Беларусь нясе вялікія выдаткі з-за наяўнасці шматлікіх выключэнняў у Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы.
Аб гэтым заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, выступаючы сёння на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента.
«З-за недасканаласці заканадаўчай базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы са шматлікімі выключэннямі і абмежаваннямі мы нясём вялікія выдаткі, часта страчваем цэлыя нішы на рынку МС», - сказаў Уладзімір Сямашка.
Ён прывёў у якасці прыкладу пастанову №1432 урада Расіі ад 27 снежня 2012 года, якая фактычна закрыла паступленне беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі на расійскі рынак.
Уладзімір Сямашка таксама звярнуў увагу на сітуацыю, якая сёння складваецца ў Расійскай Федэрацыі і ў цэлым у Мытным саюзе па ўтылізацыйнаму збору. «Нядаўна прыняты закон Расійскай Федэрацыі аб тым, што ўтылізацыйны збор будзе збірацца па краіне прызначэння. Для Беларусі, калі нічога не рабіць, для беларускіх вытворцаў гэта азначае страту канкурэнтаздольнасці», - сказаў ён.
Першы віцэ-прэм'ер лічыць, што для мінімізацыі страт беларускіх вытворцаў неабходна ў рамках падрыхтоўкі нарматыўнай базы Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі ўстанавіць адзіныя правілы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.
«Стаіць задача - вырашыць гэту праблему да 1 студзеня 2015 года. Але некаторыя пытанні неабходна вырашыць значна раней. Хто б што ні гаварыў, але рынак Расіі і Мытнага саюза застаецца адным з асноўных нашых рынкаў, і мы павінны мець на ім вызначаныя і зразумелыя правілы гульні. Гэта будзе залогам паспяховай работы нашай прамысловасці і ў цэлым народнагаспадарчага комплексу», - адзначыў Уладзімір Сямашка.
Каментары