Меркаванні3333

Някляеў: Шанцы Беларусі на Нобелеўскую прэмію як ніколі высокія

10 кастрычніка члены Шведскай акадэміі назавуць імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

У гэтым годзе сярод прэтэндэнтаў на званне лаўрэата —беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. У мінулыя гады на Нобелеўскую прэмію вылучаліся беларускія літаратары Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Уладзімір Някляеў. Апошні, дарэчы, толькі што вярнуўся са Стакгольма. Якія, на яго думку, рэальныя шанцы Святланы Алексіевіч атрымаць Нобелеўскую прэмію?

— Дастаткова высокія. Можна сказаць: высокія як ніколі.

— Што, нават вышэйшыя, чым калі на гэтую прэмію вылучаўся Васіль Быкаў?

— Так, вышэйшыя.

— Бо ў букмекераў Алексіевіч на трэцім-чацвёртым месцах?

- Зусім не. Ні Джэймс Ротман, ні Рэндзі Шэкман, ні Томас Зюдаў, якія сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па медыцыне, у спісах букмекераў наогул не значыліся. Ніколі нельга ведаць наперад, як пройдзе галасаванне, — гэта вам не беларускія «выбары». Напрыклад, галоўным прэтэндэнтам на самую першую літаратурную «Нобелеўскую прэмію» лічыўся Леў Талстой, а атрымаў яе Рэнэ Сюлі-Прудом. Вось вы хоць ведаеце, хто ён? Празаік? Драматург? Паэт?

— Паэт і эсэіст. Але ў такім выпадку тым больш незразумела, чаму вы кажаце аб высокіх шанцах Алексіевіч?

— Бо яе вылучэнне на прэмію вельмі добра падрыхтаванае. Перш за ўсё, ёю самой, яна ж напісала за 30 гадоў 6 кніг, амаль кожная з якіх станавілася не проста кнігай, а падзеяй. Гэта не проста, за ўсім гэтым — велізарная праца.

— Але ж і кожная кніга Васіля Быкава была вялікай падзеяй…

— У нас у краіне - так. Але да гэтых падзеяў не былі падрыхтаваныя члены Шведскай акадэміі …

У 2001 годзе, калі Быкаў быў вылучаны на прэмію, я перад самым галасаваннем, як і цяпер, апынуўся ў Стакгольме. Для мяне (як і для ўсіх, хто любіць Быкава, а значыць, любіць не толькі літаратуру, а больш: любіць Беларусь) было вельмі важна, каб Васіль Быкаў (і менавіта ён) стаў лаўрэатам - і я, як мог, спрабаваў гэтаму садзейнічаць.

Сустракаўся з акадэмікамі — і ў размовах з імі заўважыў, што казаць ім пра Быкава … ну, скажам так, цяжка. Бо ў Швецыі ў той час — ніводнай яго кнігі па-шведску, а на англійскую аповесць «Мёртвым не баліць» перавялі толькі праз дзесяць гадоў.

І толькі тады яе перакладчык Джозэф Мозур сказаў: «Я перакананы, што калі б гэтая аповесць была выдадзена па-англійску не ў 2010-м, а ў 1966 годзе, імя Васіля Быкава было б вядома на Захадзе не менш, чым імя Аляксандра Салжаніцына».

 

А вось што казаў прафесар Лонданскага універсітэта, спецыяліст па рускай і беларускай літаратуры Арнольд Макмілін, калі на Нобелеўскую прэмію вылучылі Рыгора Барадуліна: «Я атрымаў ад камітэта ліст з пытаннем:«Як я ацэньваю яго творчасць?». Вядома, я лічу eго геніем. Але пачаў шукаць пераклады, каб пераканаць акадэмікаў, а перакладаў на англійскую амаль няма. Тыя, што ёсць, вельмі прымітыўныя. Сам, натуральна, чытаю Барадуліна ў арыгінале, але гэта нe дапамагло Нобелеўскаму камітэту».

Дык вось у выпадку са Святланай Алексіевіч сябры Нобелеўскага камітэта падобных цяжкасцяў не адчувалі. І не толькі таму, што кнігі яе ёсць у перакладах і на шведскую, і на англійскую, але і таму, што арганізацыі, якія вылучылі Алексіевіч на прэмію (напрыклад, Шведскі ПЭН-цэнтр), правялі немалую працу, так бы мовіць, «па прапагандзе і агітацыі»: быў выдатны менеджмент. Гэтага ні Беларускі ПЭН-цэнтр, ні Саюз беларускіх пісьменнікаў, якія вылучалі на прэмію Быкава, Барадуліна, проста не ў стане былі зрабіць, тым больш за мяжой.

— Некаторыя беларускія пісьменнікі, калі меркаваць па некаторых публікацыях і каментарах у інтэрнэце, былі нават супраць вылучэння Алексіевіч на Нобелеўскую прэмію. Маўляў, піша яна на рускай мове, і калі атрымае прэмію, то прэмія гэтая будзе належаць не беларускай, а рускай літаратуры …

 

— Па каментарах у інтэрнэце ні пра што судзіць не магу, б іх не чытаю, а што да некаторых публікацый … Ведаеце, што напісалі Вільгельм Рэнтген і Філіп Ленард, нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы, калі на прэмію вылучылі Альберта Эйнштэйна? Яны напісалі лісты ў Шведскую акадэмію, каб Эйнштэйну прэмію не давалі. І зусім не таму, што не разумелі тэорыі адноснасці (ды і прэмію Эйнштэйн атрымаў не за яе). У выпадку з Рэнтгенам гэта тлумачылася як бы прынцыповасцю, у выпадку з Ленарда— антысемітызмам, але ў аснове і перад усім была зайздрасць да сусветнай славы Эйнштэйна.

 

«Зайздрасць лёгка перакладаецца на ўсе мовы свету», - вось што я тлумачыў шведскім акадэмікам, калі здараліся размовы (а такія размовы здараліся) аб «небеларускай» Алексіевіч і непрыманні яе творчасці беларускімі пісьменнікамі. Дарэчы, якімі?..

Я не чуў, каб пра кнігі Алексіевіч адмоўна выказваўся хто-небудзь з найбольш аўтарытэтных беларускіх пісьменнікаў. Ні раней (Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч або Уладзімір Караткевіч), ні цяпер ( Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін ці Віктар Казько).

 

— Але Алексіевіч сама кажа, што выхавана не беларускай, а рускай культурай …

 

— Якой рускай культурай? Яна жыла ў ХІХ стагоддзі?.. А ў ХХ стагоддзі ўсё ў СССР выхоўваліся адной культурай: савецкай. Іншая справа: хто і што здолеў узяць з гэтай культуры? І яшчэ трошкі з боку … Таму ў чым бы ні прызнавалася (магчыма, каб ад яе адчапіліся ) Алексіевіч, я ведаю вось што. Калі ўся руская літаратура выйшла, як сцвярджаў Дастаеўскі, з «Шыняля» Гогаля, то ўся творчасць Алексіевіч - з дакументальнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». Адамовіч — яе літаратурны хросны. Яе кнігі — развіццё асноўнай тэмы беларускай літаратуры, яны знаходзяцца ў кантэксце гэтай літаратуры і ёй належаць.

 Сённяшняя заслуга Алексіевіч у тым, што яна здзяйсняе прарыў беларускай літаратуры ў літаратуру еўрапейскую.

Туды, дзе для нашай культуры, для нашай краіны ёсць сваё месца, якое доўгі час пуставала, паколькі еўрапейцам здавалася, што яго няма каму заняць. Таму Нобелеўская прэмія Святлане Алексіевіч - гэта прэмія ўсёй нашай літаратуры, якая даўно яе заслужыла. Хоць бы таму, што менавіта намаганнямі нацыянальнай літаратуры сфармавалася хай пакуль не ўздужэлая, але ўсё ж нацыя. І хай не адразу, паступова, але яна таксама зойме сваё месца ў сям'і еўрапейскіх народаў.

 

— Але ў выпадку гэтай перамогі месца ў спісе нобелеўскіх лаўрэатаў зойме ўсё ж такі Алексіевіч, а не Быкаў, не Барадулін, не вы …

— Дарэмна спрабуеце распаліць ўва мне пачуццё зайздрасці — я не Рэнтген.

Так, ідэальным варыянтам была б Нобелеўская прэмія Васілю Быкаву. На жаль, гэтага не здарылася.

Як не здарылася гэтага і пры вылучэнні на Нобелеўскую прэмію Рыгора Барадуліна. Але яны вылучаліся нездарма, бо дапамога Святлане, дапамаглі. Падрыхтавалі для яе ў Стакгольме беларускую глебу. Зразумела, нічога б гэта не дало, калі б сама Алексіевіч не заслугоўвала прэміі. А яна яе заслугоўвае. І калі (дай Бог!) усё на гэты раз складзецца, здарыцца, то прэмію атрымае таленавітая пісьменніца, якая стварыла літаратурныя тэксты высокага ўзроўню.

Каментары33

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі2

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год22

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць