У час рабочай паездкі ў Омскую вобласць акім (губернатар) Паўладарскай вобласці Казахстана Канат Базумбаеў выступіў з прапановай увесці ў омскіх школах частковае вывучэнне казахскай мовы.
Пра гэта паведамляе рэгіянальнае інфармацыйнае агенцтва «Омскинформ».
«Будзем дамаўляцца, каб, не адрываючыся ад каранёў, грамадзяне Расійскай Федэрацыі казахскай нацыянальнасці ведалі сваю родную мову, каб яны маглі паехаць у Казахстан да сваіх сваякоў і размаўляць на нашай мове», - заявіў Базумбаеў падчас візіту на Омскі нафтазавод.
Кіраўнік Паўладарскай вобласці, якая мяжуе з Омскай з поўдня, паабяцаў дапамагчы мясцовым уладам і забяспечыць школьнікаў неабходным наборам падручнікаў.
Базумбаеў пры гэтым спаслаўся на казахстанскі досвед. У ягонай вобласці ў школах распаўсюджана трохмоўе: там вывучаюць не толькі казахскую і англійскую, але і рускую мовы.
Па дадзеных на 2012 год, доля расіянаў у насельніцтве Паўладарскай вобласці складала амаль 38%. Доля казахаў ў нацыянальным складзе Омскай вобласці — крыху больш за 4%
Каментары