Улада99

Спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь

Лукашэнкаўцы называюць скандалам, што іх перасталі пускаць у ЕС. Пры гэтым сама Беларусь мае даўжэзны «чорны спіс» замежнікаў не першы год.

Год таму на санкцыі ЕС і ЗША Беларусь адказала Спісам асобаў, якім уезд у Беларусь забаронены альбо непажаданы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яго ўвайшлі больш за 150 прадстаўнікоў ЕС і ЗША. З другога боку,

у рэальнасці ў Беларусі шмат каго з замежных палітыкаў і праваабаронцаў не пускалі даўно: ад Нямцова да Анышкевіча.

У адрозненне ад еўрапейцаў, якія дзейнічаюць адкрыта, беларусы свайго спісу не агалошваюць. Асобы даведваюцца пра яго пасля падачы папер на візу або ўвогуле ў мінскім аэрапорце. Прамільгнула інфармацыя, што ў малой Беларусі спіс персонаў нон грата даўжэйшы, чым у вялікай Расіі.

Хто трапіў у спіс, даведацца немагчыма. Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка паведаміў, што яго ведамства не выдае такую інфармацыю на запыты. І параіў звяртацца ў Міністэрства замежных справаў.

Намесніца ж начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына заявіла, што не ведае пра існаванне такога спісу.

«Наша Ніва» сабрала пералік асобаў, якім адмаўлялі ў выдачы беларускай візы. Іншым візу выдавалі, але на мяжы яе анулявалі. Кагосьці высылалі з Беларусі пасля прыезду.

Вось няпоўны спіс людзей, якім за апошні час адмаўлялі ва ўездзе ў Беларусь.

Маркус Лёнінг, упаўнаважаны ўрада ФРГ па правах чалавека — адмоўлена ва ўездзе, люты 2012;

Андрэй Юраў, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — забаранілі ўезд у краіну, 2011;

Сухайр Белхасэн, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека — адмовілі ў выдачы візы, спаслаўшыся на непажаданаю прысутнасць у Беларусі, кастрычнік 2011;

Шырын Эбадзі, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Астрыд Зам, кіраўніца Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёганэса Рау — ў Нацыянальным аэрапорце Мінск ёй патлумачылі, што яна неўязная, хоць і мае візу, сакавік 2012;

Яўген Вапа, лідар польскіх беларусаў, галоўны рэдактар газеты беларусаў у Польшчы «Ніва» — анулявалі візу і паставілі пячатку ў пашпарт з забаронай на ўезд;

Хведар Нюнька, лідар беларусаў Літвы — адмоўлена ў атрыманні візы, чэрвень 2011;

Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы — знялі з цягніка на мяжы, жнівень 2011;

Ута Цапф, дакладчыца Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі — адмоўлена ў атрыманні візы, май 2011;

Адрыян Севярын, спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Камісіі ААН па правах чалавека — адмоўлена ў атрыманні візы, 2005;

Артурас Зуокас, мэр Вільні (Літва) — адмоўлена ў атрыманні візы, снежань 2011;

Сяргей Шупа, журналіст Беларускай службы Радыё «Свабода» (Прага) — адмовілі ў выдачы беларускай візы, сакавік 2012;

Юрый Джыбладзэ, сябра Рады пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці — на літоўска-беларускай мяжы беларускія памежнікі паведамілі, што яму забаронены ўезд у краіну, 2011;

Шведскія прафсаюзнікі — анулявалі візы, верасень 2011;

Януш Анышкевіч, віцэ-старшыня Еўрапарламента — не прапусцілі на беларускай мяжы, 2007;

Шэсць чальцоў камісіі польскага Сойма па сувязях з палякамі за мяжой — адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь, люты 2012;

Ларс-Ове Янгсан, кіраўнік рэгіянальнай структуры Сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыі Швецыі — адмоўлена ў выдачы візы, студзень 2012;

Карл Мортан Іверсан, Уільям Нюгард, Трыгве Ослюнд, прадстаўнікі нарвежскага ПЭН-Цэнтра і Нільс-Івар Ларсэн, прадстаўнік дацкага ПЭН-Цэнтра — не атрымалі візы ў аэрапорце «Мінск-2», снежань 2011;

Канстанцін Рауцкі, сябра ўкраінскага праваабарончага цэнтра «Поступ» — забаранілі ўезд у краіну, снежань 2011;

Мары Мэнсан, шведская прадстаўніца арганізацыі Сivil Right Defenders — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Ане Бондэ і Дайва Петкявічуце, нарвежскія прадстаўніцы фонду «Дом правоў чалавека» — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Марыяна Роча, бельгійская прадстаўніца Partnership for Human Rights — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Берыт Ліндэман, прадстаўніца Нарвежскага Хельскінскага камітэта — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Антуан Бернар, галоўны выканаўчы дырэктар Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Уладзімір Сянько, украінскі прадстаўнік Міжнароднай назіральнай камісіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — адмоўлена ва ўездзе як асобе, чыя прысутнасць непажаданая на тэрыторыі Беларусі, верасень 2011;

Нік Стэрдзі і Люсі Эш, журналісты Бі-бі-сі — у чэрвені 2011 ім патэлефанавалі з беларускага пасольства і паведамілі, што іх візы ануляваныя;

Сябры Еўрапейскай народнай партыі — адмовілі ў выдачы віз, май 2011;

Аляксандр Мамай, дарадца мэра Палтавы (Украіна) — адмоўлена ва ўездзе, май 2011;

Юрый Ісаеў, дэпутат Палтаўскага гарадскога савета — адмоўлена ва ўездзе, май 2011;

Іван Кандраценка, расійскі праваабаронца — дэпартаваны з Беларусі, красавік 2011;

Марына Цапок, украінская праваабаронца — беларускія памежнікі знялі з цягніка, красавік 2011;

Максім Кіцук, украінскі праваабаронца — супрацоўнікі Гомельскага памежнага атрада паведамілі, што яго прозвішча значыцца ў базе дадзеных з пазнакай «Уезд забаронены», сакавік 2011;

Любоў Захарава, Кацярына Карасцялёва і Ірына Пайкачава, грамадзянкі Расіі — загадалі пакінуць Беларусь цягам сутак у сувязі з унясеннем у спіс асобаў, чыя прысутнасць у краіне не пажаданая, май 2011;

Аляксандр Мнацаканян, расійскі праваабаронца — дэпартаваны з Беларусі, на 2 гады забаронены ўезд у краіну, май 2011;

Вікторыя Громава, расійская праваабаронца — дэпартаваная з Беларусі, на 2 гады забаронены ўезд у краіну, май 2011;

Іна Сангажыева, грамадзянка Расіі — адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь у сувязі са знаходжаннем прозвішча ў спісах неўязных, 2011;

Вольга Шамшур, грамадзянка Украіны — адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь у сувязі са знаходжаннем прозвішча ў спісах неўязных, 2011;

Рэйчэл Дэнбер, прадстаўніца Human Rights Watch — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Галіна Руднік, найстарэйшая супрацоўніца радыё «Свабода», якая жыве ў Германіі — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Крысціян Хольм, дэпутат шведскага парламента — адмоўлена ў атрыманні візы, сакавік 2011;

Лонгін Камалоўскі, старшыня польскага аб’яднання «Wspólnota Polska» — не пусцілі праз мяжу, жнівень 2011;

Радзівон Марыніч, карэспандэнт расійскага тэлеканала «Дождь» — загадалі пакінуць Беларусь, май 2011;

Ігар Кармазін, журналіст газеты «Московскоий комсомолец» — дэпартавалі з краіны, кастрычнік 2011;

Магдалена Каліноўская, супрацоўніца фонду «Institutum Orientalium» — дэпартаваная, 2011;

Кінга Ксёнжак, супрацоўніца фонду «Institutum Orientalium» — дэпартаваная, 2011;

Юліяна Грынец, Андрэас Шэлхас, Яніна Ролік, Гвіда Хансен, Ян Хендрык Кроп, Катрын Хайнрых, Дората Кабашэўская, грамадзяне Польшчы і Германіі — дэпартаваныя за ўдзел у антыядзерным пікеце, красавік 2011;

Міхаіл Камянеў, намеснік кіраўніка Усеўкраінскай моладзевай арганізацыі «Фундацыя рэгіянальных ініцыятываў» — на мяжы высадзілі з цягніка, красавік 2011;

Рута Ланкінінкайце і Ёнас Грышконіс, літоўскія журналісты — на мяжы анулявалі візы, жнівень 2011;

Жыльвінас Абаравічус, начальнік аддзела міжнародных адносінаў мэрыі Вільні — адмоўлена ў атрыманні візы, снежань 2011;

Хрыстас Пургурыдэс, дэпутат кіпрскага парламента, першы намеснік старшыні Камітэта ПАРЕ па юрыдычных справах і правах чалавека — у 2009 годзе падчас сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЕ кіраўнік місіі Беларусі пры Радзе Еўропы Андрэй Бушыла заявіў, што палітык не зможа атрымаць беларускую візу;

Агнешка Рамашэўская, дырэктар польскага тэлеканала «Беласт» — адмоўлена ў атрыманні візы, 2009;

Марта Шыманьска, студэнтка кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта — анулявалі шматразовую візу і паставілі пячатку «ва ўездзе забаронена», 2009;

Роберт Хорт, генеральны сакратар Шведскага Хельскінскага камітэта — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Ёанна Курач, супрацоўніца Шведскага Хельскінскага камітэта — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Марцін Угла, грамадзянін Швецыі, супрацоўнічаў з беларускімі праваабаронцамі — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Лукаш Бырскі, прадстаўнік нідэрландскага пасольства ў Варшаве — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Дэвід Гамільтан, прадстаўнік Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута ў Кіеве — унесены ў спіс неўязных, 2009;

Эстар Магабі, аўстралійская акторка і Стэфані Пан, амерыканская акторка — не ўпусцілі ў Беларусь у аэрапорце «Мінск-2», прыляцелі па запрашэнні «Свабоднага тэатра», 2008;

Карнэлія Рабіц, кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё «Нямецкая хваля» — адмоўлена ў атрыманні візы, 2008;

Крысціна Оюланд, віцэ-спікер парламента Эстоніі — адмоўлена ў атрыманні візы, 2008;

Кшыштаф Путра, віцэ-маршалак польскага сената — без тлумачэння прычыны развярнулі на мяжы, 2007;

Роберт Тышкевіч, дэпутат польскага сойма — без тлумачэння прычыны развярнулі на мяжы, 2007;

Гіга Бакерыя, дэпутат парламента Грузіі, назіральнік СНД на выбарах прэзідэнта Беларусі — адмоўлена ва ўездзе, 2006;

Мірак Тода, славацкі журналіст — адмоўлена ў атрыманні візы, 2006;

Наталля Аляксеева, супрацоўніца Міжнароднага цэнтра імя Улафа Пальмэ (Швецыя) — не дазволілі ўезд, 2007;

Аляксандр Падрабінек, расійскі журналіст, аглядальнік «Новой газеты» — дэпартавалі;

Мікалай Збарашэнка, актывіст расійскай «Абароны» — дэпартавалі.

Каментары9

Цяпер чытаюць

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Усе навіны →
Усе навіны

Іран абвясціў аб адкрыцці Армузскага праліва7

На Берасцейшчыне і Гродзеншчыне затрымалі кіраўнікоў буйных аграрных прадпрыемстваў3

У Гомелі на прыпынку каля вадаёма мясцовы жыхар пакінуў пасланне рыбакам. Што там?2

Шэсць чалавек зарабілі велізарныя грошы на стаўках на амерыканскую атаку па Іране. Падазраюць, што яны ведалі пра яе8

Бельгія захапіла танкер расійскага ценявога флоту4

Хлопец напісаў на дзяўчыну з Баранавічаў данос за тое, што яна не пагадзілася з ім сустракацца19

У Іране расказалі, хто цяпер будзе кіраваць краінай6

Кітай захапіўся ідэяй кіраваць дажджом — наколькі гэта эфектыўна?

На палац Хаменеі скінулі 30 бомбаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць