Архіў

Галёпы

Ці плянавалі бацькі-заснавальнікі абвясьціць БНР менавіта ў гэты дзень, ці так выйшла выпадкова, але факт: Дзень Волі супадае з адным з найбольшых хрысьціянскіх сьвятаў.

25 сакавіка Зьвеставаньне (Дабравешчаньне) Найсьвяцейшай Панны Марыі сьвяткуюць каталікі, пратэстанты і частка праваслаўных цэркваў. У гэты дзень Марыя, а празь яе і ўсе людзі добрай волі атрымалі добрую вестку пра будучае нараджэньне Збаўцы.

Праўда, з той прычыны, што сёлета Зьвеставаньне прыпадае на Вялікую Пятніцу, імша ў каталіцкіх касьцёлах пераносіцца на 4 красавіка. А ў згодзе з праваслаўнай традыцыяй, грэка-каталікі будуць сьвяткаваць Дабравешчаньне на Дзень Волі і сёлета.

Вернікі абедзьвюх асноўных канфэсій шанавалі ўвесь пэрыяд паміж «старым» і «новым» Дабравешчаньнямі — Міжблагавешчыны, імкнуліся не займацца асноўнымі палявымі работамі ў гэтыя два тыдні, не выганяць першы раз жывёлы ў поле, калі надвор’е не дазволіла зрабіць да пачатку сьвятаў. Існавала складаная сыстэма рытуалаў і прымет, што можна, а чаго нельга рабіць у гэты час: напрыклад, высаджваць расаду й папраўляць агароджу ў гародах можна, але кольле ні ў якім разе не ўбіваць у зямлю, а пагатоў нельга араць або баранаваць. Лічылася, што нельга чапаць маці-зямлі, бо яна можа прагневацца ды не зарадзіць.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

(Сакрэтамі галёпаў дзяліліся Галіна Вештарт, Фёдар Клімчук, Ганна Кандрацюк).

Коржыкі галёпы

Паколькі Дабравешчаньне амаль заўжды прыпадае на Вялікі Пост, дык цеста на сапраўдныя галёпы мусіць быць абавязкова посным — бязь яек, малака ды масла. Аднак паколькі ў асноўным прызначаліся галёпы дзецям, дык імкнуліся рабіць іх з найлепшай пшанічнай мукі, салодкімі, не шкадуючы мёду або цукру.

Калі пячы галёпы ў выглядзе коржыкаў, трэба замясіць поснае ды прэснае пясочнае цеста. На дзьве шклянкі мукі — ад дзьвюх сталовых лыжак да адной шклянкі цукру або мёду, на густ, чвэрць шклянкі алею. Паколькі прамысловасьць забясьпечвае нас дастаткова посным маргарынам, можна замяніць алей маргарынам (каля 150 г на дзьве шклянкі мукі — так выйдзе смачней). Крыху солі, палову ці цэлую чайную лыжачку соды, «загашанай» воцатам, можна 1—2 сталовыя лыжкі рому, дэсэртнага віна ці гарэлкі. Не зашкодзяць апэльсінавая ці лімонная цэдра, ваніль, цынамон — не парушым так установак посту, але тады нашы галёпы будуць набліжацца, хутчэй, да кухні гарадзкой сярэдняй клясы ХІХ ст., чым да патрыярхальнага сялянскага стала. Зрэшты, гэта як каму падабаецца. Досыць доўга замешванае цеста лепей зьмясьціць на паўгадзіны ў лядоўню. Калі выпякаць галёпы ў выглядзе булак, то неабходна дадаць дрожджы.

І калі ласка — пячыце ў печы або ў духоўцы пры раўнамернай тэмпэратуры (180—200°С) да залаціста-жоўтага колеру. І частуйце — дзяцей, буслоў, маці-зямлю, сяброў-нацыяналістаў ды выпадкова сустрэтых міліцыянтаў. Са сьвятам Вясны вас. Са святам Надзеі!

Буська, буська, на табе галёпу,

Дай мне жыта копу!..

Каментары

Цяпер чытаюць

Вяскоўцы злавілі цуда-звера, але ён знік пры дзіўных абставінах8

Вяскоўцы злавілі цуда-звера, але ён знік пры дзіўных абставінах

Усе навіны →
Усе навіны

У Казахстане праходзіць рэферэндум па папраўках, якія на 80% мяняюць Канстытуцыю. Што там?9

Бабарыка: Да свайго вызвалення я ўвогуле не бачыў Івана Краўцова. Не ведаю, што ён рабіў23

Вайна з Іранам — залатая жыла для амерыканскіх нафтавікоў9

У Кітаі паліцыя «арыштавала» гуманоіднага робата, які напужаў на вуліцы пенсіянерку1

У Маскве тэлефонныя махляры прымусілі 20‑гадовага футбаліста абакрасці прадпрымальніцу. Жанчыну ён зарэзаў12

Пашынян папрасіў звольніцца дырэктарку Інстытута генацыду армян, бо яна зрабіла палітычна няправільны падарунак віцэ-прэзідэнту ЗША4

Вызваліўся адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Іван Марозаў — гэта быў яго другі палітычны тэрмін1

У Добрушскім раёне ратавальнікі дасталі з-пад лёду цела рыбака1

Рэкорднымі тэмпамі ідзе збор на ўкол для Ксюшы з магілёўскага дзетдома, ад якой адмовілася мама — яшчэ плюс $190 тысяч за дзень2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вяскоўцы злавілі цуда-звера, але ён знік пры дзіўных абставінах8

Вяскоўцы злавілі цуда-звера, але ён знік пры дзіўных абставінах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць