Архіў

Караткевіч у галоўнай ролі

Спэктакль віцебскага Коласаўскага тэатру «Ладзьдзя Роспачы» два дні зьбіраў аншляг у Менску.

Піша Андрэй Скурко.

На пачатку публіка перажыла лёгкі шок: замест спэктаклю паказваюць мультфільм. На экране ў глыбіні сцэны біўся белакрылы матылёк, разгортвалася беларуская зямля. Пасьля аднекуль з залі паўставаў галоўны герой. І шок дасягаў піку. Гервасій Выліваха ў выкананьні Арцёма Бародзіча выявіўся ня тонкае косьці шляхціцам, якім яго звычайна ўяўляюць, якім намаляваў яго Кашкурэвіч. Гэта вальяжны волат, у паўтара разу большы за Вітаўта — Генадзя Давыдзьку, шыракатвары, неверагодна легканогі для сваёй масы — такі сабе Дубатоўк у маладосьці. Або, калі заўгодна, — Уладзімер Караткевіч. Тым больш, што апроч рэплік уласна Гервасія актор прамаўляў і словы аўтара, яшчэ мацней зьвязваючы два вобразы ў адзін. Габарытамі, белымі строямі і ўсім сваім выглядам ён кантраставаў з сваім галоўным апанэнтам — Сьмерцю. Зло граць цяжэй. Таму трэба належна ацаніць гульню Тацьцяны Ліхачовай. Яна стварыла вобраз сьмерці-спакусьніцы, самай фатальнай з усіх жанчын, што можа ня даць забыцьця. Не яе бяда, што, адсылаючы душы памерлых да павука Арахны, які выпівае памяць пра жыцьцё і радзіму, акторка змушаная была няпэўна паказваць рукою ўглыб сцэны. Многае ў спэктаклі прамаўлялася, замест таго, каб быць паказаным, сыграным. Рэжысэр Міхась Краснабаеў павярхоўна прабегся па ключавых момантах аповесьці, паспадзяваўшыся на сілу тэксту. І гледачы ўражваліся, сьмяяліся, задумляліся менавіта над тэкстам, над рэплікамі. Ратавала яшчэ сцэнаграфія: клеткі для чалавечых душаў — нібы алюзія на Караткевічавага «Хрыста», спаруды-касьцюмы, зь якіх выходзіш, ператвараючыся з афіцыйнае асобы ў жывога чалавека. Дый заяўлены жанр — музычная легенда — прымушаў дараваць недаравальнае для сур’ёзнай драматычнай пастаноўкі. Песень, прасьпяваных за спэктакль (музыка Ўладзімера Кандрусевіча), хапіла б на альтэрнатыўны Сушаваму праект на вершы Караткевіча. Мэлёдыя-ляйтматыў «Я сумую па Радзіме» вядзе нас скрозь увесь спэктакль і пры канцы ператвараецца ў палянэз Агінскага. Ад гэтых гукаў зойдзецца не адно эмігранцкае сэрца — у наступным месяцы коласаўцы едуць на гастролі ў ЗША.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як пахудзеў Лукашэнка ФОТЫ32

Як пахудзеў Лукашэнка ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

На мяжы з Украінай пачынаецца новы этап будаўніцтва вайсковага палігона1

Праз Беларусь пачалі масава пралятаць не толькі расійскія дроны, але і ўкраінскія43

У Польшчы накрылі падпольную тытунёвую фабрыку. Затрыманыя дзесяць беларусаў4

«Тое, чаго ў сацсетках няма цяпер». Як жыхар Слуцка адзначыў свой дзень народзінаў і стаў зоркай Threads1

Зміцер Дашкевіч: Ты не маеш права інтарэсы Беларусі ставіць вышэй за сям’ю43

Жанчына аддала тэлефонным махлярам паўмільёна рублёў і прадала аўтамабіль1

Цана адной паездкі: у Гомелі асудзілі дзяўчыну, якая на самакаце збіла пенсіянерку. Як пакаралі?1

Дзятлаўскі дальнабойшчык паехаў ваяваць за Расію — з білетам у адзін кірунак9

У Мінск прывязуць знакамітую «Прагулку» Шагала2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як пахудзеў Лукашэнка ФОТЫ32

Як пахудзеў Лукашэнка ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць