Аб стварэнні сумеснага навучальнага і ацэначнага цэнтра НАТА і Грузіі было абвешчана ў лістападзе 2014 года ў Брусэлі, дзе сустрэліся прэм'ер-міністр Грузіі Іраклі Гарыбашвілі і генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг.

А у апошні чацвер пасля пасяджэння камісіі НАТА-Грузія Енс Столтэнберг заявіў, што адносіны Грузіі і НАТА вельмі моцныя і ўсё больш паглыбляюцца.
Адкрыццё вайсковага навучальнага цэнтра, запланаванае да канца гэтага года, пасылае Маскве важны сігнал аб рашучасці НАТА інтэнсіўна развіваць адносіны з Тбілісі, лічаць грузінскія палітолагі.
Міністр абароны Грузіі Міндзія Джанелідзэ адзначыў, што асноўныя функцыі цэнтра — ацэнка стану ўзброеных сілаў Грузіі і павышэнне іх сумяшчальнасці да стандартаў НАТА.
Гэты трэніровачны цэнтр важны як для Грузіі, так і для НАТА і іншых краін-партнёраў, бо яны змогуць навучаць там свае войскі, адзначыў Столтэнберг.
Сцвярджаецца, што запланаваны аб'ект будзе навучальным цэнтрам, а не ваеннай базай, і яго стварэнне не з'яўляецца крокам, накіраваным супраць Расіі.
Але Масква лічыць адкрыццё такога цэнтра «правакацыйным крокам», які негатыўна адаб'ецца на бяспецы ў рэгіёне.
Сталы прадстаўнік Расіі пры НАТА Аляксандр Грушко назваў стварэнне вучэбна-трэніровачнага цэнтра ў Грузіі крокам, «які нельга расцаніць па-іншаму, як правакацыйны».
«Няма ніякай неабходнасці для НАТА ствараць нейкія цэнтры. Мы, вядома, будзем разбірацца, пра што ідзе гаворка, але тым не менш з'яўленне ў Грузіі натаўскіх ваенных аб'ектаў — гэта крок у бок узмацнення напружанасці і пагаршэння рэгіянальнай бяспекі», — цытуе Грушко агенцтва РІА Навіны.
Ён дадаў, што ў рэгіёне Чорнага мора ёсць усе ўмовы для таго, каб бяспеку забяспечвалі самі чарнаморскія краіны.
Але ў той час як Масква выказвае незадаволенасць з нагоды стварэння ў Грузіі сумеснага вучэбнага цэнтра, у альянсу выклікаюць занепакоенасць дзеянні Масквы ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Падпісаны паміж Масквой і Сухумі дакумент прадугледжвае фарміраванне агульнай абароннай прасторы, у тым ліку стварэнне аб'яднанай групоўкі войскаў «для адпору агрэсіі», а таксама сумесныя дзеянні па ахове непрызнанай мяжы Абхазіі з Грузіяй.
Адкрыццё навучальнага цэнтра НАТА з'яўляецца важным сігналам для Масквы, лічыць выканаўчы дырэктар Атлантычнага савета Грузіі, былы намеснік міністра абароны Георгій Мучаідзэ.
«Гэта вельмі важны палітычны крок і сур'ёзны сігнал у кірунку Расіі аб тым, што НАТА павялічвае сваю прысутнасць у Грузіі і не збіраецца адступаць, нягледзячы на агрэсіўныя крокі з боку Расіі. І гэта з'яўляецца стрымліваючым фактарам для далейшай экспансіі Расіі на постсавецкай прасторы», — лічыць Мучаідзе.
На думку палітолага Карнэлія Какачыя, на дадзеным этапе альянс па-ранейшаму вымушаны лічыцца з палітыкай Расіі і пакуль не гатовы прыняць Грузію.
«У той жа час яны не могуць адмовіць Грузіі, і мы [знаходзімся] ў такім замарожаным, незразумелым становішчы. Гэтая сітуацыя працягнецца да таго часу, пакуль не будзе геапалітычных зменаў, рэвалюцыі ў постсавецкай прасторы, — кажа Какачыя. — Такія змены або рэвалюцыя ўжо адбываюцца ва Украіне, і вынікі гэтага ў любым выпадку паўплываюць на гэты працэс».
Каментары