Архіў

100 твораў мастацтва ХХ ст.: Міхаіл Савіцкі. Хлябы

№ 12 (133) 1999 г.


 100 твораў мастацтва ХХ ст.

 

Міхаіл Савіцкі. Хлябы

 

Роля Міхаіла Савіцкага ў гісторыі савецкага мастацтва выключная. Ніводзін з беларускіх мастакоў не дасягнуў гэткіх недасяжных вышыняў і зіхаткога зьзяньня дзяржаўных рэгаліяў. Адно званьне народнага мастака СССР чаго вартае...

...Асоба Савіцкага будзе даваць спажыву для многіх тэмаў. Савіцкі — культуртрэгер, вясковы хлапец, які па вайне патрапіў вучыцца ў Маскву й вярнуўся з перакананьнем свае выключнасьці па-над беларускімі калегамі. Савіцкі — нэкрамант, які добрую палову свае творчасьці прысьвяціў сьмерці ў розных яе праявах, асабліва вылучаючы матывы сьмерці дзяцей і маладых жанчынаў. Савіцкі і Ленін — асобная тэма, бо менавіта ягоныя палотны й габэлены склалі гэтак званы «залаты фонд беларускае ленініяны», у тым ліку дзякуючы абсалютным памерам тых твораў. Савіцкі і Шагал — адна з найбольш красамоўных тэмаў у гісторыі нашае культуры. Менавіта Савіцкі, паслугоўваючыся абсалютным даверам савецкіх уладаў, прыклаў нямала высілкаў, каб імя ягонага геніяльнага калегі і земляка было «сьцёртае» са скрыжаляў беларускага мастацтва...

...Міхаілу Савіцкаму належаць і колькі пачэсных старонак у беларускай культуры. Некалькі ягоных палотнаў застануцца і пасьля таго, як за нашымі сьпінамі зьнікне далягляд сёньняшняга стагодзьдзя. Натуральна, гэта будзе ня «Песьня» 1958 году, хадульная па кампазыцыі й анэмічная па жывапісе. Гэтае першае буйное палатно будучага маэстра болей нагадвае афішу да тагачасных фільмаў пра краіну, «дзе так вольна дыхае чалавек». Ня будуць гэта і палотны на тэмы партызаншчыны, то лубковыя, то відавочна фальшывыя па пачуцьцях. Ды й «Лічбы на сэрцы» ня знойдуць сабе лепшага месца за тое, дзе яны цяпер — у Музэі вайны...

Самым значным з Савіцкага стала тое, дзе ён вычувае сваю зьнітаванасьць з краямі свайго дзяцінства. Кажучы йнакш, тое, што сьведчыць за ягоную прыроду, генэтычную повязь зь людам простым. Невыпадкова, дэбютуючы «Песьняю», ён напружана шукаў повязі, больш адпаведнай ягонаму ego, чымся кампіляцыі з мэксыканскіх муралістаў.

Жыцьцё хлебаробаў ды ільнаводаў родных палеткаў Віцебшчыны, куды больш знаёмае мастаку, чым штучны патас «ярасных атак», лягала на ягоныя палотны, нібы адхланьнем, пачуцьцём ціхае й рацыянальнае згоды з Жыцьцём. Жыцьцём, што несувымерна большае, чым проста кола пакутаў. Дзясяткі пазьнейшых палотнаў, прысьвечаных вясковаму жыцьцю канца 60-х — пачатку 70-х гадоў, зьвяртаюць на сябе ўвагу найперш адной акалічнасьцю — рэлігійнай сэмантыкай, шчодра ў іх упісанай.

Напрыклад, «Ураджай», напісаны ў 1966 годзе, выклікае міжвольныя асацыяцыі з сюжэтам «Тройцы». Гэтая асацыяцыя тым мацнейшая, што мастак запабег нейкіх калгасных рэаліяў. Постаці трох мужчын, што ў задуменьні перабіраюць зярняты збажыны, наводзяць згадкі і на «хлеб надзённы», што даецца нам. Засяроджанае замілаваньне хлебам, ня маннаю зь нябёсаў, зводзіць гледача ўбок ад сацыялягізацыі сюжэту. Што дзіўна, зважаючы і на год напісаньня, і на паралельныя з гэтай карціны Савіцкага, напісаныя ў тыя ж гады, але напісаныя ў нейкім угары бруталізму, шэрымі, невыразнымі фарбамі, палотны, якія па інэрцыі эксплюатавалі модную тады тэму партызаншчыны.

Блізкай па духу да гэтага палатна стала карціна «Селянін у чырвонай кашулі». Аднак у ёй перад тэмаю бясконцага звароту жыцьця, наперад выступае матыў жыцьцядайнасьці самой зямлі, жалобнай і ўрачыстай, зямлі, якая дорыць усё жыцьцём і ў якую жыцьцё сыходзіць... У «Селяніне...» Савіцкі паспрабаваў ускладніць сваю жывапісную задачу, падтрымаць яе традыцыяй усходніх абразоў. З гэтага экспэрымэнту, праўда, атрымалася хутчэй перайманьне Пятрова-Водкіна.

Наступныя ягоныя работы, нібы набліжаныя да канкрэтных пабытовых рэаліяў, таксама шыфруюць у сабе тэму эўхарыстыі. Людзі дзеляць хлябы, людзі схіляюцца над хлебам, людзі багомяць хлеб. «Хлеб», «Хлеб новага ўраджаю» і «Хлябы».

«Хлябы» напісаныя крыху пазьней, у 1968 годзе. Паводле сваёй кампазыцыі гэта таксама незвычайная рэч. Паўтор матыву траістасьці нагадвае будову іканастасу. Але статыка чыннага шэсьця парушаецца... позіркам. Менавіта суворы позірк трэцяе жанчыны, што замыкае шэсьце ў межах палатна, які нібы скрозь ягоную роўнядзь, стаў цэнтрам кампазыцыі. Ён прачытвацца беспамылкова. Як не адразу злоўлены спакойны й дакорлівы позірк кабеты ў бажніцы, што сунімае ім чыйсьці недарэчны шэпт пад час літургіі. Гэтая сур’ёзная ўзьнёсласьць характарызуе ўвесь эмацыйны лад карціны.

Тры кабеты. Адна маладзейшая, але ў яе сьцятых вуснах таксама прачытваецца незвычайнасьць ды адказнасьць моманту. Сваёй уласнай работы цяжкія сялянскія хлябы яны нясуць у бажніцу. Напярэдадні вялікага сьвята, у прадчуваньні вялікае таямніцы. Хлябы нясуць сьвяціць. Разьмерана, нібы у такт музыцы, упэўнена крочаць яны да мэты. Рыхтык як ў тых шэсьцях сьвятых жанок-міраносіц, якія крочаць да прастолу Хрыстовага.

Калярыстычнае вырашэньне гэтага твору, складанае й насычанае, не падобнае на пазьнейшага Савіцкага. Складаныя, жаўтавата-шэраватыя адценьні сьнегу ўзбагачаюцца рытмам кантрасных, халодных і шчыльных адценьняў дрэваў і людзей. Дакладней, іх жорсткіх абрысаў. Гэты прыём, спалучэньне ўмоўнае прасторы і аб’ёмных элемэнтаў нагадвае прыёмы эпохі мадэрну. Але гама... заснаваная на набліжаных нюансах, уводзіць нас у знаёмы, блізкі сьвет, штодзённы, як хлеб. Разнастайныя пералівы вохрыстых, умбрыстых пісягоў, колераў хлеба, адцененыя суворым і графітнымі блікамі дрэваў ды цёплай сінечай спадніцаў. Маладзейшая кабета вылучана чыстым чырвоным абрысам хусткі... Чырвоны — колер жыцьця і волі. Гэткі ж абрыс падхоплены плямаю рукавіцы, што ўпэўнена трымае бохан. Гэтыя таны беспамылкова ўказваюць на час і на месца дзеяньня — Беларусь...

Рэлігійнасьць Савіцкага стала відавочнаю апошнімі гадамі. Ён піша сьвятых, анёлаў, п’еты... Нарэшце... І ў адной са сваіх работаў, напісанай ў 1994-м, «Цудзе пра хлябы», ён гатовы сказаць тое, чаго не адважваўся сказаць адкрыта раней. Хрыстос, нібы падзяліўшы між людзей свой німб, адарыў кожнага круглым боханам — сымбалем сьвятасьці й неўміручасьці зямлі. Для мастака — зямлі роднай... Аднак нешта ўсё ж ня так. Ці то ўжо цяжка паверыць... «Хлябы», напісаныя ў недасяжна, неўяўляльна далёкім 1968-м, гэтак і засталіся неперавершанымі самім мастаком. «Хлябы» засталіся самым беларускі ягоным творам... які зьберагаецца цяпер у Маскве.

Сяргей Харэўскі


 

Міхаіл Савіцкі (1922, Зьвянячы, Талачынскі раён), жывапісец, пэдагог. У 1951 скончыў Менскую мастацкую вучэльню. У Маскве ў 1957 г. скончыў мастацкі інстытут імя Сурыкава. Народны мастак СССР, народны мастак БССР, акадэмік. З 1980 г. ачольвае творчыя акадэмічныя майстэрні пры Міністэрстве культуры.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі 10 гадоў рабілі сваю віягру і так не змаглі стварыць6

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі4

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць