Як жыве прымежная польская Кузніца ў прадчуванні адкрыцця мяжы з Беларуссю
У Кузніцы, вёсцы на польска-беларускай мяжы, перамены. Мясцовыя жыхары расказваюць, што па вечарах ужо загараецца святло каля памежнага пераходу, а ўздоўж дарогі, якая вядзе да яго, расставілі скрынкі. Пункт пропуску, закрыты з 2021 года, мог аднавіць працу ўжо ў пачатку лістапада, але адкрыццё перанеслі. Журналістка выдання Most з'ездзіла ў Кузніцу і даведалася, як яе жыхары, якія дзесяцігоддзямі жылі прымежным гандлем, рыхтуюцца да адкрыцця мяжы і чаму не ўсе гэтаму радыя.

28 кастрычніка 2025 года, выступаючы на форуме ў Беластоку, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск анансаваў хуткае адкрыццё пунктаў пропуску «Кузніца» і «Баброўнікі» (з беларускага боку гэта «Брузгі» і «Бераставіца»). Відавочна, гэта рашэнне было прынята загадзя. Але за два дні да форуму з Беларусі ў Літву масава паляцелі метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі, праз што літоўскі ўрад пастанавіў закрыць сваю мяжу з Беларуссю як мінімум да 30 лістапада. Каб рашэнне Польшчы не ішло ўразрэз з дзеяннямі Літвы, адкрыццё «Кузніцы» і «Баброўнікаў» перанеслі — як мяркуецца, на сярэдзіну лістапада.
На вуліцах Кузніцы пуста: рэдкія мінакі ідуць па сваіх справах, па дарозе раз у некалькі хвілін праязджаюць машыны. На ганку каля аддзялення паліцыі мыецца кот.
Кузніца апусцела ў лістападзе 2021 года, калі ў адказ на міграцыйны крызіс, развязаны Беларуссю, тут закрылі пункт пропуску. Дзе-нідзе ўсё яшчэ сустракаюцца патрэсканыя шыльды на рускай мове — рэкламуюць начлегі і абяцаюць аформіць вяртанне VAT, то-бок ПДВ. Але пазнаёміцца з уладальнікамі бізнэсаў не выходзіць — усё закрыта.

Бліжэй да самой мяжы працуюць некалькі брыгад — кладуць асфальт, раўняюць дарогі, правяраюць асвятленне. Па дарогах ходзяць грузавікі і аўтамабілі будаўнічых фірмаў. Дарожны пыл, які падымаецца ў паветра, забівае вочы і адчуваецца ў роце.
Калі ў найбліжэйшы час «Кузніца» запрацуе, то да канца года праз яе змогуць праязджаць толькі аўтамабілі масай да 3,5 тон: пакуль тут не гатовае пакрыццё на трасе S19.

«Чакаем адкрыцця — пачнецца рух»
Марына (імя зменена) родам з Гродна. Паўгода таму яна пераехала ў Кузніцу «з-за асабістага жыцця».
«Актыўна рыхтуюцца, — кажа беларуска. — Там, дзе мяжа, ужо па вечарах уключаюць лямпачкі — раней такога не было. Уздоўж дарогі расставілі сметніцы. А яшчэ паркінг заканчваюць будаваць, каб машыны, што прыязджаюць, там маглі акуратненька стаць, а не збіваліся ў кучу».
За пару сотняў метраў ад памежнага пераходу працуе шаўрмічная. Двое мужчын заказалі піва і кебаб. Яны запэўніваюць, што кавярня ні разу не закрывалася — выжываў бізнэс за кошт мясцовых жыхароў.
«Вядома, чакаем адкрыцця. У ахове кажуць, што ўжо з 15 лістапада запрацуе, — смяецца адзін з наведвальнікаў. — Запрацуе мяжа — пачнецца рух».
Мужчыны перажываюць, што пасля адкрыцця мяжы Польшчай Лукашэнка можа забараніць рух з беларускага боку.
«Ён што хочаш можа зрабіць. Вунь, Андрэй Пачобут усё яшчэ, здаецца, сядзіць, курва».

«Рыхтуюцца да патоку беларусаў»
Побач з польскім памежным пераходам раней працаваў кругласутачны гіпермаркет. Цяпер ён закрыты. Тым не менш, дарогу каля аб'екта асфальтуюць. Марына мяркуе, што да адкрыцця мяжы ён зноў запрацуе.
Крама Biedronka па суседстве не закрывалася. Цяпер сюды прыязджаюць мясцовыя жыхары, паркоўка застаўленая аўтамабілямі на польскіх нумарах.
«У Саколцы ў «Бедронцы» нашмат менш акцыйных тавараў. А ў нашай проста некалькі радоў з акцыямі. Я думаю, яны так рыхтуюцца да патоку беларусаў», — разважае Марына.

«Раней толькі праходзіш мяжу — адразу з усіх бакоў: «А цыгарэты ёсць?»
«Кузніца» — гэта яшчэ і вялікі канал кантрабанды. З Беларусі ў Польшчу заўсёды імкнуліся правезці цыгарэты і алкаголь.
«Толькі праходзіш [мяжу] — адразу з усіх бакоў: «А папяросы ёсць? Ёсць цыгарэты?» — успамінае Марына.
Назад везлі тавары. У асноўным не хавалі, а «вешалі» іх на падстаўных асоб. Прадпрымальныя грамадзяне за падвоз або невялікую плату знаходзілі тых, хто пагодзіцца ўзяць на сябе частку таго, што ўвозілася — каб кожны з «турыстаў» не перавышаў норму бяспошліннага ўвозу.
Уладзімір (імя зменена) жыве ў Кузніцы ўжо некалькі гадоў — займаецца бізнэсам. Мяжу ён параўноўвае з вялікім заводам: калі механізмы спыняюцца, запусціць іх зноў складана.
«Яны за чатыры гады ўсіх распусцілі. Зараз трэба наймаць новыя групы пагранцоў, мытнікаў. Набяруць маладых хлопцаў — з імі ўжо так не дамовішся, як з пажылымі. Будзе як у Германіі —паспрабаваў даць 50 еўра мытніку, а табе штраф і турма», — разважае беларус.

«Казалі, што Беласток і Кузніца стануць на калені»
Да закрыцця пункта пропуску многія мясцовыя жыхары жылі за кошт трафіку: гандлявалі, здавалі жыллё, аказвалі паслугі.
Марына кажа, што і пасля закрыцця некаторыя не шукалі працу — «чакалі, калі зноў адкрыюць». Уладзімір жа лічыць, што «мясцовым фіялетава на адкрыццё мяжы». Сам ён ацэньвае будучую падзею хутчэй негатыўна: жыхары адкрыюць бізнэсы — і ў яго з'явяцца канкурэнты.
«Казалі, што як закрыюць мяжу, то Беласток і Кузніца стануць на калені. І што, стаяць яны на каленях? Будзем сумленныя, для польскай эканомікі гэтыя малыя бізнэсы і рынкі не адыгрываюць вялікай ролі».
«Беларускія лясы і лукашэнкаўскае паветра»
Дарога на ўсход звязаная для палякаў не толькі з гандлем і бізнэсам. Калісьці тут праходзіў шлях на сібірскую катаргу. Узвышша непадалёк мясцовыя жыхары да гэтага часу называюць Шубеніцай, то-бок Шыбеніцай. Тут яшчэ падчас паўстання 1863‑1864 гадоў царскае войска пакарала смерцю змагароў за незалежнасць Польшчы.

Цяпер гэта мемарыял «Галгофа Усходу». На ўзвышшы — польскі сцяг і крыжы. Самы вялікі з іх — абеліск, звараны са старых рэек. Рэйкі і на зямлі, а ўздоўж іх — валуны з назвамі месцаў расстрэлаў і ссылак палякаў. На адной чыгуначнай лініі Гродна, Курапаты і Варкута.
«Калі паглядзець у той бок, відаць беларускія лясы і лукашэнкаўскае паветра», — кажа Марына.

«Баброўнікі хутчэй адкрыюць»
У прывакзальнай прыбіральні ў Кузніцы амаль крыштальная чысціня — белая плітка на падлогах і сценах зіхаціць. На дзвярах вісіць аб'ява на польскай і беларускай мовах: «Туалет толькі для пасажыраў PKP!!!» Як даўно з'явіўся варыянт па-беларуску — невядома.

Двое пасажыраў-палякаў перагаворваюцца паміж сабой — абмяркоўваюць адкрыццё мяжы.
«Праз Баброўнікі дарога лепш наладжаная, чым у нас. Значыць, там хутчэй адкрыюць», — разважае адзін з іх.
Польшча не адмаўляецца ад планаў адкрыцця памежных пераходаў з Беларуссю
МЗС: Не прэм'еру Польшчы ці Літвы вырашаць, калі адкрыць мяжу
Польшча прыбрала частку перашкод на памежным пераходзе «Кузніца»
Два памежныя пераходы на мяжы Польшчы і Беларусі плануюць адкрыць у сярэдзіне лістапада
«У палякаў усё гатова». Што кажуць пра магчымае адкрыццё «Брузгоў» і «Бераставіцы»?
Цяпер чытаюць
Сумленне, каханне, колы пекла і галівудскі фінал. У сям’і будаўніка і бібліятэкаркі з Пружанскага раёна Ігара і Юліі Лаптановічаў арыштавалі спачатку яго, пасля — яе, а пасля і бабулю
Каментары
Пизь..ц гэта называецца. Палякам трэба зачыніць сваю мяжу назаўсёды ад такіх "беларусаў"