Іракскія ісламісты, якія захапілі гарады Масул і Тыкрыт і якія ўзялі ў закладнікі турэцкіх дыпламатаў, маюць намер заняць сталіцу краіны Багдад.
Тыкрыт — гэта радзіма Садама Хусэйна, а Масул — двухмільённы цэнтр.
Прадстаўнік групоўкі «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ), якая стаіць за нападамі на гарады паўночнага Ірака, заклікаў баевікоў захапіць Багдад. «Бітва яшчэ не бушуе, але будзе бушаваць у Багдадзе і Кербеле», — гаворыцца ў аудыёпасланні, размешчаным у Twitter ІДІЛ.
«Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» — гэта арганізацыя, што паўстала на аснове іракскіх суполак «Аль-Кайды». Яе байцы ваявалі ў Сірыі супраць сілаў Башара Асада. У Іраку раней яна вяла тэрарыстычную дзейнасць. Захоп ёю тэрыторыю стаў нечаканасцю для іракскіх сілавікоў.
Баевікі ІДІЛ вылучаюцца жорсткасцю і нецярпімасцю да іншаверцаў і «здраднікаў веры». Менавіта на яе руках кроў у большасці выпадкаў масавых забойстваўу Сірыі.
Заклік да ісламістаў быў абнародаваны пасля таго, як у сераду, 11 чэрвеня, баевікі «Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта» захапілі горад Тыкрыт, які знаходзіцца на поўначы краіны ў 140 кіламетрах ад Багдада. Раней пад кантроль экстрэмістаў перайшоў цэнтр паўночнай іракскай правінцыі Ніневія — горад Масул. Таксама былі захопленыя некаторыя населеныя пункты, размешчаныя ў правінцыях Салах-эд-Дзін і Кіркук.
У палон да баевікоў, якія імкнуцца стварыць ісламскую дзяржаву на тэрыторыі Ірака і Сірыі, трапілі мноства іракскіх вайскоўцаў, якія практычна не аказвалі супраціву.
ІДІЛ паядноўвае сунітаў, а яны складаюць толькі 20% насельніцтва Ірака. Таму шанцаў заняць усю краіну ІДІЛ не мае. Аднак яна можа стварыць вялікія праблемы рэгіянальнага плана. Ужо сёння ІДІЛ кантралюе амаль усю заселеную сунітамі правінцыю Ніневія. Сярод іншага, яны занялі горад Баіджы, дзе месціцца найбольшы ў краіне нафтаперапрацоўчы завод. Гэта прывяло да росту цэнаў на нафту ў свеце вышэй за 110 даляраў.

Каментары