Эфэкт Анісімава
Філярманічны сэзон распачаўся ў Опэры
У эпоху лядовых палацаў ня варта спадзявацца на хуткае будаўніцтва новае канцэртнае залі. У мэляманаў адна надзея: абы адрамантавалі старую залю на плошчы Якуба Коласа да пачатку наступнага філярманічнага сэзону. Цяпер Філярмонія, як вядома, закрытая з прычыны таго, што сьцены будынку далі расколіны.
Мастацкі кіраўнік Беларускай філярмоніі Юры Гільдзюк абяцае, што праблемы зь філярманічным будынкам амаль не адаб’юцца на інтэнсіўнасьці сталічнага канцэртнага жыцьця. 23 верасьня Філярмонія адчыніла свой 65-ы сэзон.
Першы канцэрт адбыўся ў Опэры, якая дазволіла скарыстацца сваёй заляй амаль бясплатна — Філярмонія мусіла аплаціць толькі паслугі дапаможнага пэрсаналу. Шмат клопату было з транспартаваньнем неабходных прыладаў: крэслаў для аркестрантаў, дырыжорскага подыюму, а галоўнае — канцэртнага раялю “Stainway”.
Кіраўніцтва Філярмоніі добра перанэрвавалася, пакуль каштоўны інструмэнт заняў новае (часовае) месца. Аднак іншага выйсьця не было. Раяль Опэры непрыдатны ўжо нават для акампанэмэнту. Між тым, філярманічны сэзон адкрываў знакаміты Андрэй Паначэўны. А значыцца, і раяль мусіў быць найлепшы ў краіне (хоць і ён, згаданы “Stainway”, далёкі ад дасканаласьці).
Другім героем вечара быў дырыжор Аляксандар Анісімаў. Вось ужо другі сэзон запар ён узначальвае абодва вядучыя беларускія аркестры: Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны і аркестар Опэры. Магчыма, дзякуючы гэткаму сумяшчэньню пасадаў і ўдалося арандаваць опэрную залю задарма. Гэтым разам Анісімаў стаяў на чале філярманічнага калектыву. Заля была поўная. З аркестравай ямы выцягнулі ўсе крэслы і расставілі ў партэры, бо месцаў не хапала. Не ставала й праграмак, у якіх былі б надрукаваныя ня толькі біяграфіі саліста і дырыжора, але й прозьвішчы ўсіх аркестрантаў.
Народ сабраўся найперш для таго, каб паслухаць Паначэўнага — ляўрэата сёлетняга конкурсу імя Чайкоўскага. Вечар распачаўся з выкананьня Другога канцэрту для фартэпіяна з аркестрам Сяргея Рахманінава, у якім саляваў Андрэй Паначэўны. Шчыра кажучы, я была ўпэўненая, што значная частка публікі пасьля ягонага выступу не захоча слухаць грувасткую, цяжкую для ўспрыманьня Другую сымфонію Рахманінава. Аднак пасьля антракту ўсе слухачы вярнуліся на свае месцы. Прычым сп.Анісімаў здабыў нашмат больш воплескаў, чым сп.Паначэўны.
Сапраўды, выступ Анісімава аказаўся болей эфэктным. Аркестар, які ў апошнія гады рэдка цешыў нас якасьцю ігры, зайграў сымфонію дасканала, як за лепшымі сваімі часамі. Асабліва ўразілі сваім поўным і гнуткім гучаньнем віялянчэлі і кантрабасы, а таксама драўляныя духавыя інструмэнты. Дый маэстра грунтоўна прадумаў сваю дырыжорскую канцэпцыю. Выкананьне Другой сымфоніі Рахманінава было ягонай даўняй марай, ён наважваўся гэта ажыцьцявіць яшчэ ў 1996 г., але тады ня лёсіла.
Паначэўны таксама іграў добра, асабліва лірычныя эпізоды. Аднак спэцыфічная акустыка опэрнае залі, неспрыяльная для гучаньня фартэпіяна, псавала ўражаньне. Шматлікія тонкасьці выкананьня прайшлі па-за ўвагай публікі. Гук аказаўся нібыта прыглушаным, складалася ўражаньне, быццам Паначэўнаму бракуе маштабу і моцы. Між тым, у фінале конкурсу Чайкоўскага беларускага піяніста шэсьць разоў выклікалі на біс менавіта пасьля выкананьня Другога канцэрту!
Сэзон распачаўся зь сюрпрызаў, і можна не сумнявацца, што іх будзе яшчэ шмат. Месцы спатканьня з музыкаю могуць мяняцца, але музыка застаецца сабой — самым прыгожым мастацтвам у сьвеце.
Юлія Андрэева
Каментары