Архіў

«Спорт-Экспресс»: Прыезд у Беларусь як вяртаньне ў мінулае

БАТЭ — «Крылы Саветаў» 0:2 (0:2), «Цепліцэ» — МТЗ-РІПО 2:1 (1:1). Рэпартаж з барысаўскага матчу Алега Раяўца.

Шанцы трапіць у асноўную сетку Кубку УЭФА ў беларусаў былі. Перад матчамі ў адказ 25 жніўня іх было болей у менскага МТЗ-РІПА. На БАТЭ спадзеваў было меней. Тут дадавалася няўпэўненая гульня ў сёлетнім чэмпіянаце, а таксама параза ў першым матчы ў Самары з «Крыламі Саветаў» 0:2. Каб прайсьці ў наступны раўнд, барысаўцы мусілі забіць тры мячы, не прапусьціўшы ніводнага. Задача з сфэры фантастыкі. Простая перамога над расейцамі дадала б пару балаў у агульны каэфіцыент беларускіх клюбаў на эўрапейскай арэне.

Матч пачаўся а 21-й па просьбе гасьцей. А 19-й піцерскі «Зэніт» гуляў з аўстрыйскім «Супэрфундам», і маскоўскім тэлевізійнікам карцела паказаць абодва матчы.

За БАТЭ хварэюць ня толькі ў Барысаве. Па дарозе мы даганялі мікрааўтобусы зь менскімі й жодзінскімі заўзятарамі.

За «Крылы Саветаў» жа прыехалі пахварэць заўзятары ня толькі з Самары й Масквы, але нават з Украіны і Літвы. Усяго каля 200 чалавек, у дзесяць разоў болей, чым беларусаў на матчы на берагах Волгі два тыдні таму.

Утульны барысаўскі стадыён быў цалкам запоўнены (5500 гледачоў). Усё было зроблена пад гасьцей. Нават замест беларускіх песень перад матчам трансьлявалі «Течет река Волга».

Апошняя надзея на пазытыўны вынік у гульні зьнікла з пачаткам матчу. Самарцы адразу кінуліся ў атаку і за першыя чатыры хвіліны сустрэчы пасьпелі падаць ажно тры кутнія ўдары. На 5-й хвіліне кропку ў беларуска-расейскай дуэлі паставіў форвард валжанаў і беларускай нацыянальнай зборнай Віталь Булыга, забіўшы гол-прыгажун у левы верхні ад кіпэра БАТЭ Федаровіча кут. Дзе ты, Віталя, быў у матчах з Славеніяй і Шатляндыяй, калі мяч упарта пасьля сустрэчаў з табой ня лез у варожыя вароты?

Зрэшты, ніякай варожасьці з боку барысаўскіх заўзятараў да Булыгі не назіралася. Калі яго на 66-й хвіліне замянілі на Амары Тэтрадзэ, гледачы праводзілі беларуса аплядысмэнтамі. За «Крылы» згулялі таксама беларусы Аляксей Сквярнюк і Дзяніс Коўба.

Беларусы актывізаваліся хіба ў другой палове першага тайму — правялі некалькі атак і нават забілі гол, аднак мяч ня быў залічаны — судзьдзя зафіксаваў напад на брамніка «Крылаў» бразыльца Лобаса. Скрасіў змрочны настрой трыбунаў ганскі форвард гасьцей, экс-гулец менскага «Дынама» Баба Адаму, што ня раз прамахваўся з найвыгоднейшых пазыцый. А пад канец першага тайму ён, знаходзячыся на варатарскай лініі, прамахнуўся па мячы і ўпаў. Пабіўся колькі хвілін у канвульсіях — і падняўся. У нас ня Афрыка, можна і прастудзіцца.

На пасьляматчавай прэс-канфэрэнцыі трэнэр самарцаў Гаджы Гаджыеў канстатаваў, што з афрыканцам будуць працаваць далей, майстэрства яму відавочна бракуе.

У перапынку стадыённы ды-джэй паспрабаваў завесьці публіку: «Яшчэ крыху — і перамога будзе за намі». Але для беларусаў зноў нешчасьлівай аказалася 5-я хвіліна, гэтым разам другога тайму, калі «Крылы» забілі другі мяч. Беларускія трыбуны прыціхлі, і з гэтага часу гледачоў куды больш цікавіла, хто лепш пускае «хвалю» — заходняя ці ўсходняя трыбуны. Потым гэта надакучыла, і за пятнаццаць хвілін да канца сустрэчы пачаўся масавы адток гледачоў. Глядзець не было на што. Большасьць удараў барысаўцаў наносілася з-за межаў штрафной, а форварды БАТЭ надта ўжо неахвотна перасоўваліся па полі.

«Хуткі гол фактычна вырашыў хаду гульні. Некаторыя нашы гульцы проста прысутнічалі на полі».

На шляху ў цывілізаваную Эўропу нас абганяюць ня толькі заходнія суседзі, але і ўсходні. Расейскія карэспандэнты прыехалі з ноўтбукамі, каб перадаць рэпартаж у наступны, пятнічны нумар, а адзін з самарскіх журналістаў вёў жывую трансьляцыю на тамтэйшае FM-радыё па мабільным тэлефоне. У беларускай спартовай штодзённай прэсе рэпартаж пра матч зьявіўся толькі на пяты дзень, у аўторак. І праблема тут ня столькі ў журналістах, колькі ў манаполіі айчынных друкароў.

Таму мяне не зьдзівіў рэпартаж аб матчы ў аўтарытэтнай расейскай газэце «Спорт-Экспресс», карэспандэнт якой параўнаў візыт у Беларусь зь вяртаньнем у мінулае: «Пабываўшы ў Беларусі, вельмі цяжка абысьціся без матываў рэтра. Адныя павязкі «дружыньнік» чаго вартыя... Ці абсалютная адсутнасьць атрыбутыкі ў мясцовай каманды. Паводле суворых беларускіх законаў, каб выпускаць праграмкі на продаж, клюб мусіць набыць дарагую ліцэнзію, што робіць гэты бізнэс нявыгадным. У выніку праграмкі выдалі строга па адной толькі журналістам, футбалістам і VIP-гасьцям».

Але галоўнае — розьніца ў клясе. Тыя ж «Крылы» нічога звышнатуральнага ў Барысаве не прадэманстравалі. Празь фінансавыя цяжкасьці і зьмену прэзыдэнта клюбу каманду пакінула дзесяць вядучых футбалістаў, замест іх набрана моладзь, а «Крылы» ў чэмпіянаце Расеі скаціліся на 13-е месца. БАТЭ ж — адзін з найлепшых беларускіх клюбаў, ён ніводнага разу не апускаўся ніжэй за трэцяе месца. Але прайгралі па ўсіх артыкулах. Той жа «Спорт-экспресс» вельмі трапна ахарактарызаваў моц беларускага футболу, заўважыўшы, што БАТЭ прыйшлося б цяжка нават у першай — не вышэйшай — лізе расейскага чэмпіянату.

У наступным раўндзе Кубку УЭФА «Крылы Саветаў» сустрэнуцца з галяндзкім AZ, што летась зьдзівіў усіх, выбіўшыся ў паўфінал Кубку УЭФА. Чэскі «Цепліцэ» трапіў на каталюнскі «Эспаньёл». Клюбы з Алькмаару і Барсэлёны маглі б прыехаць і ў Беларусь, але пакуль наша доля — кіпрыёты і грузіны ў кваліфікацыйных раўндах.

Каментары

Цяпер чытаюць

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП16

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі38

Паветраная прастора над Вільняй была адкрытая ў 4:30

ДАІ аб'явіла вайну маршруткам. А дзе яшчэ ў свеце катаюцца на іх?5

УСУ пашкодзілі дамбу пад Белгарадам3

Часопіс МЗС Расіі прапанаваў прымяняць ва Украіне савецкі досвед акупацыі Германіі6

Літва зноў закрыла мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін40

Што было ў апошніх галасавых паведамленнях Веры Краўцовай, якая знікла ў М'янме6

Мінская фатографка трапіла ў страшную аварыю на самакаце ў Дубаі. Яна праляжала ў коме 14 дзён12

Гэтыя львы — адзіныя ў свеце, якія палююць на марскую здабычу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП16

Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць