Архіў

Віктар Шніп. Была ў мяне бібліятэка...

36 (157), 27 сьнежня 1999 - 3 студзеня 2000


 

Віктар ШНІП

Была ў мяне бібліятэка...

 

У калгасным клюбе ў бібліятэцы зьбіраліся хлопцы і дзяўчаты часьцей за ўсё не каб нешта пачытаць, а каб выпіць. У такія дні бібліятэка была зачыненая і я, пастаяўшы ля дзьвярэй, вяртаўся да сваіх «рабінзонаў» і «тылу ворагу». Мама нават пакрыквала: «Чаго гэта ты ўсё цягаесься ў тую бібліятэку? Мала табе кніжак ад прадсядацеля?» Мала... Мне хацелася мець Свае. І я пачаў паціху выкупляць у сяброў кніжкі. У каго за бацькавы цыгарэты, у каго за сьцягнутую з дому самагонку. Аднак мая бібліятэка зьбіралася вельмі марудна. І тут мне Памідорчык — мой аднаклясьнік Сашка — параіў украсьці з калгаснай бібліятэкі пару кніжак, якія мне найбольш хочацца мець. А ў мяне на той час не было ніводнай кніжкі вершаў. І пайшоў я з Сашкам на злачынства. Пакуль мой сябар размаўляў зь бібліятэкаркай, я ўзяў з паліцы зборнік вершаў Міхася Чарота і схаваў за пазуху. На большае не адважыўся...

У канцы 70-х калгасную бібліятэку з клюбу перавезьлі да Вярбіцкай, якая жыла адна ў вялікай хаце. Прыяжджаючы зь Менску, я забягаў у гэтую бібліятэку. Бібліятэкарка, жанчына адукаваная, ведала ўсё, што ёсьць у яе гаспадарцы, і спэцыяльна да майго прыходу падбірала выданьні, якія могуць мяне зацікавіць. Усё ў бібліятэцы было добра летам, а восеньню пацякла страха, і затапіліся кніжкі.

Заходзячы ў вёсцы ў хаты сяброў, як п’яніца, які тут жа вынюхвае выпіўку, я шукаў месцы, дзе могуць быць кніжкі. І часьцей за ўсё, акрамя газэт, у хаце не было чаго чытаць. Людзям было не да кніжак. І ўсё ж трапляліся дзівакі (чамусьці іх называлі дурнямі) і ў нашай вёсцы, якія, нават пасучы кароў, бралі з сабой кніжку.

Мой дзядзька Славік, набадзяўшыся па сьвеце, вярнуўся на нейкі час у Пугачы да бацькоў. Сышліся суседзі, каб паглядзець, якога гэта ён багацьця навёз цэлую машыну. І калі ўбачылі, што выгружаюцца кніжкі, пасьмяяліся і разышліся. Адзін я быў задаволены — дзядзька дазволіў мне тое-сёе выбраць сабе. І гэта была кніжка пра Гулівэра...

Прыехаўшы ў Менск і ня маючы на кніжкі грошай, я хадзіў па кнігарнях і там іх чытаў. Асабліва добра атрымоўвалася з паэзіяй. У гарадзкую бібліятэку запісацца ня мог, бо ня меў менскай прапіскі. Аднак у мяне былі сябры, якія мелі цудоўныя хатнія бібліятэкі і якія не шкадавалі даць пачытаць кніжку. Адным з такіх быў Адам Глёбус. У мяне і цяпер перад вачыма стаіць зборнік вершаў Апалінэра, і жыве ўва мне тое адчуваньне сьвету і Эўропы, якое тады мне адкрылася.

Адзін з маіх сяброў, закончыўшы філфак, нейкі час працаваў вясковым бібліятэкарам. Можа б і сёньня працаваў, калі б не было сям’і, якую трэба карміць. А так чытачоў у яго было мала — амаль адны школьнікі, і то ў час вучобы. Аднак не шкадуе, што быў бібліятэкарам, бо начытаўся, як прафэсар.

На сваёй юбілейнай вечарыне Максім Лужанін з вышыні сваіх 90 гадоў сказаў: «На пачатку стагодзьдзя ў нашых бібліятэках беларускіх кніжак можна было пералічыць на пальцах. Цяпер у нас ёсьць свае слоўнікі, энцыкляпэдыі — усё, што трэба, каб беларусы адчувалі сябе нацыяй, таму Беларусь жыла, жыве і будзе жыць».

Больш за дзесяць гадоў мінула, як я апошні раз быў у калгаснай бібліятэцы. І цяпер наагул ня ведаю, ці ёсьць яна ў вёсцы? Тэлефаную ў Пугачы знаёмаму: «Ці ёсьць там цяпер у нас бібліятэка?» І чую: «Якая бібліятэка...» і далей нецэнзуршчына. І ўсё-ткі спадзяюся, што нешта засталося...


Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі21

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце фота, як сцюардэса «Белавія» адпачывала ў турбіне самалёта? Дзяўчына распавяла яго гісторыю

Вялікабрытанія адхіліла прапанову Францыі і Італіі пачаць перамовы з Пуціным2

Трамп прыняў нобелеўскі медаль ад Марыі Карыны Мачада ФОТАФАКТ26

У Жодзіне частка дамоў засталася без ацяплення і гарачай вады

«Падвойнае пасланне для ЗША». У Грэнландыю пачалі прыбываць еўрапейскія вайскоўцы. Пакуль малаколькасныя4

Ці сапраўды ў сённяшніх рэаліях адвакат у Беларусі выконвае ролю паштальёна? Адказвае адвакат Лепрэтар6

Які адпачынак лепшы — адзін вялікі ці некалькі маленькіх? Навукоўцы далі адказ

Лідарка венесуэльскай апазіцыі перадала Трампу свой Нобелеўскі медаль7

Замест удару па Іране ЗША ўвялі санкцыі супраць іранскіх чыноўнікаў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі21

Ціханоўская: Дзеці не пераехалі ў ЗША, а проста часова будуць з татам дзеля бяспекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць