Архіў

Алесь Бяляцкі. Сьвята няспраўджаных надзеяў

№ 12 (274), 29 сакавіка 2002 г.


Сьвята няспраўджаных надзеяў

 

23-га на ОРТ паказвалі “Адважнае сэрца” — прыгожую гісторыю пра спробу шатляндцаў адстаяць сваю незалежнасьць. Я ніяк не магу даглядзець гэты фільм да канца. Іхная гісторыя шмат у чым перагукаецца з нашай. І калі справа даходзіць да здрады адных шатляндцаў другім дзеля ўласных прывілеяў і выгодаў, я выключаю тэлевізар. Што там “Адважнае сэрца”... Схадзі на Дзень Волі — і ўбачыш, як адны беларусы лупяць другіх. Вось ужо каторы год ён не праходзіць без сутычак зь міліцыяй і затрыманьняў. І гэта нездарма.

Пазалетась на вуліцы Менску былі выведзеныя амонаўцы, сабакі і БТРы. Затрымлівалі ўсіх без разбору — і журналістаў, і дыпляматаў, і замежных дэпутатаў.

Летась сам міністар Навумаў кінуўся амаль без аховы наперарэз сьвяточнай калёне, спрабаваў вырваць у мяне мэгафон. Мэгафона я, натуральна, не аддаў, сказаўшы яму, што ён мне не начальнік, і параіўшы ў не зусім прыстойнай форме адысьці. У выніку тузаніны ён падрапаў мне палец. І зноў былі затрыманьні.

Сёлета ўсё паўтарылася. Каля помніка Купалу было даволі весела. Людзі прыйшлі з кветкамі, са сьцягамі. Я бачыў лідэраў партыяў, пісьменьнікаў, выкладчыкаў, мастакоў. Справа ад помніка сьпявалі Лявон Вольскі зь Пітам Паўлавым, зьлева ў паветра ўзьлятаў бубен і быў чуваць гармонік.

Хтосьці яшчэ не адышоў ад леташняй кампаніі, хтосьці паасьцярогся, ведаючы сумны досьвед мінулых сьвяткаваньняў. Але я бачыў выкладчыцу, у якой на заўтра была прызначаная пераатэстацыя і якая пры затрыманьні не прайшла б яе, я бачыў студэнта, якога пасьля лютаўскага Дня сьвятога Валянціна прарэктар папярэдзіў: яшчэ раз пападзешся — і ўсё… Кожны сам вырашае для сябе, прыходзіць на такія сьвяты ці не.

Будзённай лёгікі ў затрыманьнях у гэты Дзень Волі не было. Пасьля таго як адсьпявалі “Магутны Божа”, людзі пайшлі па ходніку ў адваротны ад Жоўтага дому бок, да помніка Коласу. Каму гэта магло перашкодзіць, якую небясьпечную для ўлады сытуацыю стварыць?.. Аж не. Каля “Крышталю” на рагу Варвашэні і праспэкту Скарыны ходнік быў перагароджаны “касманаўтамі”, якія па ўказцы палкоўніка Русака, апранутага ў цывільнае, пачалі жорсткія затрыманьні. Таго Русака, які сядзеў у свой час у Вярхоўным Савеце разам з Лукашэнкам і Пазьняком.

Нейкаму апэратару, які патрапіў пад зачыстку, заехалі з размаху дубінкай па камэры, аж шкляныя пырскі паляцелі ў розныя бакі, сталую жанчыну стукнулі галавой аб рэклямны шчыт, і яна на нейкі час зьнепрытомнела. Карэ “касманаўтаў” заціснула да “Крышталю” тых, хто не пасьпеў адбегчыся, і пачало ўсіх загружаць. У аўтобусы запіхнулі больш за 50 чалавек, у тым ліку і пяць журналістаў.

Шкада, што побач не было Сяргея Дубаўца зь ягонымі развагамі пра абеларушваньне і абнезалежваньне сёньняшняй улады. Хай бы калі не паўдзельнічаў, дык хоць паглядзеў. Можа, тады ягоныя прытупленыя сонным шматгадовым жыцьцём у Літве рэцэптары зноў атрымалі б ранейшую чуйнасьць.

Да помніка Коласу “прасачылася” чалавек 20, у асноўным сталых людзей, якія і там паспрабавалі штосьці пасьпяваць. Доўга гэтага ім рабіць не далі. Хутка пад’ехалі “касманаўты” і забралі ўсіх.

У Горадні таксама прайшлі масавыя затрыманьні тых, хто прыйшоў сьвяткаваць Дзень Волі. Арыштавалі больш за трыццаць чалавек, у тым ліку і Юрася Хадыку, які прыехаў у Горадню выступіць на мітынгу.

Лёгіка ў такіх дзеяньнях уладаў адна — ніякай вам незалежнасьці, ніякага вам Дня Волі. Мяркую, гэтая пазыцыя беларускіх уладаў узгодненая з расейскімі. Але ці ёсьць яшчэ большае сьвята ў нас, у беларусаў? Што іншае можа хоць раз на год аб’яднаць усіх нас, нагадаць пра тое, што мы маглі мець і ня маем і што яшчэ можам займець? І таму ў гэты дзень, колькі б людзей ні выйшла, — я на вуліцы.

Алесь Бяляцкі


Каментары

Цяпер чытаюць

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве перапахаваюць пісьменніка Сяргея Пясецкага4

Перавозчыкі ўжо аднавілі прамыя рэйсы ў Польшчу. Колькі цяпер каштуюць білеты4

«Дзіда трапіла яму ў грудзі». Падчас прадстаўлення ў Лідзе смяротна паранілі каня3

Трамп дазволіў НАТА збіваць расійскія самалёты і пахваліў Украіну за выдатную працу2

Трамп збіраецца пагаварыць з Орбанам, каб той не купляў расійскай нафты1

Беларус расказаў, як яго спрабавалі ўцягнуць у ценявы бізнэс па пастаўцы люксавых аўто з Польшчы ў Расію1

Новым сімвалам беларускага турызму зрабілі кветку бульбы14

У Барысаве збіраюцца выпякаць фіялетавы хлеб2

Тэхнабанк перастае вяртаць грошы па Tax Free. Як цяпер забіраць ваты?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

Памёр былы палітвязень Валерый Цімашэнка. Яму было 42 гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць