Усе згубілі на абвале рынкаў, адзін Бафет зарабіў. У чым сакрэт?
На мінулым тыдні мільярдэры страцілі сотні мільярдаў долараў. Акцыі абрынуліся. Ілан Маск, Марк Цукерберг і Джэф Безас — усе ў мінусе. Але адзін чалавек здолеў умацаваць свае пазіцыі. Гэта 94-гадовы Уорэн Бафет. Як так?
Уорэн Бафет. Фота: Daniel Zuchnik / Getty Images
Паводле звестак Bloomberg, з пачатку года Ілан Маск пабяднеў на 110 мільярдаў долараў, Джэф Безас — на 37,6 мільярда, Марк Цукерберг — на 18,6 мільярда. Толькі Уорэн Бафет здолеў пазбегнуць значных страт: з пачатку года яго капітал павялічыўся на 23,4 мільярда долараў.
На канец 2024 года, паводле Wall Street Journal, кампанія Бафета Berkshire Hathaway трымала на рахунках і ў дзяржаўных аблігацыях ЗША 321,4 мільярда долараў — рэкордная сума. Гэта больш за ВУП Фінляндыі і амаль роўна ВУП Чэхіі.
Аналітыкі адзначаюць, што такі аб'ём грошай сведчыць пра асцярожны падыход Бафета да цяперашняй сітуацыі на рынку.
У сваім штогадовым лісце акцыянерам 22 лютага 2025 года Бафет падкрэсліў: нягледзячы на «надзвычайную» кэш-пазіцыю, асноўная частка сродкаў усё роўна знаходзіцца ў акцыях.
На той момант пагрозы новых мытаў ад Дональда Трампа былі толькі словамі. Толькі ў сакавіку Бафет назваў гэтыя меры «ў пэўнай ступені актам вайны».
Нягледзячы на гэта, яго паводзіны ў 2024 годзе былі выразнымі: ён аддаваў перавагу захаванню кэшу, а не куплі новых акцый.
«Свет засяроджаны на кароткатэрміновых выніках. Але доўгатэрміновыя рашэнні працуюць лепш», — кажа Бафет.
З 1965 года акцыі інвестыцыйнага холдынгу Berkshire Hathaway раслі ў сярэднім на 19,9% у год, у параўнанні з 10,4% у асноўнага фондавага індэксу ЗША S&P 500, які адлюстроўвае сярэднюю цану 500 найбуйнейшых кампаній.
Па словах Бафета, выдатныя вынікі патрабуюць цярпення. Часам лёгка паддацца думцы, што інвестар страціў хватку, але важна не паддавацца рынкавым настроям.
У сваім лісце ён запэўніў: Berkshire ніколі не будзе аддаваць перавагу наяўным грашам або іх эквівалентам (напрыклад, аблігацыям), калі ёсць магчымасць укласціся ў добры бізнес — нават калі гэта частковая ўласнасць.
Адначасова Бафет не ўкладаецца ў перагрэты рынак. Ён цярпліва чакае па-сапраўднаму выгадных магчымасцяў. У адрозненне ад іншых мільярдэраў, ён не купляе тое, што ў модзе. Ён купляе толькі тое, што стабільнае і недаацэненае.
Як адзначае Forbes, філасофія Бафета абапіраецца на ідэі Бенджаміна Грэма: разглядай акцыю як бізнэс, а не як лічбу на фондавым рынку, якая пастаянна мяняецца.
Пакуль іншыя ўкладаліся ў новыя лічбавыя тэхналогіі і крыптавалюты, Бафет інвеставаў у электрасеткі, страхавыя кампаніі і чыгункі. Гэта можа выглядаць нянова, але гэта стабільна і прыносіць прыбытак нават у цяжкія часы.
У той жа час Бафет выбарачна інвестуе за межамі ЗША. Яшчэ ў 2019 годзе ён уклаўся ў пяць японскіх гандлёвых кампаній. Гэта доўгатэрміновая стаўка на надзейны і прыбытковы бізнэс, а не спроба зарабіць на кароткатэрміновых спекуляцыях.
У лісце акцыянерам Бафет нагадаў: Berkshire амаль не выплачвае дывідэндаў. З 1967 года — толькі адзін раз. Усе прыбыткі рэінвестуюцца ў развіццё кампаніі. І гэта дае вынік: у 2024 годзе рынкавы кошт Berkshire перавысіў трыльён долараў.
«У малым маштабе акцыянеры ўдзельнічалі ў «амерыканскім цудзе», адмаўляючыся ад дывідэндаў дзеля росту. Спачатку гэта былі капейкі, але з часам — мільярды», — піша Бафет. «Калі мы не спажываем, а рэінвестуем — гэта і ёсць капіталізм. Са сваімі недахопамі, але з унікальнай здольнасцю ствараць эканамічныя цуды».
Такім чынам, Уорэн Бафет зарабляе, калі іншыя губляюць, таму што не спяшаецца, трымае кэш у чаканні лепшых магчымасцяў, укладвае ў тое, што разумее, і верыць у цярпенне і сілу складаных працэнтаў.
І гэта працуе: з пачатку 2025 года акцыі Berkshire выраслі на 5,6%, у той час як S&P 500 — толькі на 2,2%.
У маі кампанія апублікуе фінансавую справаздачу за першы квартал і стане зразумела, ці выкарыстаў Бафет частку кэша пасля вясновага абвалу рынку.
Сваім пераемнікам у Berkshire Hathaway Бафет выбраў малавядомага кіраўніка хеджфонду з Канектыкута Тода Комбса. Годнага кандыдата ў Berkshire Hathaway шукалі больш за пяць гадоў.
У адрозненне ад Трампа, Бафет не верыць у крыптавалюты.
«Што да крыптавалют, увогуле, я магу сказаць дастаткова ўпэўнена, што яны дрэнна скончаць. Калі і як гэта здарыцца — я не ведаю», — заяўляў кіраўнік інвестфонду Berkshire Hathaway яшчэ ў 2018 годзе. Бафет таксама запэўніў, што ніколі б не стаў гуляць на ф'ючэрсах крыптавалют.
Уорэн Бафет — гэта прыклад не толькі талентавітага фінансіста, але і сумленнага, сціплага чалавека.
Жыве ён у Омасе, штат Небраска, ЗША. Жыве ў тым самым доме, які ён набыў за $31 500. Дом знаходзіцца ў звычайным жылым раёне Омахі і стаў сімвалам яго аскетычнага стылю жыцця, нягледзячы на мільярдны капітал.
Дом Уорэна Бафета ў Омасе, Небраска, ЗША. Фота з сацыяльных сетак
Хоць ён валодае вялізнымі сродкамі, Бафет не мае асабістых вілаў, яхт ці раскошных асабнякоў.
За сваё жыццё ён ахвяраваў на дабрачыннасць больш за $57 мільярдаў. У 2024 годзе ён зрабіў найбуйнейшае штогадовае ахвяраванне, перадаўшы акцыі Berkshire Hathaway на суму $5,3 мільярда пяці дабрачынным фондам, уключаючы Фонд Біла і Мелінды Гейтс. Больш за тое, Бафет абавязаўся перадаць на дабрачыннасць 99% свайго багацця, і пасля яго смерці яго дзеці будуць адказныя за размеркаванне амаль $150 мільярдаў праз дабрачынны траст.
Чытайце таксама:
Цана нафты Brent упершыню за 3,5 года ўпала ніжэй за $68 за бараль
«Удар па Tesla» — праціўнікі Маска пратэставалі ва ўсім свеце