Спорт88

Марына Арзамасава: Кожны раз рыдаю над Форэст Гампам

Лёгкаатлетка Марына Арзамасава стала чэмпіёнкай Еўропы ў бегу на 800 метраў. Па вяртанні на радзіму дзяўчына адказала на пытанні «НН».

«Наша Ніва»: Што адчуваеце пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы?

Марына Арзамасава: На спаборніцтвах я была ў добрым фізічным стане: аднавілася, адпачыла. У маёй сям’і мне ўсе дапамагалі — у першую чаргу даглядаць дзіця. Мой муж спецыяльна ўзяў адпачынак на працы, каб быць са мной, дапамагаць мне — мы нават трэніраваліся разам.

 «НН»: Вы не толькі выйгралі чэмпіянат Еўропы, але выканалі сваю мару — паўтарыць поспех Вашай мамы, чэмпіёнкі Еўропы.

МА: Я яшчэ не ўсяго дасягнула. Па­-першае, хацелася б наблізіцца да яе вынікаў: яны на парадак вышэй, гэта рэкорды нашай краіны.

«НН»: Спачатку Ваша мама хацела бачыць сваю дачку тэнісісткай, а толькі потым накіравала яе па сваім шляху.

МА: З чатырох гадоў я займалася вялікім тэнісам. Аднак гэта даволі дарагі від спорту. А паколькі мама гадавала мяне адна, то нам гэтыя заняткі давялося спыніць. Неяк улетку яна накіравала мяне ў спартыўны лагер, дзе і пачаліся мае лёгкаатлетычныя заняткі. Калі мама загінула, то мне было ўсяго 11 гадоў. І я пераехала жыць у Калінінград да матуліных сяброў — сям’і трэнераў — Аляксандра Гаўрылавіча і Надзеі Вітальеўны Гадзіятавых. Нейкі час у іх трэніравалася мая мама. Вось там я і працягнула свае заняткі.

«Аддамо дачку ў спартыўную секцыю»

«НН»: У вас такая спартыўная сям’я. Дачка таксама пойдзе гэтым шляхам?

МА: Усё будзе залежаць ад яе жадання — гвалтам за вушы ніхто цягнуць не будзе. Яна вельмі актыўная дзяўчынка — пастаянна бегае, скача. Спрабуем яе трэніраваць: качаць прэс, адціскацца — у яе для свайго ўзросту выдатна атрымліваецца. Пакуль яна такая дзяўчынка­-дзяўчынка, прынцэса: сукеначкі, лялечкі, прычосачкі. Няхай займаецца тым, што ёй больш падабаецца. Але, вядома ж, будзем старацца накіраваць яе ў спорт, таму што мы ўсе самі жывем спортам — гэта наш лад жыцця і па­-іншаму мы не можам. Аддамо яе ў якую­-небудзь секцыю. Пакуль жа ў мяне чыста фізічна не атрымлівалася яе куды-­небудзь вадзіць: не было часу. Пакуль я больш сканцэнтравана на сваіх трэніроўках.

«НН»: Як пазнаёміліся з мужам?

МА: Ён займаўся тут жа, толькі ў іншага трэнера. Даўно ведалі адно аднаго, але адносіны нарадзіліся дзякуючы інтэрнэту. Спачатку перапісваліся ў сацыяльных сетках, потым пачалі сустракацца, закахаліся.

«НН»: Самы рамантычны падарунак ад яго?

МА: Калі шчыра, ён не вельмі вынаходлівы ў гэтым плане, не ў крыўду яму будзе сказана. Ён ведае, што я люблю завушніцы, і на кожнае свята мне іх дорыць. Цяпер ён мне таксама сказаў, што хацеў бы што-­небудзь падарыць з ювелірных вырабаў, але я сказала, што не трэба больш. Часам мне нават прасцей пайсці самой сабе што­-небудзь купіць, а потым сказаць яму, што гэта падарунак ад яго (смяецца).

«Наша мова вельмі прыгожая»

«НН»: Ваша дзяцінства прайшло ў трэніроўках і спаборніцтвах? І ці жадаеце такога каму­небудзь яшчэ?

МА: Мяне трэніравалі, спрабавалі дысцыплінаваць і нацэльваць на тое, што я чагосьці даб’юся. Ужо тады мне верылася, што ўсё будзе добра. Шчыра кажучы, у той час мне было цяжка. Былі і сваркі, і істэрыкі ў перыяд сталення, калі ўсе людзі гуляюць, збіраюцца кампаніямі. У гэты час я або была на трэніроўцы, або займалася школьнымі заняткамі. Вучылася ў школе я вельмі добра, за гэтым таксама пільна сачылі. Але цяпер я ўсведамляю, што гэта сапраўды мне дапамагло дамагчыся цвёрдасці характару і знайсці свой шлях. Маладых таленавітых спартоўцаў вельмі шмат, але дамагаюцца поспеху толькі тыя, у каго ёсць выразнае разуменне сваёй мэты. Пасля заканчэння дзясятага класа я пераехала назад у Мінск, каб скончыць школу і паступіць ва ўніверсітэт. Тады я разумела, што акрамя спартыўнай мне трэба і іншая адукацыя. Таму заканчвала я юрыдычны факультэт БДУ. Я ведаю, што пасля спорту павінен мецца нейкі тыл, куды можна будзе сысці. Але праз спорт ва ўніверсітэце я вучылася абы­як — прыходзілася шмат прапускаць.

«НН»: Вас у Беларусь вярнула менавіта магчымасць паступлення ва ўніверсітэт?

МА: Па-­першае, у мяне не было расійскага грамадзянства, і на ўнутрырасійскіх спаборніцтвах я выступала, скажам так, нелегальна. Я не магла ўваходзіць у зборную. А для прыняцця расійскага грамадзянства трэба было мець цвёрды намер жыць у гэтай краіне. Я ж з Мінска — у мяне тут бабуля, кватэра, вельмі шмат матуліных сяброў. Калі вярнулася, то ў 11 класе прыйшлося наганяць упушчанае па беларускай мове, бо ў Расіі я яе не вучыла. Таксама як і гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру. Але тэставанне я здала і ў выніку паступіла.

«НН»: А цяпер як справы з беларускай мовай?

МА: Я ўсё выдатна разумею, проста трохі забылася правапіс. Магу размаўляць, калі трэба. Звычайна мяне просяць што­небудзь сказаць па­беларуску расейцы ці ўкраінцы, калі мы сустракаемся. Вось я з імі і размаўляю на беларускай мове. Я нашу мову люблю — яна вельмі прыгожая.

«У арміі нас падтрымліваюць»

«НН»: Вы цяпер, здаецца, ужо лейтэнант ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Гэта ўвогуле як адбылося?

МА: Вядома, гэта дзякуючы спартовым поспехам. Спачатку я атрымала афіцэрскую пасаду, а потым мяне павысілі ў званні. Мы папярэдне здавалі экзамены: была страявая падрыхтоўка, тэарэтычная частка, ідэалагічная праграма.

 «НН»:А як Вы патрапілі ва ўзброеныя сілы?

МА: Для спартоўцаў ёсць магчымасць служыць у сілавых структурах. Для мяне гэта быў спартыўны камітэт арміі. Гэта выдатная магчымасць служыць і займацца спортам. Там нас падтрымліваюць, робяць усё, каб мы паказвалі высокія вынікі і годна прадстаўлялі нашу краіну. У нас таксама ёсць вайсковыя спаборніцтвы, у якіх я двойчы прымала ўдзел.

«Любімы горад — Мінск»

«НН»: Як праходзіць звычайны дзень Марыны Арзамасавай?

МА: Я прачынаюся тады, калі прачынаецца мая дачка. Цяпер гэта вельмі рана — шэсць, палова сёмай раніцы. Мой дзень пачынаецца са слоў «Добрай раніцы, матуля і татачка… Уключыце мульцікі». Потым я адвожу дачку за горад да бацькоў мужа. Затым трэніроўка, аднаўленчыя мерапрыемствы: масаж, фізіяпрацэдуры. Еду дамоў, ем, трошкі адпачываю. Далей еду забіраць дзіця, можам пасядзець на дачы трошкі. На днях дачка заснула ў дзядоў, і мы пакінулі яе начаваць там. Мы з мужам скарысталіся выпадкам і першы раз за доўгі час схадзілі ў кіно.

«НН»: Які фільм можаце пераглядаць па сто разоў?

МА: «Форэст Гамп». Кожны раз я рыдаю, як быццам гляджу першы раз. Наогул я люблю кранальныя фільмы, меладрамы: паглядзець, паплакаць. Але і камедыі падабаюцца. Наогул, калі бачу якія­небудзь кранальныя моманты, слёзы на вочы наварочваюцца.

«НН»: А якая Ваша настольная кніга?

МА: Яшчэ зімой я адкрыла для сябе французскага аўтара Марка Леві. Ужо прачытала шмат яго кніг, і на кожнай з іх плачу. Там ёсць трохі фантастычны сюжэт, нават у анатацыях гаворыцца, што гэта казкі для дарослых. Але ўсё роўна гэта адлюстраванне рэчаіснасці, чалавечых пачуццяў. А зараз я чытаю таксама французскую кнігу пад назвай «Дзяўчына, якую ты пакінуў».

«НН»: Вы шмат падарожнічаеце. А які горад у вас любімы?

МА: Мінск. Я яго лічу сапраўды вельмі прыгожым. Я рада, што нарадзілася і жыву менавіта ў Мінску. І мне заўсёды хочацца сюды вяртацца. Вядома, еўрапейскія гарады прыгожыя, выдатныя. Адзін з самых лепшых — Рым. У Парыжы я была даволі шмат, у мяне там ёсць любімыя месцы. Але на першым месцы ўсё роўна заўсёды будзе Мінск.

«Люблю кока-­колу і чыпсы»

«НН»: Вам даводзіцца моцна абмяжоўваць сябе ў харчаванні?

МА: Ведаеце, не. Месяц-­паўтара таму я нават спрабавала набраць трохі вагі, а то паездзіла па спаборніцтвах, схуднела зусім. Ды яшчэ да таго ж спякота была. Хацела набраць хаця б кілаграм. Налягала на вугляводы, мяса, піла два віды пратэіну. У выніку набрала 400 грамаў — лічы, нічога не змянілася. Так што не абмяжоўваю сябе ў шкоднай ежы. Вельмі люблю кока­-колу, але стараюся піць яе як мага радзей. Вось чыпсы таксама, напрыклад. Але ўсё ж такое любяць.

«НН»: У адной з публікацый прачытаў, што лёгкая атлетыка ў Беларусі з каралевы спорту ператварылася ў распусную жанчыну, прычынай чаму допінгавыя скандалы не такога даўняга часу. Што можаце сказаць з гэтай нагоды?

МА: Я ў роўнай ступені з іншымі спартоўцамі з усяго свету падпадаю пад кантроль антыдопінгавых службаў. Мы пастаўлены ў жорсткія рамкі — нам трэба сачыць за ўсім, што трапляе ў наш арганізм. Але, вядома, гэта крытыка з боку асабліва нашых айчынных СМІ вельмі непрыемная. Усе мы перажываем за спорт. І кожны спартовец укладае ўсю душу ў свае выступы. А калі актыўна крытыкуюць, то становіцца вельмі крыўдна.

«НН»: Лёгкай атлетыкай можна зарабіць?

МА: можна. Калі спартовец паспяховы і ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах. З афіцыйных стартаў аплачваецца толькі чэмпіянат свету. Алімпійскія гульні аплачваюцца дзяржавай, а чэмпіянат Еўропы не аплачваецца. Але ёсць этапы Брыльянтавай лігі, серыі спаборніцтваў Сусветнага выкліку, іншыя камерцыйныя старты. Паволі можна зарабіць. Аднак вельмі шмат укладваецца ў аднаўленне, фармакалогію.

«НН»: Апошняе пытанне. Гляджу, Вы татуіроўкі любіце…

МА: Так, яны мне падабаюцца ўсюды і ў любой колькасці. Але я пакуль раблю іх патрошку — цішком, ці ж гандлюючыся, дамаўляючыся. Муж кажа, што мне ўжо хопіць. Хоць ён сабе таксама зрабіў адну. Кажуць, з кім павядзешся… Але я ўсё зараз хаджу вакол яго: «Ну давай зробім яшчэ адну». Але ён кажа, што мне ўжо дастаткова, а яму пакуль не хочацца.

***

Арзамасава (Катовіч) Марына — лёгкаатлетка. Нарадзілася 17 снежня 1987 у Мінску. Бацька — Аляксандар Катовіч, займаўся скачкамі ў вышыню; маці — Равіля Аглетдынава, чэмпіёнка Еўропы і СССР у бегу на сярэднія дыстанцыі.

Чэмпіёнка Еўропы ў бегу на 800 метраў (2014), бронзавы прызёр (2012). Бронзавы прызёр чэмпіяната свету ў памяшканнях у бегу на 800 метраў (2014). Бронзавы прызёр чэмпіяната Еўропы ў памяшканнях у бегу на 800 метраў (2013). Замужам за лёгкаатлетам Іллём Арзамасавым, з якім гадуюць дачку Аляксандру.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі47

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Усе навіны →
Усе навіны

У маскоўскім «Дзіцячым свеце» адбыўся выбух, пацярпеў супрацоўнік ФСБ2

Як выглядае вызвалены экс-мэр Херсона да расійскага палону і пасля ФОТАФАКТ3

Яраслава Еўдакімава пахавалі на могілках «Лясныя». Яго правялі пад «Фантазёра» ВІДЭА3

Талібы прыехалі ў Беларусь, каб праверыць, як тут утрымліваюць афганцаў у турмах3

З’явілася ВІДЭА, як «абломкі» БПЛА падаюць на марскі порт ва Усць-Лузе пад Пецярбургам1

У Растоўскай вобласці буйны НПЗ, падпалены ўкраінскім беспілотнікам, гарыць ужо чацвёрты дзень4

Беларускія хірургі правялі паспяховую трансплантацыю лёгкіх пацыенту з хваробай сэрца і імунадэфіцытам2

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць58

Рэжысёра мінскага тэатра асудзілі за вырошчванне дома канопляў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі47

Пасля паездкі за межы ЕС таямніча знік Анатоль Котаў, былая правая рука Паўла Латушкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць