Грамадства2121

Міхаіл Гарбачоў: Крым у складзе Расіі — гэта нармальна, а Беларусь — не

Чаму далучацца да Расіі можна, а выходзіць — не, ці баяцца далучэння беларусам, Еўрарадыё размаўляе з адзіным прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым.

Еўрарадыё: Як вы паставіліся да падпісання пагаднення аб далучэнні Крыма да Расіі?

Міхаіл Гарбачоў: Гэта ўсё робіцца па волі жыхароў Крыма, а гэта самае галоўнае — выбар робяць людзі. І на гэта павінны арыентавацца заканадаўцы і палітыкі. Ну, а тое, што вакол гэтага ідзе барацьба… і тут не абыходзіцца без вострых момантаў. Проста неабходна, як кажуць, трымаць удары. Тое, што адбылося, і перад адказнай публікай наш прэзідэнт падпісаў адпаведны дакумент — гэта вельмі важна. Але шмат небяспекі зыходзіць ад рознага… народа, розных там экстрэмістаў, і тут трэба быць уважлівымі.

Еўрарадыё: А як жа быць з цэласнасцю Украіны? Нішто сабе — раптам ад дзяржавы абваліўся кавалак тэрыторыі і далучаецца да іншай дзяржавы, хай сабе і нібыта па волі людзей…

Міхаіл Гарбачоў: Ну, гэта разбяруцца! Галоўнае тое, што прынцыповае, а што да астатняга, то тут яшчэ шмат неабходна прапрацаваць, узнікае шмат пытанняў. Прапрацуюць, я думаю, зоймуцца гэтым. Дый не думаю, што яны сядзелі склаўшы рукі — мяркую, што гэта тэма ў іх у прапрацоўцы была, так што… Ведаеце, я глядзеў сюжэты, як там галасавалі. Апытвалі розных людзей: рускіх, украінцаў, татар — і большасць выказваліся ў тым сэнсе, што, маўляў, выпраўляюцца раней зробленыя памылкі і пралікі. І сапраўды, сама гісторыя горада Севастопаля — колькі там прыклалі сіл і барацьбы! Зразумела, што гэта расійская зямля. А тое, што яна апынулася ў складзе Украіны — такія былі гістарычныя часы. Тады лёгка было вырашаць такія пытанні — ніякіх узгадненняў. Але гэта памылковы шлях. Цяпер мы бачым настроі людзей, і быў прадэманстраваны самы дэмакратычны сродак вырашэння праблем.

Еўрарадыё: Ці будзе мець значэнне тое, што пераважная большасць краін свету, ЕС, ЗША ды іншыя не прызнаюць ні вынікі так званага крымскага рэферэндуму, ні далучэнне Крыма да Расіі?

Міхаіл Гарбачоў: А гэта азначае, што мы, напэўна, павінны давяраць звесткам выведкі, што там шмат чаго робіцца для таго, каб пашырыць NATO, каб павялічыць яго юрысдыкцыю. І ўцягваюць нас у тое, каб паслабіць уплыў былога СССР, а цяпер — Расіі. Амерыканцы ніяк не хочуць пасля «халоднай вайны» ісці па іншым шляху. Пайшлі спачатку, былі гарачымі аратарамі за новы парадак — гэта ўсё адбывалася на маіх вачах, гэта ж былі мае партнёры. Але потым усё ізноў пачало ў адваротным накірунку рухацца. Так што тут, відаць, вялікую ролю гэта мае — схаваны інтарэс. Колькі ў іх там усіх гэтых прадстаўнікоў, колькі там гэтых «падрыўнікоў», колькі правакатарскіх груп! Гэта хіба гаворыць пра нармальнае стаўленне нашых партнёраў?! Не.

Еўрарадыё: Паглядзяць, да прыкладу, жыхары Інгушэціі на тое, як жыхары Крыма праз рэферэндум задаволілі сваё жаданне далучыцца да Расіі, і таксама вырашаць такім жа чынам задаволіць сваё жаданне з Расіі выйсці  правядуць рэферэндум, і… што?

Міхаіл Гарбачоў: Не, гэта непрымальна! І гэта, акурат, напамін пра тое, што неабходна было Крым вярнуць — ён жа расійскі быў! А Мікіту Сяргеевіча на Палітбюро выклікаць! (смяецца)

Еўрарадыё: Каб там Уладзімір Уладзіміравіч яго «прапясочыў»!

Міхаіл Гарбачоў: Я, дарэчы, яго прыхільнік — ён цікавая асоба… Дарэчы, як там у вас, у Беларусі справы?

Еўрарадыё: Па-рознаму. Пра Беларусь: ці не варта і нам асцерагацца, што Масква захоча далучыць да Расіі і нейкія беларускія землі?

Міхаіл Гарбачоў: Не, я думаю, што дзяржава, якая ўваходзіць у склад пачынальнікаў утварэння нашага новага саюза, не мусіць ператварацца ў губерню, край ці расійскую вобласць — гэта няправільна. Гэтым можна толькі нашкодзіць.

Еўрарадыё: Ці не будзе Расія імкнуцца далучыць, апроч Крыма, і іншыя тэрыторыі Украіны — яе ўсходне-паўднёвыя вобласці?

Міхаіл Гарбачоў: Напэўна, будуць ісці і іншыя (следам за Крымам — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: І што ў выніку — развал Украіны? Той краіны, у тых межах, якія мы ведалі, больш не будзе?

Міхаіл Гарбачоў: Захаваецца Украіна. Тым больш што пазіцыя менавіта такая — расійскага кіраўніцтва, Расіі. Яна ўжо агучаная — за захаванне. Дый сапраўды: Украіна і Беларусь — гэта ж нашы самыя блізкія сябры. Адзін народ! Мне, дарэчы, хтосьці сказаў, вам гэта вядома ці не, што мову, найбольш адпаведную перыяду Кіеўскай Русі, найлепш беларусы захавалі — не ведаю, праўда гэта ці не.

Еўрарадыё: Не выключаю такога варыянта, але мне больш цікава іншае — ці ёсць магчымасць сёння вярнуць добрыя адносіны паміж Кіевам і Масквой?

Міхаіл Гарбачоў: Ну, а чаму не? Я думаю, прынцыпова важна, каб гэта было так. Інакш гэта выглядае так — крыўдаваць на крымчан. Урэшце тут жа сапраўды — народнае жаданне. За гэта (далучэнне Крыма да Расіі — Еўрарадыё) выказаліся нават шмат хто з крымскіх татараў.

Еўрарадыё: На фоне Крыма крыўдна павінна быць тым, каму даўно абяцалі прыняць у абдымкі «матухны Расіі», але так і не выканалі абяцанне  Прыднястроўю, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі…

Міхаіл Гарбачоў: Такое адчуванне, што вы думаеце, нібыта ў адзін момант была створана каманда, якая рыхтавала гэты рэферэндум (у Крыме — Еўрарадыё)! Вы прыгадайце: усе гады тэма Крыма не сыходзіла з дыскусій. Чаму? Бо гэта вельмі важная зона абароны нашай дзяржавы. І там жа хто — рускія! Таму ўсё атрымалася ў лепшым выглядзе, усё добра. А там выдумляюць халера ведае што: адкапвалі невядома што з невядома якіх часоў — дзе там нейкі гетман перамог, хто меў рацыю, а хто не меў… Я думаю, толькі Гогаль меў рацыю, які сказаў сыну свайму: «Я цябе нарадзіў, я цябе і заб’ю».

Еўрарадыё: Пуцін заявіў, што Украіна выйшла са складу СССР «не зусім легітымна». Але ж Расія абвясціла незалежнасць і, адпаведна, выхад з СССР на год раней і за Украіну, і за Беларусь. Адсюль вынікае…

Міхаіл Гарбачоў: Я акурат лічу, што тое, што адбывалася тады, было накіравана менавіта на тое, каб падарваць!.. Групка людзей! Калі ўбачылі, што мы прынялі сумесны план выхаду з крызісу, і нават Прыбалтыйскія краіны яго падпісалі, пагадзіліся яго выконваць, калі ўбачылі, што камісія, якую я ўзначальваю, эфектыўна працуе і гатовая апублікаваць для ўсеагульнага абмеркавання праект новай Саюзнай дамовы, калі ў чэрвені прайшоў Пленум ЦК, які казаў, што трэба ствараць і прымаць новую сацыял-дэмакратычную праграму — колькі было тады спроб прыбраць, знесці Гарбачова, пазбавіцца ад яго! І на з’ездзе дэпутатаў, і на пленумах ЦК я двойчы сыходзіў з пасяджэнняў, не пагаджаючыся з абстаноўкай і лініяй большасці сяброў ЦК. І, каб пазбавіцца ад Гарбачова, вырашылі разваліць дзяржаву спецыялісты вялікія. А палітычна выйграць у іх не атрымалася, бо яны не мелі рацыі. Вы ведаеце, што першымі новую Саюзную дамову павінны былі падпісаць Расія і Беларусь? Яны ўбачылі, што час сыходзіць — шмат было людзей, якія перажылі ўсё і ўся, я маю на ўвазе час знаходжання іх на кіруючых пасадах дзесяцігоддзямі, вось яны і заварылі гэтую кашу. Мы ж тады ў 1989 годзе ўпершыню правялі сапраўды свабодныя выбары, і людзі абралі дэпутатамі шмат камуністаў з тых, каму сапраўды давяралі, але правалілі шмат тых, хто знаходзіўся на кіруючых пасадах. Нават шэраг кіраўнікоў Савецкага Саюза правалілі. І яны зразумелі — час іх прайшоў. Вось, і тут тое ж — ёсць такія дзеячы, якія дзеля ўлады, каб утрымаць яе, дзеля ўласнасці сваёй і свайго атачэння гатовыя пайсці на ўсё. Таму — трымацца трэба і дэмакратыю абараняць.

Еўрарадыё: Я да таго, што калі, паводле версіі Пуціна, Украіна, а значыцца  і ўсе астатнія краіны, выйшлі са складу СССР «не зусім легітымна», то і яны, і кіраўнікі гэтых дзяржаў  нелегітымныя. Адпаведна, на сёння мы маем адну легітымную дзяржаву СССР і аднаго легітымнага прэзідэнта  Міхаіла Гарбачова.

Міхаіл Гарбачоў: Ды ладна вам, што там…

Еўрарадыё: Падвядзём вынік размовы: вы лічыце, што Крым дэмакратычным шляхам вяртаецца ў склад Расіі?

Міхаіл Гарбачоў: Я думаю, што дэмакратычна вырашана пытанне. Самы галоўны элемент дэмакратыі — гэта «дэмас», народ, а ён тут быў галоўным звяном… Да ўсяго, мы з вамі маем інфармацыю пра тое, як усё праходзіла, вялікую інфармацыю, і ўсё адбывалася на нашых вачах — народ быў «за». Іншая справа, што гэта пажаданне народа маглі не падтрымаць — яго ж павінен быў падтрымаць вышэйшы орган. Але кіраўніцтва Расіі ў асобе прэзідэнта пайшло на тое, што прыняло дакументы, на падставе якіх іх ужо як новых суб’ектаў прымалі. Думаю, добра, што народ так вось задаволілі — гэта добры прыклад для ўсіх. А то ў нас жа цяпер дзейнічае прынцып «хто каго перакупіць». Пачынаючы ад футбалістаў і да сяброў Савета Федэрацыі, дэпутатаў. Ёсць прызначаныя кошты — хто колькі каштуе. І гэта задавальняе, бо дазваляе ўсё ў руках трымаць. Але гэта не дэмакратыя і толку ад яе мала.

Еўрарадыё: Але ці здолее Расія забяспечваць Крым усім неабходным? Магчымасці для гэтага ёсць.

Міхаіл Гарбачоў: Давядзецца падтрымаць яго. А магчымасці для гэта ёсць.

Еўрарадыё: Але якім чынам — праз Украіну ці марскім шляхам?

Міхаіл Гарбачоў: Ды разбяромся, добра! Было б што везці. Галоўнае, я думаю, што здзейснілася гістарычная справа.

Еўрарадыё: Галоўнае, каб гэта «гістарычная справа» да вайны не давяла.

Міхаіл Гарбачоў: Калі да гэтага дойдзе, то больш бязглуздага прыкладу не знойдзеш у гісторыі. Як гэта?! Гэта ж грамадзянская вайна ўнутры аднаго народа. У той час, калі адкрываецца магчымасць для супрацоўніцтва, для аб’яднання намаганняў. Але, каб сутыкнуць, нацкаваць адзін на другога — ёсць такія сілы і гэта трэба мець на ўвазе.

Еўрарадыё: Да прыкладу, Расія будзе падтрымліваць і падштурхоўваць усходнія рэгіёны Украіны да правядзення там сваіх «крымскіх рэферэндумаў». Упэўнены, што Кіеў будзе супраць, а вынікам можа стаць…

Міхаіл Гарбачоў: Не абавязкова! І тут, дарэчы, рэферэндум у Крыме мае вялікае значэнне — ён дасць шмат каштоўнага досведу. З гэтым — усяго вам найлепшага!

Каментары21

Цяпер чытаюць

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў2

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін заявіў Лукашэнку, што ва Украіне Расія не захоплівае тэрыторыі, а вяртае свае. Той засмяяўся12

Келагу паказалі кампраметуючыя відэаматэрыялы на беларускую апазіцыю? Так мяркуе Латушка25

Дзяржаўныя прапагандысты абвясцілі Бондараву «шкоднай змагаркай»7

Былую кандыдатку ад партыі Гайдукевіча пасадзілі за ўдзел у пратэстах1

У Віцебску работнікам памылкова налічылі лішнія грошы, а пасля прымусілі іх вяртаць. Ці законна гэта?

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ24

У Гомельскай вобласці ствараецца новая дэсантная брыгада4

Лукашэнка расказаў, як ён перажываў за Трампа8

Лукашэнка заявіў, што ў беспілотніку, які ўпаў у Мінску, было 59 кг выбухоўкі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў2

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць