Літаратура11

Алена Хрышчановіч. Парцалянавы сабачка - апавяданне

Віктару Мельнікаву

Першымі крокамі маёй шпаркай кар’еры ў Вільні я быў абавязаны добрай пра мяне думцы майго начальніка, калежскага асэсара Міхневіча. А гэтая добрая думка грунтавалася, у немалой ступені, на заўвазе з вуснаў Вацлава Жылінскага, тады яшчэ не біскупа, а каноніка, але чалавека ўжо многімі паважанага. Падзеі ж, якія прывялі да гэтай заўвагі, былі наступныя.

 

У сакавіку 1844 года адно даручэнне змусіла мяне аб’ехаць ледзь не ўвесь Лідскі павет, нядаўна перададзены ў нашую губерню з Гродзенскай. Быў я зусім малады, шчаслівы сваім чатырнаццатым рангам чыноўнік, з захапленнем браўся нават за найдурнейшую працу і думаў, што ўвесь свет хоча паціснуць мне руку і запрасіць у госці. Трэба згадзіцца, што сустракалі мяне ў мястэчках павета і сапраўды добра і клікалі ў госці нярэдка, а адно запрашэнне было зусім асаблівае. У мястэчку Б. — апошнім, якое я мусіў наведаць перад вяртаннем у Вільню, — мы гаманілі, стоячы на вуліцы, з тамтэйшым чыноўнікам, чыё імя мне цяпер так жа немагчыма згадаць, як і пасаду, калі ўвагу маю прыцягнуў стары, які акурат мінаў нас, пастукваючы кіёчкам. Старасвецкая вопратка, грунтоўнае пуза, абвіслая скура на твары і пукатыя вочы рабілі яго падобным да індыка, але індыка годнага, паважнага і нават прыемнага. Мой суразмоўца таксама яго заўважыў і гукнуў:

— Добры дзень, пане паэце!

Стары павярнуўся да нас, цырымонна нахіліў галаву і збіраўся ўжо ісці далей. Мой суразмоўца, аднак, паспяшаўся да яго:

— Пане паэце, дазвольце вам прадставіць пана... — да майго прозвішча і чыну ён дадаў трохі празмерныя ўхвалы маім здольнасцям і назваў мяне, сярод іншага, пісьменнікам (я абмовіўся яму раней, што спрабую пісаць апавяданні, хоць і без вялікага поспеху). Таго, каго называлі панам паэтам, гэта зацікавіла. Ён зрабіў крок да нас, стаў, абапершыся на кіёк, пракулдыкаў нейкую дарэчную выпадку бессэнсоўнасць, а тады ў сваю чаргу быў прадстаўлены мне як «выдатны тутэйшы паэт». Прозвішча ягонае, вядома, таксама было названае, і я добра яго памятаю, але паўтараць на паперы не буду. Дый вам яно нічога б не сказала, бо слава гэтага слугі Музаў не сягала далей суседніх фальваркаў — і цалкам заслужана. Мы абмяняліся жменяю агульных фраз, і я з нейкай нагоды адгукнуўся прыязна аб вершах Ігнацыя Красіцкага. Гэта зрабіла самае прыемнае ўражанне на старога, і я быў запрошаны ў той жа дзень з ім павячэраць. Я звыкла пагадзіўся і развітаўся да часу з панам паэтам. Чыноўнік, які нас пазнаёміў, стаяў агаломшаны. Калі я спытаў пра прычыну здзіўлення, аказалася, што пан паэт не клікаў нікога ў госці з няўпомных часоў. Хаця трымаўся ён з усімі прыязна, але ў дом ягоны даўно не заходзіў ніхто, апроч яго ды ягонай пакаёўкі, што была разам і кухаркаю.

Увечары, ва ўмоўлены час, пан паэт сустрэў мяне на ганку. Пакой, у якім прыслужніца накрыла нам вячэру, быў поўны ахайна расстаўленай і раскладзенай, але рэдка праціранай ад пылу старызны. Паўсюль, куды падала святло ад свечак, былі нейкія закаханыя пастушкі, засушаныя кветкі, чыесьці сілуэты ў рамках — утульны, кранальны хаос. З бачных мне трох паліцаў буфета ўсяго адна была занятая посудам — на іншых калі і былі нейкія талеркі ці келіхі, то цалкам схаваныя за статуэткамі ды іншым хламам.

 

Пан паэт гаварыў не змаўкаючы — расказваў мясцовыя анекдоты, разважаў пра літаратуру, але найбольш чытаў свае і чужыя вершы. Я слухаў не без прыемнасці. Расказчык ён быў добры, хоць і з нейкаю вар’ятаватасцю ў манеры, паэзію дэкламаваў няблага, і нават уласныя ягоныя вершы, хоць і не мелі ніякай каштоўнасці, усё ж былі не настолькі жахлівымі, каб сапсаваць мне настрой. Атрымаўшы магчымасць уставіць колькі словаў у размову, я пацікавіўся, ці даўно ён карыстаецца ў мястэчку такою павагаю. Стары, задаволена ўсміхаючыся, адказаў, што суседзі лічылі яго за добрага паэта яшчэ пры канцы мінулага стагоддзя, а з той пары сумняваліся ў ім усяго аднойчы. Пра той адзіны выпадак, працягваў пан паэт, усе памятаюць, так што яму ні разу не выпадала аб ім расказаць. Тут ён змоўк, чакаючы просьбы апавесці, і я, зразумела, папрасіў.

 

— У жніўні 1812 года, — пачаў пан паэт, — калі французскі імператар быў ужо далёка на ўсход адсюль, праз гэтыя месцы вяртаўся з Варшавы ў войска нейкі Ракіцкі — малады ўлан. Дарогаю ён трапіў у моцную залеву, да нашага мястэчка дабраўся зусім хворы і змушаны быў затрымацца ў аднаго з тутэйшых гасцінных гаспадароў. У першы ж вечар ён згадаў, што піша вершы, і штосьці са свайго прачытаў — цьмяныя рыфмаваныя трызненні па нейкай новай модзе. Але трэба згадаць, мой добры пане, што ён загадкава маўчаў аб тым, з якім даручэннем ездзіў у Варшаву, а да таго ж меў хвацкія вусы. Не дзіва, што паненкі і маладзіцы ўраз вызналі яго за найлепшага вядомага ім паэта і адстойвалі гэтае меркаванне так палка, што астатнія ленаваліся спрачацца. Праз які дзень, калі ўсе паверылі, што да нас завітаў новы Гарацый, гаспадара, у чыім доме жыў Ракіцкі, пераканалі зладзіць у сябе чытанне вершаў. У тым годзе ледзь не штодня хто­небудзь збіраў гасцей — не гатуючы амаль ніякага пачастунку, бо ежу ашчаджалі, а проста каб разагнаць размовамі трывогі. Вось на тым прыёме і дайшло паміж намі да спрэчкі. Калі Ракіцкі прачытаў чарговую сваю песеньку, я сказаў яму ўсё, як ёсць. Сказаў, што такога туману можа напускаць хіба той, што сам не ведае, аб чым піша, а калі б яму давялося апісаць нешта не жартам важнае, то ўраз бы стала бачна, чаго вартая гэтая балбатня побач з прастатою даўнейшых вершаў. Той ёлуп адказаў, што пяцідзесяцігадовыя не могуць зразумець, як вырасла за апошні час паэзія, і яго ўсе падтрымалі. А найбольш мяне абурыў гаспадар дома, які, адклікаўшы мяне ўбок, прасіў не зайздросціць чужому таленту і даць дарогу маладым.

 

Наступныя два дні ў мястэчку толькі й размоваў было пра перамогу іх новага ўлюбёнца над старым, а на трэці ранак гаварылі ўжо пра іншае, бо здарылася бяда. У часе той вайны, як вы, пэўна, чулі, тут паўсюль лютавалі злодзеі. Іх не было каму ўтаймаваць, і раз­пораз да нас даносілася пагалоска аб забойствах і рабунках у суседніх вёсках. А тут нягода завітала да нас. На ўскрайку мястэчка жыла старая пані; сваякоў у яе не засталося, але гасцей яна збірала нярэдка, а такія ж старыя суседкі наведвалі яе шторанку. У той дзень, прыйшоўшы да сяброўкі, яны ўбачылі, што акно ў доме выламанае з рамаю. На грукат у дзверы ніхто не адказваў. На лямант спужаных старых збегліся людзі, выбілі дзверы ды знайшлі гаспадыню мёртваю ў ложку з нажом у грудзях. У доме ўсё было перакулена, але што скралі — ніхто дакладна не мог сказаць, бо ніхто не ведаў, што тая жанчына мела. Адзінае, што было пэўна — з гасцінай забралі парцалянавага сабачку, якога старая дужа любіла, бо гэта быў падарунак яе нябожчыка­сына. Папярэдняю ноччу ніхто нічога не чуў — быў дождж і шалёны вецер — і шукаць забойцаў не выпадала.

На вуліцах, вядома, цяпер гаварылі толькі аб гэтым. А бліжэй да вечара нехта ўзгадаў пра нашую з Ракіцкім спрэчку і заўважыў, што вось, уласна, і важнае здарэнне, і цяпер паэты могуць памерацца сіламі. Прыдумка імгненна разнеслася па мястэчку і вельмі ўсіх захапіла. Бо паэтычнае спаборніцтва — забава нячастая, а вы ж ведаеце, добры пане, як у правінцыі сумна, — тут пан паэт павярнуў да мяне свой індычыны твар і мацней, чым звычайна, вырачыў вочы, чакаючы згоды. Я, кажучы праўду, быў непрыемна здзіўлены тым, як местачкоўцы зрабілі з забойства свецкую забаўку, не дачакаўшыся нават пахавання, таму прабурчаў нешта няўцямнае. Пан паэт, не зважаючы на выраз майго твару, працягваў:

— На наступны дзень гаспадар дома, дзе спыніўся ўлан, зноў сабраў госці. Нічога не абвяшчалася, але ўсе разумелі, што абодва паэты — то бок я і Ракіцкі — будуць чытаць вершы пра нядаўнюю трагедыю. Малады вісус ізноў склаў няўцяміцу, якая з роўным поспехам магла апісваць і забойства, і няшчаснае каханне. А можа, і не склаў, а выцягнуў з даўнейшых запасаў, бо калі верш ні пра што, няма розніцы, калі ён напісаны. Я ж зрыфмаваў, радок да радка, усё, што ўбачылі тым жахлівым ранкам у разрабаваным доме, — тут пан паэт, вядома, прадэкламаваў свой верш цалкам, але я ад яго памятаю толькі апошюю страфу:

 Бяжы, мястэчка, на падворак Баляславы!
З нажом у сэрцы нерухома спіць бядачка.
А ў доме ейным перакуленыя лавы,
І знік з паліцы парцалянавы сабачка.

 

На мяне гэтыя радкі, як вы разумееце, зрабілі не болей уражання, чым на вас, але ж цалкам дапускаю, што Ракіцкі пісаў яшчэ горш — чаму б не? У кожным разе, я знайшоў для пана паэта нейкія словы ўхвалы, і той, задаволены, з асалодаю перайшоў да фінала:

— Само сабою, — прагаварыў ён, вылучаючы кожнае слова, — ні ў кога не засталося сумневаў, хто перамог. Ракіцкі спрабаваў яшчэ спрачацца, але яго не слухалі. Наступным ранкам ён аб’явіў, што цалкам акрыяў, і з’ехаў далей на ўсход, амаль ні з кім не развітаўшыся. А мяне з той пары ў мястэчку завуць проста «панам паэтам».

Баючыся, што пан паэт зноў запатрабуе ацэнкі свайму вершу, а мне, адпаведна, зноў давядзецца крывадушнічаць, я вырашыў адвесці размову ўбок:

— Цікава ўсё ж, — сказаў я, — нашто забойца забраў парцалянавага сабачку?

Гаспадар дома, абуджаны ад летуценняў пра дзень сваёй славы, паглядзеў на мяне, разгублена адвесіўшы губу:

— Якога сабачку? А, таго?.. — тут ён махнуў рукою ў бок буфета, і я, пашнарыўшы вачамі ў натоўпе статуэтак на цёмнай паліцы, разгледзеў. — Цуцыка гэтага? Дык без яго ж не зрыфмавалася б. Бядачка­сабачка, ведаеце, — стары дробна загігікаў. — Між іншым, добры пане, тут немагчыма не прыгадаць адну гісторыю, што здарылася, кажуць, са слаўным вершапісцам Нарушэвічам...

Ён шмат яшчэ расказваў, не памятаю што, а я, напэўна, адказваў нешта ветлівае. Памятаю затое, што быў невыказна шчаслівы, калі нарэшце, адкланяўшыся, апынуўся на ганку і глынуў сырога сакавіцкага паветра.

Хутка пасля вяртання ў Вільню я чакаў у таварыстве двух такіх, як сам, маладых чыноўнікаў пад дзвярыма важнага кабінета. Размова зайшла аб рэлігіі. Мае калегі спаборнічалі ў найноўшых модных думках, а я збольшага маўчаў, бо добры настрой і прага да гутарак яшчэ не паспелі да мяне вярнуцца. Умяшаўся ў размову я ўсяго раз. Калі адзін з калег рытарычна спытаў, узвысіўшы голас, ці можна паверыць, што добры Бог дапускае пекла, я з нечаканаю для сябе самога рэзкасцю сказаў, што ў існаванні пекла сумнявацца не жадаю. Гэтыя словы і пачуў, ідучы паўз нас па калідоры, канонік Жылінскі. У той жа дзень, як расказалі мне пасля, ён паказаў на мяне здалёк майму начальніку, з якім быў у прыяцельстве.

— Гэта ваш падначалены? — спытаў тады Жылінскі. — Прыглядзіцеся да яго. У ім ёсць пэўная цвярозасць. Тое, ведаеце, здароўе духу, якое ў папярэдніх пакаленнях было паўсюдным, а ў цяперашняй моладзі амаль не сустракаецца.

 

Алена Хрышчановіч

пісьменніца, фіналістка літаратурнага конкурса для маладых пісьменнікаў «Экслібрыс» (2012). Жыве ў Мінску.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць