Архіў

БІБЛІЯТЭКА

№ 8 (270), 22 лютага 2002 г.


БІБЛІЯТЭКА

 

Незваротныя тупікі

Алесь Пашкевіч. Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі ХХ стагодзьдзя. Беласток: “Беларускае літаратурнае аб’яднаньне”, 2001. – 238 с.

 

Неяк у “НН” таямнічы Васіль Брыкун, рэцэнзуючы кнігу, напісаў, што жанчына здольная зрабіць нават з падручніка па арганічнай хіміі цікавае чытво. Хочацца адказаць антыфэміністу Брыкуну, што нашыя мужчыны таксама ня лыкам шытыя і здольныя зь любога цікавага чытва зрабіць падручнік па неарганічнай хіміі.

Аднак ня будзем кранаць праблемы стылю, засяродзімся на геаграфіі і гісторыі. Пра Цётку аўтар піша: “Адной зь першых мусіла (пры канцы 1905 г.) пакінуць Радзіму А.Пашкевіч (Цётка) – і доўгія шэсьць гадоў пражыць на эміграцыі (пасьля ўдзелу ў рэвалюцыйных маніфэстацыях выехала, каб пазьбегнуць арышту, у Галіцыю, якая была часткай Аўстра-Вугорскай імпэрыі, затым жыла ў Львове…”). Да ведама: Львоў – гэта і ёсьць Галіцыя. Зрэшты, Аўстрыя – слабае месца аўтара. Інакш бы ён не пісаў ніжэй: “Расейская царская дзяржава аслабела і распалася пазьней Аўстрыйскай, а таму яе народы (у прыватнасьці, беларускі) паўставалі да нацыянальнага жыцьця амаль на паўстагодзьдзя пазьней”. Аўстрыйская імпэрыя, да ведама, скончыла існаваньне ў кастрычніку 1918 г.

Такі ж “гістарызм” уласьцівы і разьдзелу пра Вацлава Ластоўскага. “Не зважаючы на неспрыяльныя палітычныя і фінансавыя ўмовы для сваёй дзейнасьці, урад Ластоўскага дасягнуў адчувальных посьпехаў. Пра Беларусь загаварылі ў Эўропе. Прэм’ер у 1920—1923 г. з дыпляматычнымі місіямі наведаў Бэльгію, Нямеччыну, Ватыкан, Італію, Францыю, Швайцарыю. Вядомым стаў і сам Ластоўскі. Толькі адзін шматпаказальны факт: да В.Ластоўскага, як да старшыні рады міністраў БНР, слаў афіцыйныя лісты Патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Ціхан”. Па-першае, у пачатку 20-х Ватыкану яшчэ не было на мапе. Ён зьявіўся ў 1929 г. у выніку Лятэранскіх пагадненьняў. Пра фінансавыя цяжкасьці таксама можна было б паспрачацца, бо літоўцы й немцы ў пачатку 20-х шчодра фінансавалі Раду БНР і БНРаўскую партызанку. Акрамя таго, ніводная зь пералічаных краінаў не прызнала БНР у якасьці самастойнага суб’екта. А абазнанасьць Ціхана была рэакцыяй на зварот да яго Рады БНР з просьбай пасадзейнічаць самастойнасьці Беларускай праваслаўнай царквы.

Новым словам у беларускай гісторыі й літаратуразнаўстве сталася сьцьвярджэньне аўтара, што адным з галоўных эміграцыйных асяродкаў беларусаў у 10–30-я гады была… Вільня. Бо “апынулася па-за беларускай дзяржаўнай мяжой”. А Маладэчна, Наваградак, Горадня, Пінск у такім выпадку? І чаму ж тады эміграцыя Юркі Віцьбіча не пачынаецца ад 1920 г., з часу выезду ў Маскву? А якую працу можна напісаць пра паэта-эмігранта Ўладзімера Дубоўку!

Маленькім шэдэўрам падаюцца біяграфічныя зьвесткі з жыцьця Антона Адамовіча. “Пасьля вызваленьня ў 1938 г. застаўся ў акупаваным Менску, затым выехаў на Захад”. Ці то немцы як увайшлі ў Менск у 1918 г., так да 1941 г. зь яго не выходзілі, ці то аўтар мае на ўвазе савецкую акупацыю Беларусі? У такім выпадку вельмі сьмела.

Асобны разьдзел, у найлепшых традыцыях савецкай крытыкі бебурнацаў, аўтар прысьвячае Юрку Віцьбічу. Чорных фарбаў тут хапае. Віцьбіч і ня здолеў узвысіцца над зададзенасьцю, і не адмежаваўся ад камуна-бальшавіцкіх пастулятаў, і “як грамадзянін ня быў псыхічна моцным чалавекам”. Ці наступнае: “Зь мітычнасьці-мройнасьці ён пераходзіў у спэкулятыўнасьць, рабіўся парадаксальным, непрадказальным (у апошнія гады пачаў пісаць па-расейску і супрацоўнічаць з расейскімі эміграцыйнымі выданьнямі)”. Горшае злачынства для беларускага пісьменьніка-эмігранта, як супрацоўніцтва з “Новым русским словом”, прыдумаць цяжка. І апошні цьвік у труну рэнэгата: “У часе акупацыі Віцьбіч жыў у Менску на кватэры ў бацькоў жонкі Пятра Глебкі – Ніны Ларывонаўны. Тая ўспамінала, што Ю.Віцьбіч тады шмат піў. Калі не было за што – краў кнігі і прадаваў”. Прачытаўшы апошнія радкі, я аж затрымцеў ад шчасьця: нарэшце знайшліся ўспаміны Ніны Глебкі (яна падчас акупацыі не паехала за мужам, а засталася ў Менску і працавала ў нацыянальных арганізацыях). Але спасылка расчаравала: “Гл. гутарку М.Сяднёва і Б.Сачанкі “Я толькі кропля ў акіяне” // Сачанка Б. Трэцяе вока. – Мн., 1992. – С. 467.”

Гісторыя цераз трэція вусны не цытуецца, гісторыя любіць цытаты зь першакрыніцаў. І ці варта верыць Сяднёву, які ў Менску падчас акупацыі ня жыў, затое на эміграцыі моцна не любіў Віцьбіча?

А што робяць ў эміграцыйнай мэмуарыстыцы “Дні жыцьця” Аляксандра Ўласава, заснавальніка “НН”? Няўжо Мігаўка пад Радашкавічамі таксама эміграцыя? А Рыгор Мурашка? Мурашка ні дня не прабыў за мяжой у 20–30-х, а падчас нямецкай акупацыі быў удзельнікам менскага камуністычнага падпольля. Магчыма, аўтар лічыць эміграцыяй пераход зь Менску на Лагойшчыну, у савецкую партызанку, дзе Мурашка і загінуў у красавіку 1944 г. пры спробе прарыву нямецкай блякады.

Пытаньні, пытаньні, пытаньні ставіць кніга “Зваротныя дарогі”. Адказы на іх знайсьці цяжка. Куды цяжэй, чым, напрыклад, падлічыць працэнт эміграцыйнай літаратуры ў выніках апытаньня “НН”: “Так, паводле апытаньня газэты “Наша Ніва” “Сто беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя”, найлепшымі сталі 18 выдадзеных (створаных) на эміграцыі (18%) і 29 кніг пазіі і прозы, які выйшлі за межамі сёньняшняй Рэспублікі Беларусі (29%)”.

Эдвард Людовіч

 


Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі12

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Ціханоўская расказала пра хваробу сына і яго цікавасць да геапалітыкі12

Украінскі салдат уратаваўся з акружэння на электраровары, які яму скінулі з дрона1

З кастрычніка пачнуць дзейнічаць новыя правілы ўезду ў ЕС. Што зменіцца для беларусаў

Журналіст Ігар Карней пра тое, як атрымаў у спадчыну рэпрэсаваныя гены1

У Мінску прайшоў «Жаночы забег»5

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў4

Цікавыя новыя захапленні выбрала сабе Святлана Ціханоўская12

Упершыню ў Беларусі стварылі вялікую металічную пралётную канструкцыю3

Мікалай I забараніў ужываць назвы Літва і Беларусь? Гэта савецкі міф40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі12

Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць