Ганны Яншыч.

Рыжавалосая «басурманка», як яе называлі, увяла ў Масковіі адзіную капейку (0,68 г срэбра, і вершнік з дзідаў — кап’ём), вынасіла і выхавала найстрашнейшага расейскага цара — і ўрэшце згарэла, атручаная ртуццю. Ці не адсюль, з бездані беларускіх балотаў, звярыная, крывавая, шалёная лютасць маскоўскага цара?

Жахлівае, народжанае Аленай Глінскай, вярталася ў Ласасін кожнае стагоддзе, з кожным новым прылівам гвалту з усходу, і здавалася, што за 300 гадоў край затапіла цалкам. Паміраючы, радзіма Алены здрыгалася адчайнымі закалотамі.

13 лютага 1863 паўстанцы Каліноўскага, узброеныя паляўнічымі стрэльбамі і косамі, без бою занялі Пружаны.
Месцічы віталі вызвольнікаў, акупанты паўцякалі. Але ўжо праз некалькі тыдняў, з прыбыццём карных войскаў, пачалося дзікае паляванне.

4 чэрвеня 1863 паўстанцкі атрад пружанскага шляхціца Фелікса Влодка (Шчаснага), у афіцыйных расійскіх дакументах названы «шайкай», уступіў у бой з царскімі войскамі на ўзлеску пушчы, ля Ласасіна. 40 каліноўцаў палеглі, Валер Урублеўскі з рэштай атраду здолеў вырвацца.

Над вялікай брацкай магілай вырас крыж. У 1933, за палякамі, тут усталявалі гранітны помнік. За саветамі — разбурылі. У 1989, у час беларускага адраджэння, з дапамогаю Пружанскага ПМК і Радыёзавода (якія, дарэчы, прыязджаюць па запчасткі на склад у Купліне) — аднавілі.

І вось у снежні 1991, праз паўтысячы гадоў пасля нараджэння Алены Глінскай, праз 428 гадоў пасля таго, як яе сын захапіў і зрабаваў Полацк, праз 128 гадоў пасля Каліноўскага тут жа, у Белавескай пушчы, дзе была галоўная стаўка паўстанцаў — імперыя, губляючы знакі ўлады, ад вайсковых базаў да тых самых маскоўскіх капеек, рассыпалася ў пыл.

Здавалася б, тутэйшая зямля так набрыняла гніллю тыраніяў і крывёю нявінных ахвяраў ды змагароў, што, апроч праведнікаў і волатаў духу, нікога іншага не тое што нараджаць — насіць ужо не зможа.

Але з чыёй крыві растуць карані тых беларускіх вайскоўцаў з бліжэйшага палігону, якія ўжо ў незалежным 1998 расстрэльвалі помнік паўстанцам (дзеля пацехі ці са злосці) з верталёта?

Чыя кроў карэніцца ў тых, хто абыякава трывае ў гэтых запаветных мясцінах вуліцы, названыя імёнамі забойцаў іхніх дзядоў. Помнікі катам, уладу праваслаўнага атэізму?

Чыя, скажыце, кроў напаўняе сэрца навучэнца Пружанскага сельгастэхніку, калісь участковага інспектара Пружанскага РАУС, а цяпер намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыкакама, палкоўніка Ігара Яўсеева?..

Глыбіні беларускай забыўлівасці, беларускага страху, беларускага грэху — гэткія ж невымерныя, як і бездань беларускага генія. Тыя, хто разбураў старажытнае Берасце, будуючы з цэглы храмаў крывавую крэпасць, і тыя, хто паляваў на каліноўцаў на Пружаншчыне, і тыя, хто асушаў беларускія балоты пад бункеры ды палігоны, намагаліся вырваць адусюль беларуса ўсяго.

Але як жа перапляліся ў кожным з нас крывыя карані зла са скрываўленым карэннем свабоды — як счапіліся, сцяліся, як рвуць, разрываюць кожнага тутэйшага!..

8 кастрычніка 2000 ксёндз Януш і бацюшка Уладзімір асвяцілі адноўлены пружанцамі і фундаваны Інай Кулей помнік паўстанцам — каменны, з «Пагоняй». Але дагэтуль назву Ласасін — тут ведаюць адзінкі.

А з беларускіх нетраў, з балотаў, сатлелых касцей і пераблытаных каранёў ціха растуць крыжы. Незнішчальныя крыжы — і на іх, аддаючы Сваю кроў за нашу абыякавасць, здраду і слабасць, расхінае прабітыя рукі і ўсё спрабуе абняць гэтую няшчасную краіну Бог.

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Глядзі яшчэ: Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Каментары4

Цяпер чытаюць

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?6

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Усе навіны →
Усе навіны

Дзве трагедыі ў адной сям'і. Родная бабуля і суседзі пра зніклую ў М'янме Веру Краўцову і няшчасце, што здарылася чатыры гады таму8

Мядзведзеў пра Трампа: Гаваркі міратворац цяпер паўнавартасна стаў на сцежку вайны з Расіяй18

У Мінску склалі рэйтынг самых дарагіх і танных вуліц. Розніца ў цане значная4

ЕС збіраецца забараніць этанол у антысептыках для рук3

Гарыць пасля ўдару Разанскі нафтаперапрацоўчы завод — адзін з найбуйнейшых у Расіі4

За 12 гадоў колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла ў чатыры разы, у Расіі скарацілася ўтрая5

Кіроўца хуткай з Дзяржынска паскардзіўся на нізкі заробак. У «Мінаблсантрансе» параілі больш працаваць ноччу8

Рабочага з Мікашэвічаў асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і назвалі «тэрарыстам»1

Трамп заявіў, што трэба паўгода, каб навучыцца выкарыстоўваць ракеты «Тамагаўк», але ЗША не будуць вучыць гэтаму іншых13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?6

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць