Джордж Сорас прагназуе вялікія праблемы ў Кітаі
2013 год скончыўся, намаганні па ажыўленні росту ў найбуйнейшых эканоміках — за выключэннем еўразоны — станоўча паўплывалі на ўвесь свет. Усе будучыя праблемы сусветнай эканомікі носяць палітычны характар.
Пасля 25 гадоў стагнацыі Японія спрабуе ажывіць сваю эканоміку, пачаўшы працэс колькаснага змякчэння беспрэцэдэнтных маштабаў. Гэта рызыкоўны эксперымент: хуткі рост можа прывесці да росту працэнтных ставак, што зробіць выдаткі на абслугоўванне пазыкі няўстойлівымі. Але прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ хутчэй пойдзе на такую рызыку, чым вырачыць Японію на павольную смерць. І, мяркуючы па захопленай падтрымцы грамадскасці, так бы зрабіў любы просты японец.
З іншага боку, Еўрапейскі саюз рухаецца да доўгачасовага застою, з якога Японія так адчайна спрабуе вырвацца.
Стаўкі высокія: нацыянальныя дзяржавы могуць перажыць страчаныя дзесяцігоддзі ці нават больш; але няпоўнае аб'яднанне дзяржаваў, якім ёсць ЕС, можа папросту разбурыцца праз гэта.
Праект еўра — які быў распрацаваны на аснове нямецкай маркі — мае фатальны недахоп. Стварэнне агульнага цэнтральнага банка без агульнай казны азначае, што дзяржаўныя пазыкі дэнамінаваныя ў валюту, якую не кантралюе ні адна краіна-ўдзельніца, а гэта падвяргае іх усіх рызыцы дэфолту. У выніку абвалу 2008 года шэраг краін-удзельніц стаў перагружаны пазыкамі, і цана рызыкі зрабіла падзел еўразоны на крэдытораў і дэбітораў пастаянным.
Гэты дэфект можна было б выправіць, замяніўшы аблігацыі асобных краін на еўрааблігацыі. На жаль, канцлер Германіі Ангела Меркель, адлюстроўваючы радыкальную змену, а менавіта канец цярпімасці немцаў да еўрапейскай інтэграцыі, адмовілася ад гэтай ідэі. Да аб'яднання Германія была асноўным рухавіком інтэграцыі, а цяпер нямецкія падаткаплатнікі, абцяжараныя выдаткамі на аб'яднанне, не хочуць ператварацца ў глыбокую кішэню для еўрапейскіх даўжнікоў.
Пасля абвалу 2008 года Меркель настойвала на тым, што кожная краіна павінная сама клапаціцца пра свае фінансавыя інстытуты, а дзяржаўныя пазыкі павінныя быць выплачаныя ў поўным аб'ёме. Германія, сама таго не ўсведамляючы, паўтарае трагічную памылку французскага прэм'ер-міністра Арыстыда Брыяна, што быў ва ўладзе адразу пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і чыя ўпартасць у патрабаванні рэпарацый прывяла да ўзвышэння Гітлера; палітыка Ангелы Меркель нараджае экстрэмісцкія рухі ў іншых краінах Еўропы.
Цяперашнія механізмы, якія рэгулююць еўра, нікуды не падзенуцца, бо Германія заўсёды будзе рабіць мінімум намаганняў дзеля захавання адзінай валюты — і таму, што рынкі і еўрапейскія ўлады пакараюць любую іншую краіну, якая будзе аспрэчваць гэтыя дамоўленасці.
Тым не менш, вострая фаза крызісу завяршылася.
Еўрапейскія фінансавыя ўлады маўкліва прызналі, што жорсткая эканомія — контрпрадуктыўная мера, і перасталі ўводзіць дадатковыя фінансавыя абмежаванні. Гэта дало краінам-даўжнікам некаторую перадышку, і фінансавыя рынкі стабілізаваліся нават пры адсутнасці якіх-небудзь перспектываў росту.
Будучыя крызісы па паходжанні будуць палітычнымі. Гэта відавочна ўжо цяпер, бо ЕС стаў настолькі інтраспектыўным, што не можа адэкватна рэагаваць на вонкавыя пагрозы, у Сірыі гэта ці ва Украіне. Аднак перспектывы далёка не безнадзейныя: адраджэнне пагрозы з боку Расіі можа змяніць тэндэнцыю да еўрапейскай дэзінтэграцыі.
У выніку крызіс трансфармаваў ЕС з «фантастычнага элемента», які ўсяляў энтузіязм, у нешта радыкальна іншае. Тое, што павінна было быць аб'яднаннем раўнапраўных дзяржаваў, якія ахвяравалі часткай свайго суверэнітэту дзеля агульнага дабра — ўвасаблення прынцыпаў адкрытага грамадства — у цяперашні час, у выніку крызісу еўра, ператварылася ў адносіны паміж краінамі-крэдыторамі і краінамі-даўжнікамі, што не ёсць ні добраахвотным, ні роўным. Насамрэч еўра можа цалкам разбурыць ЕС.
У адрозненне ад Еўропы, ЗША робяцца магутнай эканомікай развітога свету.
Сланцавая энергія дала ЗША важную канкурэнтную перавагу як у вытворчасці ў цэлым, так і ў нафтахіміі ў прыватнасці. Банкаўскі і бытавы сектары дамагліся пэўнага прагрэсу ў скарачэнні долі пазыковых сродкаў. Колькаснае змякчэнне павялічыла кошт актываў. А рынак жылля палепшыўся, і ў будаўніцтве знізіўся ўзровень беспрацоўя. Накладаныя секвестрам падатковыя абмежаванні таксама падыходзяць да канца.
Яшчэ больш дзіўна тое, што палярызацыя амерыканскай палітыкі паказвае прыкметы руху ў зваротным напрамку. Два стагоддзі двухпартыйная сістэма працавала добра, бо абодва бакі павінныя былі змагацца за залатую сярэдзіну на ўсеагульных выбарах. Затым Рэспубліканская партыя была захопленая кааліцыяй рэлігійных і рынкавых фундаменталістаў, затым умацаваная неакансерватарамі, што павялі яе да ультраправай крайнасці. Дэмакраты спрабавалі дагнаць і ахапіць залатую сярэдзіну, і абодва бакі ўступілі ў змову па махінацыях у выбарчых акругах. У выніку кіраваныя актывістамі партыйныя праймерыз узялі верх над усеагульнымі выбарамі.
Гэта завяршыла палярызацыю амерыканскай палітыкі. Урэшце крыло Рэспубліканскай партыі, Чайная партыя, перайграла сваю руку. Пасля нядаўняга фіяска з адключэннем урада тое, што засталося ад рэспубліканскай асновы, пачало праводзіць удары ў адказ, і гэта павінна прывесці да адраджэння двухпартыйнай сістэмы.
Асноўная нявызначанасць, якая стаіць перад светам на сённяшні дзень, — гэта не еўра, а будучы кірунак развіцця Кітая. Мадэль, адказная за яго хуткі рост, ужо выдыхаецца.
Гэтая мадэль залежыць ад фінансавых рэпрэсій сектара хатніх гаспадарак для прасоўвання росту экспарту і інвестыцый. У выніку на дадзены момант сектар хатніх гаспадарак ужо скараціўся да 35% ВУП, і яго вымушаных зберажэнняў ужо не хапае для фінансавання цяперашняй мадэлі росту. Гэта прывяло да экспанентнага росту выкарыстання розных формаў пазыковага фінансавання.
У гэтым праглядаецца пэўнае жудаснае падабенства з фінансавымі ўмовамі, якія пераважалі ў ЗША ў гады, якія папярэднічалі абвалу 2008 года. Аднак у той жа час існуюць і значныя адрозненні. У ЗША фінансавыя рынкі, як правіла, дамінуюць над палітыкай, у той час як у Кітаі дзяржава валодае банкамі і асноўнай часткай эканомікі, а Камуністычная партыя кантралюе дзяржаўныя прадпрыемствы.
Усведамляючы небяспеку, Народны банк Кітая пачынаючы з 2012 года пачаў рабіць захады па ўтаймавання росту пазыкі, аднак калі запаволенне пачало выклікаць рэальнае напружанне ў эканоміцы, партыя ўсталявала сваё верхавенства. У ліпені 2013 года кіраўніцтва загадала сталеліцейнай прамысловасці перазапусціць печы, а ад Народнага банка запатрабавала палегчыць умовы выдачы крэдытаў. Эканоміка перавярнулася вакол сваёй восі. У лістападзе трэці пленум 18-га ЦК анансаваў далёкасяжныя рэформы. Гэтыя падзеі ў значнай ступені адказныя за нядаўняе паляпшэнне глабальнай перспектывы.
Кітайскае кіраўніцтва мела рацыю, аддаючы прыярытэт эканамічнаму росту, а не структурным рэформам, бо структурныя рэформы ў спалучэнні з жорсткай эканоміяй штурхаюць эканоміку ў дэфляцыйны штопар. Аднак у цяперашняй палітыцы Кітая існуе нявырашаная супярэчнасць: перазапуск печаў зноў запальвае экспанентны рост пазычанасці, якая не можа быць устойлівай больш чым пару гадоў.
Тое, калі і як гэтая супярэчнасць будзе вырашаная, будзе мець глыбокія наступствы для Кітая і ўсяго свету. Паспяховы пераход у Кітаі хутчэй за ўсе пацягне за сабой палітычныя, а таксама эканамічныя рэформы, у той час як правал падарве пакуль усё яшчэ шырокі давер да палітычнага кіраўніцтва краіны, што прывядзе да рэпрэсій унутры краіны і да ваеннага супрацьстаяння за мяжой.
Іншая вялікая нявырашаная праблема заключаецца ў адсутнасці належнага глабальнага кіравання.
Адсутнасць згоды паміж пяццю пастаяннымі сябрамі Рады Бяспекі ААН пагаршае гуманітарныя катастрофы ў такіх краінах, як Сірыя — не кажучы ўжо аб тым, што дазваляе практычна бесперашкодна развівацца глабальнаму пацяпленню. Аднак, у адрозненне ад кітайскай галаваломкі, якая прыйдзе да неабходнасці свайго рашэння на цягам некалькіх гадоў, адсутнасць глабальнага кіравання можа працягвацца бясконца.
-
«Вы ведаеце, што большасць беларусаў лічаць вас нікчэмнымі халуямі?»
-
Цыганкоў: Бабарыка значна бліжэйшы да пазіцыі офіса Святланы Ціханоўскай, чым да выказванняў «бабарыканцаў»
-
Бабарыка турэмшчыкам: «У мяне было, цяпер няма, але ёсць шанец, што будзе. А ў вас не было, няма і не будзе. І ў вашых дзяцей не будзе»
Каментары