Вакол гэтай дарогі жыве больш за ўсё мінчукоў.
Месяц таму «Наша Ніва» напісала пра галоўныя будоўлі на «прэзідэнцкай трасе», мінскім праспекце Пераможцаў. Цяпер падыходзіць чарга наступнай магістралі — той, якая вядзе з цэнтра горада ў бок Гродна і Вільні.
Колішні Ракаўскі тракт — галоўная дарога паўмільённага Фрунзенскага раёна сталіцы. У ім жывуць больш беларусаў, чым у любым з абласных цэнтраў краіны!Гэта робіць раён вельмі перспектыўным для арганізацый гандлю і сэрвісу. Такім чынам, што зможа ўбачыць госць сталіцы, калі праз некалькі гадоў апынецца на вуліцах Кальварыйскай і Прытыцкага?
1. Хмарачос «Ветразь»
У «першы хмарачос Беларусі» ўкладзена ўжо столькі грошай, што спыніцца будоўля не можа. Але тэмпы не радуюць — вось ужо год кампанія «Ітэрабелбуд», філіял расійскай нафтавай «Ітэры», не можа дарабіць апошнія тры паверхі 130-метровага будынка. Продажы ідуць не надта паспяхова, таму некалькі паверхаў хмарачоса могуць аддаць пад гатэльныя нумары.
2. Grand Fashion Mall
Паміж «Ветразем» і гіпермаркетам «Карона» патроху будуецца гандлёва-забаўляльны квартал з крамамі, офісамі і рэстаранамі. Хуткасці будаўніцтва перашкаджае абутковая фабрыка « Прамень», якая ніяк не можа пераехаць за межы Мінска. Квартал мусіць быць дароблены да 2015 года.
Будаўніцтва вядзецца кампаніяй «Аўтабізнэс», якая ўваходзіць у склад холдынга «АБУ Груп» на чале з бізнэсоўцам Дзмітрыем Розумам. Ён валодае гандлёвым цэнтрам «Падземны горад», займаецца імпартам аўтамабіляў «Сітраен» і выпускае некалькі аўтамабільных часопісаў.
3. Жылы комплекс «Каскад»
Каля чыгуначных шляхоў вядзецца будаўніцтва квартала «Каскад» — галоўнага праекта кампаніі «Юнівест-М» на чале з Анатолем Тарнаўскім. Нагадаем, супраць гэтай кампаніі, у якой працуе нявестка кіраўніка дзяржавы Ганна Лукашэнка, увёў санкцыі Еўрасаюз.
16 гектараў, на якіх будзе 125 тысяч кв.м жылля і больш за 100 тысяч квадратаў камерцыйнай нерухомасці — такі размах набрала нафтавая кампанія. Аднак назваць раён прэстыжным складана. Апроч шуму ад чыгункі і развязкі, якая будзе дабудаваная праз некалькі гадоў, няварта забывацца і пра аўру — частка комплексу будуецца на месцы былой турмы.
4. Гатэль і офісны цэнтр
Насупраць Кальварыйскіх могілак пачалося будаўніцтва дзевяціпавярховага гатэля на 130 нумароў і офіснага цэнтра. Забудоўшчык — беларуска- польскае прадпрыемства «Стромінвест-М», якое некалькі гадоў таму стварыла па суседстве комплекс з чатырох жылых дамоў. Спачатку меркавалася будаваць толькі офісны цэнтр, але Мінгарвыканкам настаяў яшчэ і на трохзоркавым гатэлі. Новы будынак будзе пафарбаваны ў светла-аранжавы колер. Працы скончацца да 2014 года.
5. «Гулівер»
«Гулівер» — прыклад яшчэ аднаго класічнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра з рэстаранамі, буцікамі, начным клубам, цэнтральным гіпермаркетам і нават шасціпавярховым паркінгам. Комплекс будзе належыць кампаніі «Арэса-Сэрвіс», аднаму з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Мінска на чале з бізнэсоўцам Сяргеем Карэнькам. Працы, якія яшчэ фактычна не пачыналіся, маюць скончыцца да 2015 года.
6. «Цівалі»
Такі комплекс пачало будаваць ААТ «Фестывальны цэнтр». Фінансаванне офіснага цэнтра і трохзоркавага гатэля на 146 нумароў мусіла ажыццяўляцца долевым спосабам, аднак памяшканні попытам не карысталіся. Сем паверхаў ужо пабудаваныя. Працы мусяць скончыцца ў 2013 годзе.
7. Гіпермаркет «Скала»
У планах літоўскай інвестыцыйнай кампаніі «Рапа» будаўніцтва гіпермаркетаў у Віцебску Салігорску і ў Мінску, на вуліцы Пятра Глебкі. Трохпавярховы комплекс будзе каштаваць каля 40 мільёнаў еўра. Мяркуецца, што яго здадуць у эксплуатацыю ў студзені 2013 года.
8. Супермаркет «Алмі»
На месцы аўтастаянкі паміж дамамі №91 і №97 з’явіцца супермаркет сеткі «Алмі» мільянера Аляксандра Зарыбкі. Ён зрабіў свой бізнэс у Расіі, хоць і нарадзіўся ў Пінску Тут будзе крама, фітнэсцэнтр, спа-салон, боўлінг, а таксама дзве кавярні. Каб кампенсаваць стаянку, інвестары пабудуюць гасцявую паркоўку на 310 месцаў а таксама паркінг на 500 месцаў.
9. Гіпермаркет і гатэль Юрыя Чыжа
Гандлёва-забаўляльны комплекс каля станцыі метро «Каменная Горка» будуе кампанія мільянера Юрыя Чыжа, які стала прапісаўся ў спісе санкцый Еўрасаюза. Аднак канкрэтна «Магнус-групы» ў чорным спісе няма, што дазваляе ёй шчыльна супрацоўнічаць з літоўцамі. Праект разлічаны ажно да 2018 года, але спачатку будзе пабудаваны 22-павярховы офісна-гатэльны цэнтр.
10. Стадыён СКВІЧ
Не на вуліцы Прытыцкага, але за кіламетр ад яе, у раёне Каменная Горка з’явіцца гіганцкі комплекс футбольнага клуба СКВІЧ бізнэсмэна Віктара Паўлава. У яго ўвойдуць стадыён на 6 тысяч месцаў, футбольны манеж, гандлёвы цэнтр, гатэль і медыцынскі цэнтр агульным коштам 200 мільёнаў еўра. Для рэалізацыі праекта кампанія шукае замежнага інвестара. Апроч таго, СКВІЧ будуе жылыя дамы ў той самай Каменнай Горцы і непадалёку ад станцыі метро «Спартыўная».
Што яшчэ?
11. 16-павярховы трохзоркавы гатэль на грошы чэшскага інвестара.
12. 19-павярховы офісны будынак «Беларуснафты» з запраўкай і крамай «Асобіна».
13. 50-павярховая (!) офісная і жылая вежа на месцы стаянкі. Будаўніцтва малаверагоднае.
14. Жылы дом «ТэраБудІнвест», які не можа дабудавацца ўжо пяць гадоў.
15. Гіпермаркет «Прастор» на скрыжаванні Прытыцкага і МКАД.
Каментары