Чэмпіянат свету па спартыўнай гімнастыцы ў бельгійскім Антверпене праходзіць пад беларускімі нацыянальнымі сцягамі.
Чэмпіянат адкрыўся 30 верасня. Як стала вядома charter97.org, на трыбунах Палаца спорту ў Антверпене, дзе праходзіць турнір, у першы дзень былі заўважаныя забароненыя ў Беларусі бел-чырвона-белыя сцягі.
Такім чынам актывісты арганізацый «Офіс беларускай палітычнай эміграцыі ў ЕС» і «Беларуска-еўрапейскае аб'яднанне «Маладая Беларусь» падтрымалі спартсменаў з нашай краіны.
У складзе беларускай каманды на турніры - пяцёра прадстаўнікоў мужчынскай гімнастыкі, якія рыхтуюцца выступаць як у мнагабор'і, так і на асобных снарадах. Праграму мнагабор'я (брусы, вольныя практыкаванні, кольцы, конь махі, апорны скачок, перакладзіна) пройдзе Андрэй Ліхавіцкі. Астатнія гімнасты будуць канкураваць з сапернікамі на асобных снарадах. Аляксандр Царэвіч заяўлены для выступу на брусах і на перакладзіне. Арцёма Быкава чакаюць спаборніцтвы на кольцах, перакладзіне і кані. Павел Булаўскі паспаборнічае ў вольных практыкаваннях, на кольцах і ў апорным скачку. Васіль Міхаліцын рыхтаваў да чэмпіянату свету камбінацыі на брусах і махі на кані.
Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі да ліку прыярытэтных задач для мужчын на турнір адносіцца дэманстрацыя патэнцыялу для выступленняў на наступным чэмпіянаце 2014 года, які стане адборачным да Алімпійскіх гульняў - 2016 у Рыа-дэ-Жанейра.
Каментары