Архіў

Тацяна Сьнітко. Менск веснавы

№ 13 (170), 27 сакавіка — 2 красавіка 2000 г.


 

Тацяна Сьнітко

Менск веснавы

 

Сьвяткаваць Дзень Волі гэтым разам я марыла не на працы, а на вёсцы. Пляны скарэктаваў Менгарвыканкам. Забарона шэсьця відавочна абяцала, што дзянёк выдасца “стаханаўскі”.

Ранкам пабудзіў тэлефон. “Сустрэнемся каля “Ростаняў”, там пагаворым”, — сказала сяброўка. Выходзячы праз колькі гадзінаў з тралейбуса, я зьдзівілася: на месцы сустрэчы зь сяброўкай красаваліся тры БТРы і пара пажарных машынаў. Імгненная злосьць успыхнула ў душы. Мала таго, што плююць на твае грамадзянскія пачуцьці, нацыянальную годнасьць, канстытуцыйныя правы, ім трэба ўлезьці яшчэ і ў твае асабістыя пляны!

Іду шукаць сяброўку на іншы бок праспэкту. “Труба” пераходу з заблякаванымі міліцыяй выхадамі. Якое глупства! Калі рэзка пачнецца любы хуткі рух… «Няміга!” — далятаюць размовы мінакоў. Так, Няміга. Глупства альбо чыйсьці разьлік? І калі разьлік, то тады чым насамрэч была Няміга?..

А сёньня так пагодна!

Выйсьці з “трубы” магчыма толькі да Камароўкі. Па-выходнаму шматлюднага і другога па крымінагеннасьці месца Менску пасьля вакзалу.

«Пляц Якуба Коласа зачышчаны ўвесь, — перадаюць па рацыі міліцыянты, — натоўп расьсечаны на часткі».

Я пачынаю думаць, што, магчыма, праспала абвяшчэньне Лукашэнкам нейкай вайны.

І тут пачынаецца куламеса. Гэта напад на здымачныя групы ОРТ і РТР. Сынхронна. Дубінкамі — па камэрах, па сьпінах. “Камэра каштуе 20 тысяч даляраў!” — “Знаем, знаем!”. Людзі спрабуюць дапамагчы расейскім карэспандэнтам утрымаць апаратуру — міліцыянты яе вырываюць з рук, трушчаць. Брэшуць сабакі і рацыі.

Куды падацца? Відаць, да ўправы Фронту. Людзі на вуліцах застываюць на месцы пры выглядзе мянтоўскай боегатоўнасьці. На рагу Варвашэні “шлёмы” трымаюць знаёмага апазыцыянэра сталага веку. У яго зьнялі з паліто значак — бел-чырвона-белы сьцяжок, выкруціўшы рукі. “Забірайце свайго дзядзьку ды сыходзьце! — дазваляе мне міліцыянт гадоў дваццаці двух. — Нічога мы не здамалі й не выкручвалі!”

Управа БНФ абкружана міліцэйскімі машынамі. Але ля замкнёных дзьвярэй нікога. Шыба ў вакне пабітая.

— Хлопцы, што там у вас адбываецца?

— Адыдзіцеся хутчэй! Вас забяруць!

Не пасьпяваю адрэагаваць на словы Віктара Мухіна ў вакне, як мяне абкружаюць шлемы. Супраціўленьне бессэнсоўнае.

— І куды паедзем? — мы ўжо ў “уазіку’.

— Девушка, вот вы адна среді нас. Не будем а грустнам. Скажіте што-нібудь а весне, а любві… — флегматычна адказваюць з усіх бакоў мае чацьвёра “целаахоўнікаў”.

— У Савецкі РАУС?

— Зачем? Можна за горад…

Потым мяне вядуць з “уазіка” ў фургон і гасьцінна адчыняюць закратаваны адсек. Мэтар на мэтар, дзьве лаўкі, нізкая столь.

— Что-нібудь колющее, режущее есть в сумке? — пытаюцца, а забіраюць касэту з дыктафона.

Чытаюць пасьведчаньні. Рэакцыя на дакумэнт уласнага карэспандэнта “Ўкраiны молодой”:

— УНА-УНСО?!

— Хлопцы, які на сёньня плян па затрыманьнях?

— Чым больш, тым лепш.

Так мы сядзім хвілінаў з трыццаць. Потым побач чуваць гукі барацьбы. Дзяўчыну й хлапца запіхваюць не да мяне ў кампанію, а ў “стакан” — адсек бяз вокнаў. Дзяўчына пужаецца, ня хоча ў цемру, упіраецца. Праз краты бачна яе пасьведчаньне: журналістка Тацяна Папова. Яна з газэты “Згода”. Ейны спадарожнік — сябра БАЖ Сяржук Міхальчук. Яшчэ адну дзяўчыну ўпускаюць да мяне. Яна маўчыць.

— Як вас затрымалі? Дзе?

Дзяўчына раптам адказвае… па-польску.

Мая Ланткоўска, назіральніца з польскай Лігі Рэспубліканскай. Усе ейныя землякі-назіральнікі, акрамя аднаго, ужо затрыманыя.

— Навошта бераце замежнікаў?

— Загад! Ня наша кампэтэнцыя.

Да нас закідаюць Ларысу Ключнікаву з ІТАР-ТАСС. Кудысьці вязуць. У “стакан” ужо пасьпелі засадзіць карэспандэнтку AP Марыну Бабкіну. Марыну ўзялі ў краме разам зь нябачнай пакуль групай іншых журналістаў. Зайшлі па мінэралку…

Ахова весяліцца.

Дарогай Мая параўноўвае пабачанае з 80-м годам у Польшчы, калі Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча. У Ларысы зьвініць сотавы тэлефон: калегі з працы.

— Мяне затрымалі, арышты працягваюцца… — кажа яна, і сувязь абрываецца, бо міліцыянты адмыкаюць дзьверы і цягнуць тэлефон.

Ларыса не аддае. Кажа: патэлефаную Пуціну, а потым ён паскардзіцца на вас Лукашэнку. Вагаюцца… Адступаюць.

— Мы з вамі, як зь людзьмі, а вы нам пагражаеце!

— Як зь людзьмі?! За што нас схапілі? Што я парушыла?

Ашаломленай палячцы тлумачу: “як зь людзьмі” — гэта калі ня б’юць, не выбіваюць зубоў…

Ля сьценкі ў вайсковай частцы ўжо паставілі ў шэраг мноства знаёмых. Тут Ягор Маёрчык, Вадзім Казначэеў, Альгерд Невяроўскі, іншыя калегі, тут жа й назіральніца ад “Вясны” Паўліна Сьцепаненка, і габрэйскі актывіст Якаў Гутман… Нас ачапляюць ланцугом салдатаў і перапісваюць. Паўліна ў першым сьпісе сто трынаццатая, я ў другім сьпісе восьмая.

“Жыве Беларусь!” — чуецца скандаваньне з-за сьцяны ангару. — “Ганьба! Ганьба!” Ангар-спартзаля забіты затрыманымі. Наша шаруга ля сьцяны радзее: некаторых вядуць у сярэдзіну.

Раздаем людзям тэлефоны праваабарончага цэнтру “Вясна”. Ахова пяшчотна зьвяртаецца да нас: “Ну, граждане хуліганы і алкаголікі…” Ім усё яшчэ весела.

Сярод нас некалькі выпадковых мінакоў. Адзін мужчына проста падышоў да кіёску, дзе працуе ягоная жонка, і яго павязалі. “За што? Не, трэба ўступаць у БНФ!” — хітае галавой ён. Прыяжджаюць “вярхі”: кіраўнік прэсавай службы МУС Зьміцер Партон ды намесьнік міністра Сівакова па кадрах Радзюкевіч. Журналістаў аддзяляюць ад астатніх. Ад сп.Партона мы чакаем якогась “пардону”. Марна.

З ангару выпускаюць да нас на двор Славаміра Адамовіча, Аляксея Шыдлоўскага, фатакора Юр’я Дзядзінкіна, праваабаронцу Алега Воўчака… У спартовай залі застаюцца калегі — Ірына Халіп, Алег Грузьдзіловіч, палітыкі — Анатоль Лябедзька і Мар’юш Каміньскі, юрыст “Вясны-96” Валянцін Стэфановіч. І яшчэ, кажуць, каля 180 чалавек.

За брамай на вуліцы чакаюць іншыя журналісты. Нас спрабуюць адагнаць ад плоту, каб не стваралася ўражаньня мітынгу. Даведваемся, што мітынг ідзе на Бангалоры, а затрыманых ужо пад паўтысячы. Нехта ва ўладзе яўна не сябруе з галавой. “Забясьпечыў бясьпеку людзей”!

Запалохваньне народу перад 26 красавіка? Значыць, 26 красавіка я ня еду на вёску. Я прызначаю дзесяць спатканьняў. Зь дзесяцю моцнымі сябрамі. Ля БТРаў.


Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Жах на пяць паверхаў: як жыве і пакутуе самая вялікая камуналка Мінска4

Axios: ЗША і РФ працуюць над сакрэтным планам па Украіне9

Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку13

«Бабарыка быў бы годным прэзідэнтам, але хунта пазбаўляецца ад разумных людзей крымінальнымі метадамі». Што пішуць людзі пра банкіра84

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання4

Зборная Кюрасаа ўпершыню ў гісторыі выйшла на чэмпіянат свету па футболе

У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?1

Арыгінальная бетонная царква на Тэнэрыфе прызнана найлепшым будынкам года ў свеце7

Вызначыліся каманды ад Еўропы, што напрамую выйшлі на ЧС па футболе, і ўдзельнікі стыкавых матчаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны123

ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць