Архіў

Рэпэртуар для «Санаты-FM»

Якім можа быць рэпэртуар айчыннае FM-станцыі з клясычнай музыкай

Cлухаючы час ад часу айчынныя FM-станцыі, чалавек ня можа не заўважыць некаторых зьменаў. Я не кажу пра зьнікненьне апошняй беларускамоўнай хвалі і замену яе на нейкі безаблічны «Радиус». У этэры стала заўважна больш музыкі, якой раней практычна ніколі не было. І падаюцца гэтыя 50% пад назваю «беларуская музыка». Тут і Барыс Маісееў, і Аляксандар Саладуха, і група «Краскі» і да т.п.

Калі ўявіць сабе гіпатэтычную станцыю з клясычнай музыкай (назавем яе, прыкладам, «Саната-FM») і паставіць перад ёй сучаснае патрабаваньне (50% беларускага гучаньня), дык узьнікнуць вялікія цяжкасьці. Ёсьць многа цудоўнай беларускай музыкі: і сымфанічная, і камэрная, і харавая, ёсьць і арганныя творы, і фартэпіянныя, і акадэмічныя творы для народных інструмэнтаў. Я б нічога ня меў супраць, калі б можна было штодня слухаць творы Смольскага, Солтана, Гарэлавай, Хадоскі... Але тут ёсьць адзін аспэкт: у айчыннай музыцы няшмат «шлягераў», таго, што прыцягвала б большую слухацкую аўдыторыю, рэклямадаўцаў, прадусараў. Такіх шлягераў, як «Танец маленькіх лебедзяў» ці «Палёт валькірыяў», як арыя Фігара ці Першы канцэрт Чайкоўскага. Мне сходу прыгадваецца хіба Палянэз Агінскага ды фрагмэнты з «Маленькага прынца» Глебава.

Аднак калі кіравацца такой самай лёгікай, як і нашыя папсовыя ды-джэі, дык фармальна можна лічыць беларусамі тых самых Манюшку, Мусаргскага ды Глінку, Стравінскага ды Шастаковіча. Чаму б ня ставіць у этэр опэры «Галька» Манюшкі й «Барыс Гадуноў» Мусаргскага, чаму б не лічыць беларускай арыю Сусаніна ці «Ленінградзкую» сымфонію Шастаковіча? Прынамсі, гэта такая ж «беларуская» музыка, як і «Голубая луна» ў выкананьні Барыса Маісеева.

Атрымліваецца чыста тэрытарыяльнае разуменьне «нацыянальнага мастацтва». Я з такім сутыкнуўся на занятках з канцэртмайстарскага майстэрства ў Акадэміі музыкі. Тутака раз на год сярод мноства твораў кожны студэнт мусіць выканаць абавязковы раманс ці арыю беларускага кампазытара. Часьцей за ўсё гэта бывае які-небудзь невялічкі рамансік «мясцовага» кампазытара на словы Пушкіна ці Бродзкага, часам — на словы Шэксьпіра або Гайнэ, але абавязкова па-расейску. З гэткім самым посьпехам можна было б выконваць творы смаленскіх ці разанскіх, карацей — «рэгіянальных» кампазытараў. Іншага ж і не патрабуецца. Студэнтам і ілюстратарам няма як упэўніцца ў сьпеўнасьці роднай мовы. Аднойчы я пачуў ад сваёй выкладчыцы, што нават гучаньне беларускай мовы ў яе «выклікае агіду». Гэтак я быў агаломшаны, калі пачаў з захапленьнем распавядаць пра праект выданьня знакамітых вакальных цыклаў Шубэрта зь беларускім перакладам тэкстаў Васіля Сёмухі.

Радыёстанцыя й канцэртная заля — зусім розныя рэчы. На канцэрце ніхто ўжо ня можа запатрабаваць ад Робэрта Планта засьпяваць палову песьняў па-беларуску. У канцэртах з акадэмічнае музыкі дык і зусім свабода. Выканаўцы вольныя граць пераважна творы заходнеэўрапейскіх кампазытараў дзе заўгодна: у Японіі ці Мэксыцы, у ЗША ці Аўстраліі. Ліцэйскі настаўнік кампазыцыі Кім Цесакоў не стамляўся казаць нам: «Вы — бе-ла-рус-кі-я піяністы. Таму ў вашым рэпэртуары заўсёды павінна быць адно аддзяленьне з твораў беларускіх кампазытараў». Унутрана я зь ім і пагаджаўся і не пагаджаўся. Трэба сказаць праўду: у неабсяжным сьпісе сусьветных шэдэўраў, напісаных для фартэпіяна, няма твораў беларускіх кампазытараў. А той, хто хоча складаць канцэртныя праграмы, тым больш — браць удзел у міжнародных конкурсах, мусіць граць пераважна шэдэўры.

Іншая рэч, што клясычная музыка значна менш зьвязаная із словам, чым сучасная песенная культура. Клясычная музыка куды больш унівэрсальная й абстрактная. Што не замінае адшукваць шмат украінскіх ці арабскіх матываў у творчасьці Чайкоўскага ці Балакірава адпаведна.

Значна больш лягічным было б на ўяўнай клясычнай FM ставіць многа зусім розных твораў у выкананьні айчынных музыкаў. І гэта таксама рабіць было б вельмі цяжка: мала якасных запісаў. Тады паўстала б неабходнасьць, каб гэтых запісаў рабілася больш і больш. І яшчэ. Пры любым раскладзе клясычнаму FM ніяк не пагражала б засільле амэрыканскай музыкі. Дык ці не было б гэта прывабным для цяперашніх уладаў? Тое самае адбываецца ўжо цяпер з папулярнай музыкай: патрэба ў якаснай добрай беларускай музыцы мецьме вынікам ажыўленьне музычнага бізнэсу.

Віталь Стахіевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

У Нью-Ёрку самалёт Air Canada сутыкнуўся з пажарнай машынай на ўзлётна-пасадачнай паласе

У Гомелі знясуць даваенны Дом сувязі — замінае пашырыць вуліцу, якая ў гэтым месцы і так мае восем палос1

У цэнтры Мінска п'яны кіроўца пратараніў слуп

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне2

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам26

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

Перад сустрэчай з Лукашэнкам Коўла забаўлялі расказамі пра зімовую рыбалку5

Беларускі мотагоншчык цудам выжыў пасля падзення са скалы 1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць