Вызвалены журналіст Павел Мажэйка: Мы ўсе ў калоніі бачылі допіс Трампа
Вызвалены гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка расказаў Радыё Свабода пра сустрэчу з дзецьмі, допіс Трампа і мрою пра піцу.

«Усе мы бачылі твіт прэзідэнта Амерыкі»
Паўла Мажэйку выпусцілі з турмы і дэпартавалі з Беларусі 11 верасня, у групе паўсотні палітвязняў.
Праз некалькі гадзін пасля вызвалення ў размове з «Свабодай» ён адзначыў, што эмоцый шмат.
«Безумоўна, я задаволены, рады. Як бы мы ні казалі, што мы прызвычаіліся, што мы прыстасаваліся да ўмоваў дзяржаўных калоній, следчых ізалятараў, у любым выпадку гэта пекла. Для кагосьці большае, для кагосьці трошкі лягчэйшае, але ў цэлым гэта пекла. Я задаволены, што я ўжо не там», — сказаў ён.

Мажэйка кажа, што яму ніхто не тлумачыў, куды яго вязуць. Але ён мог здагадвацца, бо ведаў, што ўжо год ідуць падобныя вызваленні.
Яго спешна выклікалі з рэчамі, калі ён галіўся, а шостай раніцы.
«Натуральна, што ўсе мы бачылі тві́т прэзідэнта Амерыкі пра 1300 чалавек. Разумелі, што ўсё гэта бурліць», — кажа Павел пра тое, што допіс Трампа паказвалі на адным з дзяржаўных беларускіх або расійскіх тэлеканалаў, якія ідуць у калоніі.
Злавіў дыназаўра
Эмацыйнай была сустрэча з дзецьмі пасля больш як трохгадовага перапынку. Малодшаму сыну не было трох гадоў, калі бацьку затрымалі. Цяпер яму шэсць. Павел кажа, што малы пры сустрэчы ведаў, што перад ім тата.
«І для яго, і для мяне гэта такі момант… Патрабуецца яшчэ час на знаёмства, час на прыцірку. Безумоўна, мы адно аднаму рады. Эмоцыі, як бы ты сабе ні ўяўляў гэтыя сустрэчы, немагчыма ўсё прадбачыць. Былі і пахлюпванні носам. Але ў цэлым усё добра», — дзеліцца ён.
Мажэйка дадае, што амаль штотыдзень атрымліваў ад сына лісты з малюнкамі.
«Я вельмі прасіў усю сям’ю з ім размаўляць пра мяне, каб гэтая сувязь, гэтая нітачка заставалася, не важна, колькі я буду сядзець у гэтай турме. Таму ён быў падрыхтаваны», — мяркуе суразмоўца.
Сын захапляецца дыназаўрамі. Пакуль Павел быў за кратамі, маці расказвала малому легенду пра тое, што тата з сябрамі заўважылі ў беларускіх лясах першага беларускага дыназаўра і яго ловяць. Мажэйка высылаў сыну некалькі нумароў самаробнага часопіса з турмы пра тое, як ідуць гэтыя пошукі.
«Гэта была гісторыя, якая таксама нас трымала на эмацыйнай сувязі», — падсумоўвае журналіст.
Павел кажа, што дыназаўра ён злавіў — і плануе яшчэ пагаварыць з сынам пра гэтую легенду.
«Ніхто не патлумачыў, ці я магу вяртацца ў Беларусь»
Павел мае рэпутацыю гурмана. Ён успамінае, што і ў калоніі вязні паміж сабой вялі размовы пра тое, якая страва цяпер асацыюецца са свабодай.
«Мне ўвесь час мроіўся кавалак піцы. Можа быць, таму што гэтая страва робіцца так разняволена. Яна такая смачная, простая, падарожная. Такая ў мяне была асацыяцыя са свабодай. Але сёння паглядзім. Я тры гады быў на «збалансаванай дыеце». Трэба прызвычаіцца да вольнай ежы», — кажа суразмоўца.
Цяпер журналіст перадусім хоча «надыхацца свабоды».
«Пасля будзе відаць. Ёсць маса цікавых ідэй, якія я сам сабе намеціў, надумаў, седзячы ў калоніі. Яшчэ мне вельмі цікавы момант: ніхто ніводнай фразай мне не патлумачыў мой статус — ці я магу вяртацца ў Беларусь. Таму я хацеў бы гэты момант высветліць. Бо розныя рэжымы з’яўляюцца, сыходзяць, а Беларусь застаецца. Я хацеў бы працаваць у Беларусі і прыносіць карысць. Ведаю, што гэта будзе значна больш, чым калі я буду за мяжой. Але пакуль трэба развеяцца, адчуць паветра», — кажа Павел.
Ён падкрэслівае, што «вялізная частка людзей сядзіць па палітычных матывах».
«Хочацца пажадаць, каб яны хутчэй вярнуліся да сваіх сем’яў, выйшлі на волю. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб гэтыя людзі выйшлі. Тады можна будзе выдыхнуць напоўніцу і сказаць, што і гэтым разам людзі нарэшце на волі», — кажа Мажэйка.
Каментары
і вось такіх людзей сістэма выціскае