Тэатр77

Да мяне прыходзілі з органаў і пыталіся: «Нашто вы гэта робіце?» — Ігар Сігаў

У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» акцёр Ігар Сігаў распавёў пра скандальны сыход з пасады дырэктара Тэатра беларускай драматургіі, пра новую палітыку Міністэрства культуры і пра тое, чаму ў Беларусі не атрымліваецца зняць блокбастар.

— Ігар, як вас, акцёра, чалавека творчага, занесла ў чыноўнікі ад культуры?

— У той час тэатр, у якім я працаваў амаль дваццаць гадоў, творча паміраў, і я разумеў: трэба нешта мяняць. Павел Паўлавіч Латушка прапанаваў мне пасаду дырэктара: «Пойдзеш?» Я сказаў: «Так».

Я зрабіў гэта для таго, каб выцягнуць тэатр з творчай ямы. У Тэатры беларускай драматургіі я з 1994 года. Мне здавалася, разумею, як можна ўсё змяніць. Таму пайшоў на гэтую пасаду. Але, мяркуючы па ўсім, я так і не стаў чыноўнікам. Са мной не прадоўжылі кантракт.

— Як вы лічыце, атрымалася ў вас выцягнуць тэатр з творчай ямы?

— Гэта дакладна атрымалася. Паглядзіце спектаклі, якія былі зробленыя за два гады. Яны ўсе розныя: па жанры, па ўвасабленні. Восем спектакляў паставілі за два гады. Кожная прэм'ера была падзеяй. Гэта былі розныя рэжысёры, з розным светапоглядам. У тым ліку і замежнікі.

Атмасфера ў тэатры змянілася. Раней акцёры падыходзілі да раскладу і да загадаў аб размеркаванні на ролі і з палёгкай выдыхалі: «Дзякуй Богу, мяне няма». Калі я працаваў дырэктарам, такога не было. Пасля таго, як вывешвалі размеркаванне на ролі, акцёры прыходзілі да мастацкага кіраўніка і пыталіся, чаму яны не занятыя. Прага працы, творчасці — гэта дорага каштуе.

— Як вам гэта ўдалося?

— Мастацтва не павінна быць заціснутым, калі яно не можа гаварыць. Яму трэба даваць дыхаць. Я даў такую магчымасць: адкрыў фортку і запусціў глыток свежага паветра.

— Хто зацвярджае рэпертуар тэатра?

— Любую п'есу, якая бярэцца ў працу, абмяркоўвае мастацкая рада.

— У мастацкай радзе ёсць прадстаўнікі Мінкульта?

— Не. Больш за тое, мы не ўзгаднялі спектаклі, якія ставілі.

— Вы запрашалі чыноўнікаў на генеральныя рэпетыцыі?

— Не. Мы запрашалі іх на прэм'еру.

Але зараз усё змянілася. Распараджэннем Міністэрства культуры створана камісія, якая дае дабро на пастаноўку спектакля. Дырэктар паведамляе аб плане пастаноўкі, камісія чытае п'есу і зацвярджае.

Больш за тое, здаваць спектакль тэатр павінен за сем дзён да прэм'еры.

У склад гэтай камісіі ўваходзяць абсалютна далёкія ад творчасці людзі. Гэта такая дзяржпрыёмка. Тэатр пачынае залежаць ад чыноўнікаў: што рабіць, пра што казаць, пра што маўчаць. Па сутнасці, у тэатр прыйшла цэнзура.

Гэтае глупства можа прывесці да таго, што мы страцім культуру ў краіне.

Не толькі спорт лечыць нацыю, але і мастацтва. Тэатр — гэта тое люстэрка, гледзячы ў якое разумееш, што адбываецца ў краіне. Калі ж тэатр робіць толькі тое, што кажа ўрад, то гэта ўжо не мастацтва.

Паўстае пытанне: а суддзі хто? Па якім прынцыпе камісія Мінкульта будзе адбіраць п'есы? Падабаецца-не падабаецца? Гэта правакацыя ці гэта сумна?

Галоўны суддзя ў тэатры — глядач. Ён ідзе на спектакль. Народ не падманеш.

— Як тэатральная супольнасць адрэагавала на стварэнне такой камісіі? Моўчкі праглынула?

— Разумееце, маразм, які робіцца ў нашай краіне… Памятаю, калі ў нас на сцэне планаваўся канцэрт гурту «Палац», да мяне прыходзілі з органаў, пыталіся: «Навошта вы гэта робіце?» Я кажу: яны твораць мастацтва, ніякіх заклікаў са сцэны — «Давайце зрынаць уладу!» — не было.

Камісія пры Мінкульце — гэта проста яшчэ адзін абсурд. Было настолькі прадказальна, што гэта прыйдзе. Калі на кожны абсурд падымацца…

Тэатры падымаліся з нагоды аптымізацыі. Як можна пралічыць час акцёрскі? Гэта ж не завод! Як прасочыце, каб акцёр працаваў 8 гадзін?

Мне задавалі пытанні: чаму вы ставіце працоўны дзень, калі акцёр у гэты дзень не быў на працы?

Я прапаноўваў паглядзець на акцёрскія аклады: паўтара мільёна, ну, два цяпер. Акцёр у сярэднім працуе па 35 спектакляў у месяц і атрымлівае 2,5 мільёна. У наступным месяцы ў яго тыдзень свабодны, і мне прапануюць за гэты тыдзень яму не плаціць грошы.

Прыбіральшчыца ў гіпермаркеце атрымлівае ад 5 мільёнаў. Зразумела, што яна па 8 гадзін працуе. Акцёр працуе 24 гадзіны ў суткі, а плацяць яму ў два разы менш. Тая ж прыбіральшчыца прыходзіць і лічыць, што 70 тысяч за білет на спектакль — гэта дорага. І за гэтыя грошы ёй павінны паказаць ледзь не Філіпа Кіркорава.

— Як вы даведаліся пра тое, што на вас даслалі ананімку ў міністэрства?

— Мне тэлефануюць з Міністэрства культуры, кажуць: на вас прыйшла скарга. Прыходзіць камісія, пачынае разбірацца. Чытаць ананімку ніхто не даваў, вядома. Скардзіліся на неабгрунтаваныя адпачынкі за свой кошт, неабгрунтаваныя звальненні, выплаты ганарараў, прэмій, нерацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.

Я прашу паўтара мільярда пастановачных у год, вы мне даяце 700 мільёнаў. Але я заяўляў шэсць спектакляў. Я ў выніку пастаўлю іх, выкручваючыся, на гэтыя грошы. Кажу, колькі я вам зэканоміў? 800 мільёнаў. Дзе праўда?

…Калі я запрасіў рэжысёра з Украіны, абмеркавалі з ім ганарар. Сума не перавысіла ліміту, які атрымліваюць нашы рэжысёры. Тым не менш, міністэрства палічылі, што пяць тысяч даляраў — гэта шмат. Адзначу, што пражыванне не аплачвалі. Колькі каштуе зняць кватэру ў Мінску — усе ведаюць.

Мне рэкамендавалі заплаціць яму ў тры разы менш, хоць праца над спектаклем ужо ішла. Я кажу: «Пачакайце, якім чынам я зараз скажу рэжысёру:«Ты ведаеш, я табе ганарар заплачу меншы, чым у дамове»?». Так, Незадоўга да заканчэння кантракту мне ўпілілі вымову. Гэта была адпраўны пункт. Потым пачалося ўсё астатняе.

Казалі, што трэба прыцягваць пазабюджэтныя сродкі. Я кажу: «Хлопцы, калі я буду запрашаць у тэатр спонсараў, яны будуць дыктаваць умовы. Тады навошта вы? Прычым тут тады дзяржава?»

Правяралі ўсе мае здымачныя дні, ці браў я за свой кошт, ці плацілі мне заробак, колькі ў мяне ганарар за дзень здымак, у якіх карцінах здымаўся. Мне тэлефанавалі хлопцы з камерцыйных карцін, у якіх я працаваў, і пыталіся: «Ты што, пад следствам?» Аказваецца, ім тэлефанавалі з Мінкульта, цікавіліся ганарарам за здымачны дзень.

— Непрадаўжэнне кантракту міністэрства падавала на падставе клопату аб вашым здароўі пасля перанесенага інфаркту.

— Так, была размова. Хоць гэта смешна.

Афіцыйна міністр заявіў, што з мяне не атрымаўся чыноўнік, таму што дырэктар павінен займацца тэатрам, а не здымацца ў кіно, сказаў, што на сённяшні дзень тэатр «ляжыць» па фінансавай частцы.

Я лічу, што гэта проста штучна створаная сітуацыя. Я сказаў усё, што думаю, з нагоды працы міністэрства культуры. Калі вы не дапамагаеце, то хаця б не перашкаджайце.

Пасля сыходу мне стала лягчэй. Праўда, за тэатр крыўдна…

Зараз я не ў штаце, граю спектаклі. Працоўная кніжка ў мяне на руках. Як у беспрацоўнага.

— І як жывецца беспрацоўнаму?

— Нічога. Нармальна. Гляджу на свет іншымі вачыма. Высыпаюся, думаю пра жыццё. З'явілася больш часу для здымак. І выбар — ідзі куды хочаш. Хоць прыбіральшчыкам у супермаркет.

… На сённяшні дзень я шчаслівы чалавек: у мяне ёсць дзеці, дом, праца, я дамогся прызнання ў прафесіі. Грошы? Іх ніколі не бывае шмат. Але ўсіх грошай не заробіш, ва ўсіх фільмах не здымешся. Тое, што я магу даваць, чым я магу дзяліцца, чым узнагародзіў мяне Бог, — туды з сабой усё не забярэш. Якую памяць ты пра сябе пакінеш? І пакінеш ці наогул — пра гэта я думаю.

— Вы вучыліся на курсе ў Валерыя Мазынскага. Які галоўны ўрок вам ён вам даў?

— Ён вывеў мяне на прафесійную сцэну. У дзяцінстве я займаўся ў тэатральнай студыі ў Полацку ў Валянціны Пятроўны Нагорнай. Яна прышчапіла мне любоў да тэатра. А Валерый Яўгенавіч быў маім хросным татам. Ён шмат чаму навучыў. У першую чаргу, працаваць. Гэта мой рэжысёр.

Памятаю наша знаёмства. Я вучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні ў Інстытуце культуры. Праходзячы міма Акадэміі мастацтваў, зайшоў паглядзець, як народ паступае. Стаю ў спартыўным касцюме і ў тапках. Выйшаў Валерый Яўгенавіч і спытаў: «Чаго ты тут стаіш? Заходзь, а то з усімі нічога не прачытаеш». І я зайшоў.

…У 2000-м, калі мянялася ўлада ў тэатры, нашы думкі разышліся. Я лічыў, што палітыка акцёра — гэта сцэна, а не Плошча.

Прайшоў час, і мы цяпер падтрымліваем стасункі. Кожны застаўся пры сваёй пазіцыі.

— Пасля здымак у фільме «Дзверы», які быў намінаваны на «Оскар», вы сталі больш запатрабаваным?

— Усё больш казалі не пра фільм, а пра тое, што дзякуючы яму я з'ездзіў у Галівуд. Я першым з беларусаў прайшоўся па чырвонай дарожцы.

Насамрэч, фільм куды больш значны. Карціна дала мне штуршок. Я атрымаў устойлівую глебу пад нагамі, зразумеў, што нічога звышнатуральнага няма. Яны такія ж людзі, як і мы. У іх іншыя ганарары, але праблемы тыя ж.

Спачатку ўсё думалі, што калі я з'ездзіў у Галівуд, то цяпер мой ганарар будзе ў разы большы. На самай справе — не. Мае здымачныя ганарары для Мінска не самыя высокія. Ганарар вызначаецца тым, што ты робіш.

— Гэта праўда, што вы плачаце над індыйскі фільмам, глядзіце Comedy club і амерыканскія баевікі? А я думала, што людзі тэатра і кіно сілкуюцца выключна высокім мастацтвам.

— Індыйскія фільмы наіўныя, прыгожыя і пазітыўныя. Дзіцем я бегаў у кінатэатр на індыйскае кіно. Там казачная каханне, жарсці. Вельмі прыгожы мілы свет, і ад гэтага хочацца плакаць.

Амерыканскія баевікі і Comedy club — гэта рэлакс. Ты можаш глядзець тэлевізар і думаць пра сваё.

Сур'ёзнае кіно прымушае цябе думаць, у яго трэба апускацца. Калі ты пастаянна працуеш над роляй, для прагляду добрай карціны трэба вызваляць час. Таму я рэдка гляджу артхаўзнае кіно. І потым, у апошні час хочацца пазітыву.

— Як вы думаеце, Ігар, чаму ў Беларусі ніяк не могуць зняць блокбастар?

— Паглядзіце на Галівуд — там камп'ютарная графіка, спецэфекты. Ты верыш у тое, што адбываецца на экране. Гэта не за тры капейкі знята.

Амерыканскае кіно накіравана на шоу. Яны дазваляюць сабе выбух бензакалонкі дзе-небудзь у Айдаха, і потым без праблем будуюць новую.

Вельмі шмат карцін на Захадзе здымаецца ў кошык. Да нас даходзіць трэцяя частка. Калі зняць у Беларусі блокбастар сусветнага ўзроўню, бюджэт Нігерыі будзе ляжаць. (Смяецца).

У нас спрабуюць з аднаго разу зняць блокбастар, нічога не выкінуўшы ў кошык. Так не бывае. Трэба вучыцца на чымсьці.

Каб зняць такі фільм, трэба глядзець амерыканскае кіно. Вось прыклад фільма «Армагедон», у якім Брус Уіліс ратуе свет. Адкуль патрыятызм? Зло заўсёды караецца. Усё, што ні робіцца, — адзін у полі воін. Амерыканцы гэта прапагандуюць. А мы падспудна разумеем: а што я адзін магу зрабіць?

Я вось таксама спрабаваў змяніць сітуацыю. Хацеў паспрабаваць, разумею, што гэта рэальна.

Каментары7

Цяпер чытаюць

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва1

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва

Усе навіны →
Усе навіны

Выкладчыку БДУ запрасілі ў Азербайджане 19 гадоў зняволення14

Новая мікрахвалевая сістэма абясшкоджвае раі дронаў за секунды6

«Голас Амерыкі» можа аднавіць вяшчанне на наступным тыдні1

Брухан пацвердзіў, што пойдзе ў спікеры Каардынацыйнай рады ад фракцыі Латушкі10

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Аказваецца, ён быў святаром, а яна вучылася на рэгентку31

Серб Вучыч і славак Фіца раптоўна прыхварэлі. Іх удзел у парадзе ў Маскве пад пытаннем10

Зяленскі: Украіна не можа гарантаваць бяспеку сусветных лідараў, якія прыедуць у Маскву на парад 9 мая19

Над Чорным морам драматычна збілі расійскі самалёт Су-308

Беларус трапіў у рабства ў Дагестане. Калі ўцёк, трапіў на вайну — а цяпер ва ўкраінскі палон7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва1

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прайшлі затрыманні сярод кіраўніцтва

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць