Архіў

 Якуб Наваградцаў. Перад «узьяднаньнем»

№ 22 (143), 1999 г.


 Якуб Наваградцаў

Перад «узьяднаньнем»

 

1 верасьня 1939 г. у 5.45 нямецкія войскі напалі на Польшчу. 3 верасьня 1939 г. Францыя і Брытанія абвясьцілі вайну Нямеччыне, што ператварыла яе ў другую сусьветную. Польская армія змагалася, але ўжо 6 верасьня немцы ўзялі Кракаў, а 8 верасьня дасягнулі прадмесьцяў Варшавы. Праз тыдзень 35 польскіх дывізіяў былі ці разгромленыя, ці акружаныя ля Варшавы. 17 верасьня пасьля некалькіх дзён мужнай абароны было захопленае Берасьце зь берасьцейскай крэпасьцю разам.

Нягледзячы на бліскучую перамогу, Гітлер нэрваваўся, чаму Савецкі Саюз не ўступае, як дамоўлена, у вайну. Немцы выйшлі на заплянаваны рубеж і ў некаторых месцах нават перайшлі яго. Сталін і Молатаў марудзілі з пачаткам, бо не хацелі выглядаць у вольным сьвеце агрэсарамі. І Масква знайшла выдатнае выйсьце з той сытуацыі: дачакалася моманту, калі нямецкая армія дайшла да заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх земляў. Цяпер Савецкі Саюз меў «законную» падставу захопу часткі польскіх земляў, бо гэта была абарона беларускага й ўкраінскага насельніцтва. Міт быў створаны надзвычай удалы. Некаторыя артадаксальныя гісторыкі карыстаюцца ім і да гэтай пары.

17 верасьня пачаўся захоп Польшчы з усходу. Так, мясцовае насельніцтва сустракала савецкую армію кветкамі, але быў і супраціў, як напрыклад, баі з чырвонымі каля Горадні. 22 верасьня 1939 г. у Берасьці адбыўся сумесны парад нямецкіх і чырвоных войскаў. Па афіцыйных падліках, савецкія жаўнеры страцілі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне 737 чалавек забітымі і 1862 параненымі (страты нацыстаў склалі ў Польшчы 10572 чалавекі забітымі, 30322 параненымі і 3400 прапала бязь вестак).

Пакуль войскі Савецкага Саюзу «вызвалялі» ўсходнія крэсы, у Маскве ішлі перамовы паміж Рыбэнтропам і Молатавым, якія скончыліся ноччу 28 верасьня «Савецка-нямецкай дамовай аб сяброўстве й мяжы». У дакумэнце цынічна сьцьвярджалася, што Нямеччына й СССР гарантуюць захопленай Польшчы мір і спакой. Падпісалі два пратаколы: паводле першага Савецкі Саюз у абмен на Літву аддаваў немцам землі на ўсход ад Варшавы, а таксама Люблінскую правінцыю, якія захапіла Нямеччына, нягледзячы на дамоўленасьць ад 23 жніўня. Другі пратaкол быў караценькі: «Абодва бакі не дапусьцяць на сваіх тэрыторыях ніякай польскай агітацыі, якая закранае інтарэсы другога боку. Абодва бакі абавязаныя: падаўляць на сваіх тэрыторыях любую агітацыю і інфармаваць адзін другога адносна прынятых з гэтай мэтай захадаў». Так адбыўся чацьверты падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Савецкі Саюз атрымаў этнічныя беларускія землі разам зь Беластокам пад сваё крыло.

Цынічныя заявы пра «ўзьяднаньне» беларусаў пайшлі прахам 10 кастрычніка 1939 г., калі савецкі ўрад прыняў рашэньне перадаць Літве Вільню й Віленскі край. Гэта быў тактычны ход: у абмен Літва пагаджалася разьмясьціць савецкія вайсковыя базы на сваёй тэрыторыі. Улетку 1940 г. ёй былі перададзеныя яшчэ Гадуцішкаўскі й Сьвянцянскі раёны, а таксама часткі Астравецкага, Ашмянскага, Пастаўскага і Сьвірскага раёнаў.

А 22 кастрычніка 1939 г. прайшлі «чэсныя» і «дэмакратычныя» (безальтэрнатыўныя) выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі. Прагаласавала аж 96,8% выбаршчыкаў! Занадта многа, каб гэта нагадвала праўду. У Народны Сход, які пачаў працу 28 кастрычніка 1939 г. у Беластоку, былі абраныя 926 народных дэпутатаў. Наступнага дня Сход прыняў Дэклярацыю аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Вярхоўны Савет СССР, а потым і Вярхоўны Савет БССР далі на гэта высокі «дазвол».


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная3

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі ўвядуць адказнасць за гей-прапаганду. Штраф — да 800 рублёў5

Маскоўскае «Тарпеда», якое трэніруе беларускі спецыяліст, выключылі з Расійскай прэм’ер-лігі

У Літву з тэрыторыі Беларусі заляцеў нейкі апарат. Спачатку падумалі — шахед4

Аляксандр Машэнскі больш не ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі4

У Кіеве забіты палкоўнік СБУ. Расійскія каналы пішуць, што ён займаўся дыверсіямі ў Расіі7

Заснаваны беларусам стартап выпусціў ШІ-браўзер

«Кружляў над Гомелем паўтары гадзіны». Што паведамлялі людзі пра расійскія дроны, што заляцелі падчас начной атакі Украіны

«Я задзяўблася!» Беларуска ў шаленстве ад якасці сувязі МТС14

Зеландыя: кантынент, які амаль цалкам схаваны пад вадою1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная3

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць