Былы дарадца Пуціна Іларыёнаў: Я не бяруся прагназаваць незалежнасць Беларусі пасля 25 мая
Андрэй Іларыёнаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута Катона (Вашынгтон), у інтэрв'ю Радыё Свабода апавёў, як Уладзімір Пуцін плануе захапіць усходнюю Украіну і калі Беларусь можа страціць незалежнасць.
— Якая роля ў гэтых падзеях адведзена Беларусі, і наколькі яна самастойная?
— Пакуль сітуацыя не да канца зразумелая. Мне здаецца, што рашэнне пра выкарыстанне ўзброеных сілаў Беларусі прымаецца Лукашэнкам.
Выкарыстанне расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі таксама не можа быць без той ці іншай згоды з боку Лукашэнкі.
Пры гэтым Лукашэнка надзвычай не зацікаўлены ў той ці іншай ступені ўдзелу Беларусі, яе ўзброеных сілаў і тэрыторыі ў любой атацы на Украіну. Ён наколькі мог асцярожна дыстанцыяваўся ад свайго магутнага ўсходняга суседа з тым, каб не правакаваць агрэсіўную рэакцыю супраць яго самога, але каб і паказаць, што ў яго ёсць дыстанцыя. І для Беларусі, і для Лукашэнкі асабіста любы ўдзел Беларусі ў аперацыях супраць Украіны вельмі небяспечны.
— Тое, што вы кажаце, паказвае Аляксандра Лукашэнку як абсалютна незалежнага, самастойнага палітыка…
— Не. Ніхто не з'яўляецца цалкам незалежным, але Лукашэнка дастаткова самастойны, каб не паддаваць самога сябе вялікай колькасці рызыкаў. А рызыкі тут звязаныя найперш з надзвычайным пагаршэннем стасункаў паміж ім і любой іншай украінскай уладай.
Бо, па-першае, гэта адразу ператварае ўсю беларуска-украінскую мяжу ў мяжу патэнцыйнага канфлікту.
Другое. Гэта адразу псуе ягоныя і так не бліскучыя стасункі з Захадам і большай часткай знешняга сьвету. Ён выракае сябе на зусім іншы ўзровень ізаляцыі. Хоць ён і зараз не можа пахваліцца надта добрымі стасункамі са знешнім сьветам, але ўсё тое, што было і яшчэ будзе прымененае ў дачыненні да Расіі, будзе дакладна скарыстанае і супраць Беларусі, але толькі памножанае на дзесяць. Калі заходнія краіны яшчэ ў чымсьці асцерагаюцца ці саромеюцца прымяніць такія меры да Пуціна, то ўжо дакладна іх не будзе нічога стрымліваць у дачыненні да Беларусі і Лукашэнкі.
І трэцяе — самае галоўнае. Пускаючы расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі і даючы ім магчымасьць дзейнічаць, Лукашэнка адкрывае ім магчымасьць пасьля маршу на Кіеў зрабіць марш на Менск.
Уласна кажучы, ніхто ж не можа выключаць, што «раптоўна» не знойдуцца выпадкі пераследу расейскамоўных на тэрыторыі Беларусі, (або вось) і нейкія пацярпелыя грамадзяне Расіі.
Лукашэнка такім рашэннем на пустым месцы адкрыў бы тры новыя франты. Прычым трэці фронт накіраваны непасрэдна супраць яго самога.
Нягледзячы на ўсе ягоныя экзатычныя заявы, ён не ёсць настолькі неадэкватным.
— На дадзены момант вы бачыце варыянты, пры якіх Беларусь стала б часткай Расіі — ці праз палітычнае рашэнне, ці праз вайсковае ўварванне?
— Канечне, можа стаць. Калі Пуцін прыме рашэньне, то захоп Беларусі — гэта магчымая аперацыя.
— А ён хоча?
— Канечне, хоча. Натуральна.
— Як моцна і як хутка?
— Вядома ж, моцна, а вось як хутка, то гэта ўжо трэба глядзець на сітуацыю. Натуральна, што гэта ўваходзіць у ягоныя планы. Але планы немагчыма ажыццявіць усе адразу.
— То бок «план Пуціна» па далучэніні Беларусі да Расіі ёсьць?
— Глядзіце, ён жа пра гэта сказаў 18 сакавіка ў сваёй знакамітай прамове. Там шмат ёсьць адсылак, але у адным зь першых абзацаў ён кажа пра тое,
што «хрышчэннем князя Уладзіміра была створана база для адзінага народу Расеі, Украіны і Беларусі». І неаднаразова было сказана, што вялікі і адзіны народ працягвае заставацца раз'яднаным.
Таму яго задача, як ён яе бачыць, палягае ў тым, каб аб’яднаць раз'яднаны народ.
— Ці ёсць пагроза незалежнасці Беларусі з боку Расіі ў самы блізкі час?
— Давайце падзелім вашае пытанне на дзьве часткі. Першая: «Ці ёсць пагроза незалежнасці Беларусі?» Так, ёсць.
Другая. Давайце вызначымся, які часовы гарызонт вы ставіце?
— Адзін год. У 2015-м у нас прэзыдэнцкія выбары.
— Гэта вы доўгі пэрыяд прапануеце. Вось Яўген Марчук [экс-міністр абароны Украіны, які ў чацвер заявіў, што ў найбліжэйшыя два дні магчымая расійская наступальная аперацыя на ўсходзе Украіны] лічыць двума днямі. Я б так сказаў — цягам двух дзён пагрозы незалежнасці Беларусі няма.
Я б нават рызыкнуў выказацца, што, магчыма, да 25 мая (дзень датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне) у вас ёсць яшчэ паўза. А вось далей я б не стаў прагназаваць.
Каментары