Інтэрнэт-кампаніі будуць дзяліцца з расійскімі спецслужбамі амаль усімі звесткамі пра актыўнасць карыстальнікаў у сетцы, акрамя зместу перапіскі і допісаў. Аб гэтым піша газета «Ведомости» са спасылкай на ўдзельнікаў рабочай групы пры Мінкамсувязі.
Мяркуючы па новым рэгламенце ФСБ, на які спасылаецца выданне, праваахоўнікам трэба практычна ўсё, што ёсць у інтэрнэт-кампаній. Гэта лагін, усе вядомыя адрасы электроннай пошты, спіс усіх кантактаў карыстальніка з указаннем катэгорый («сябры», «падпісчыкі»), колькасць і аб'ём атрыманых і перададзеных ім паведамленняў, а таксама ўсе змены ў запісе, уключаючы спробы яго выдалення.
Акрамя таго, прадстаўнікі сацсетак, інтэрнэт-форумаў, блогхостынгаў павінны будуць паведамляць, якія старонкі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю, якімі платнымі паслугамі сэрвісаў ён карыстаўся і нават з якіх прыстасаванняў і праз якія DNS-серверы заходзіў у сетку.
Але самае галоўнае, падкрэсліваюць «Ведомости», захоўваць і дзяліцца зместам перапіскі, пастоў, каментароў і іншых паведамленняў карыстальніка кампаніі ўсё ж не прымусяць.
На думку прадстаўнікоў выдання, у першую чаргу пад новыя нормы патрапяць такія сацсеткі як Facebook, Twitter і «Вконтакте».
Каментары