Меркаванні1919

Беларуская глыбіня

Наколькі расійская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая. Піша палітвязень Павал Севярынец.

Ён адкрывае глыбокае і стоенае, ведае, што ў змроку, і святло жыве з Ім.
Даніла 2:22

У турме адзін мудры чалавек сказаў мне: «Не пытай сябе ў няволі — «За што?». Спытай — «Дзеля чаго?».

Дзеля чаго Госпад дае табе крыж часу і прасторы, новы пачатак каардынатаў у жыцці, новых людзей, новыя вобразы і падабенствы Свае? Чым ачысцяць, адновяць і напоўняць яны тваё сэрца?

У параўнанні з Малым Сітнам у Купліне святлей.
Больш сонца: як-ніяк, паўтысячы кіламетраў на поўдзень.
Раённыя Пружаны чысценькія, вымеценыя, у кветачкі.
Святлейшы лес — не елка ды хвоя, а ясень, бяроза, таполя, дуб, клён. Святлейшыя вочы —
тут усё-такі Заходняя Беларусь, няма сіценскага адчаю.
Святлей ад жывое веры і мовы. Светла ў царкве — ад белых галоваў мужыкоў і дзяцей.

І глыбіня.

«Шырокая руская душа, — сказаў праз Івана Карамазава найглыбейшы расейскі пісьменнік і беларус Дастаеўскі, чыё родавае гняздо Дастоева ў гадзіне язды ад Купліна, — я б звузіў».

Дык вось, наколькі расейская душа шырокая, настолькі беларуская глыбокая — як беларуская пакута, беларускае цярпенне, беларускае балота.
Беларусы, у адрозненне ад расейцаў, украінцаў, палякаў, — інтраверты, заглыбленыя ў сябе. Таму беларуская глыбінка — гэта не правінцыя. Багна? Бездань? Глыбіня.

Тут — патаемная глыбіня: пад Белавежскай Пушчай у савецкія часы размяшчаліся стратэгічныя аэрадромы, нацэленыя на Еўропу. У самай такой беларускай глыбіні без адзінага стрэлу зруйнавалі найвялікшую імперыю зла: Віскулі таксама ў Пружанскім раёне.

Увогуле, гэта берасцейскае наваколле паміж Палессем і Літвой, паміж Белавежай і Выганашчанскімі балотамі — Пружаны, Бяроза, Івацэвічы, Кобрын — глыбокае. Глыбокае, як магутнасць роду Сапегаў, чый замак у Ружанах уражвае падзем’ямі ў некалькі паверхаў, прызначанымі для вялікалітоўскіх скарбаў; як унікальны тэнар Міхася Забэйды-Суміцкага, ураджэнца тутэйшых Шэйпічаў; як тысячы народных мелодыяў са збору пружанца Рыгора Шырмы; як балады Андрэя Макарэвіча з «Машыны часу», чые дзяды з ваколіцаў Малеча; як 600 тамоў прозы Юзафа Крашэўскага, чый род калісьці валодаў Старым Куплінам; як хрыплы крык, вырваны з самага сэрца Уладзіміра Высоцкага, чые продкі — з Сяльца Бярозаўскага раёна; як верлібры Алеся Разанава (з таго ж Сяльца); як бас Анатоля Папанава, вязня з «Халоднага лета 53-га» і «ваўка» з мультфільма «Ну, пачакай!», чыя матуля перадала сыну непаўторна ёмісты тутэйшы выгавар; як пераклады Васіля Сёмухі з блізкага хутара Ясенец, асабліва калі чытаеш Слова Божае ў Сёмухавым перакладзе; як вера ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (мястэчка Поразава адсюль рукой падаць), аднаго з заснавальнікаў БНР і БХД, таго самага ксяндза, што распачаў імшу па-беларуску і быў расстраляны ў Трасцянцы гестапаўцамі ў ноч на Раство 1942 г.; як веданне Бібліі беларускімі баптыстамі, чыёй сталіцай ёсць Кобрын; як удых волі Тадэвуша Касцюшкі з Мерачоўшчыны, за паўсотні кіламетраў адсюль; як мясцовыя тарфяныя балоты, у адным з якіх, Гатча-Восаўскім, знайшлі адзінае ў Беларусі прамысловае радовішча бурштыну; як пружанскі антыалкагольны рух сялянаў 1846—1848 гг., што перакінуўся на суседнія губерні; як здрада Азефа, ураджэнца вёскі Лыскава, кіраўніка баявой арганізацыі эсэраў, які арганізоўваў забойствы вышэйшых чыноў імперыі і адначасова «здаваў» паплечнікаў; і, урэшце, як бездань па-дзення курса беларускага рубля пасля сыходу пружанскага вылучэнца, Пятра Пятровіча Пракаповіча...

І вось Госпад дае акунуцца ў гэтую глыбіню — акунуцца разам з сотнямі насельнікаў куплінскай «хіміі», наведнікамі і міліцыянтамі.
Глядзіш у вочы юным беларусам, у бяздонныя вочы пакалення незалежнасці, бачыш будучыню, што пакутуе, п’е да анабіёзу, перакідаецца мацюкамі і мроіць пра шчасце — і аж правальваешся, колькі тут глыбока роднага і глыбока чужога!

Дзеля чаго — ёсць час падумаць. Час адкрыць новыя цуды ў звыклым, забытым і занядбаным.
І зразумець, што сённяшнім нашым беларускім скрыжаваннем часу і прасторы валодае не Лукашэнка і не Расійская імперыя, а Сам Госпад Бог.

* * *

Павел Севярынец, палітык, пісьменнік. Сузаснавальнік Маладога Фронту, пасля Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Асуджаны на тры гады «хіміі» па справе так званых «масавых беспарадкаў» — так лукашэнкаўцы называюць пратэсты з патрабаваннем дэмакратыі і справядлівасці, што адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня. Адбывае пакаранне ў Купліне Пружанскага раёна.

Каментары19

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Усе навіны →
Усе навіны

«Петэн Нацыянальнага Адраджэння». Баркоўскі адказаў Пазняку ад імя «псеўдаапазіцыі»102

Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»1

Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву22

З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне1

«Мы зноў сутыкаемся з маніпуляцыямі». Украінцы адказалі на расійскія абвінавачванні ў зацягванні абмену целамі і палоннымі

Беларуская блогерка крыкам і лаянкай рэкламуе брэнды — затое збірае мільёны праглядаў10

Расіяне вязуць у Беларусь тысячы целаў забітых вайскоўцаў для абмену3

На полі пад Барысавам заўважылі пад сотню буслоў ВІДЭА3

Астравецкі раён абышоў Мінск па заробках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць