Карэспандэнт «Нашай Нівы» з’ездзіў з кандыдатам у прэзідэнты ў Салігорск.
Шэрая раніца нечакана пераўтварылася ў сапраўдны летні дзень: глейкі, спякотны і млявы. Паабапал трасы Р23 жоўтае жыта, у якім вялікімі павольнымі насякомымі паўзуць камбайны. Разам са старшынёй АГП Анатолем Лябедзькам мы едзем у Салігорск, дзе ён плануе перадаць неабходныя матэрыялы сваім актывістам і раздаць пэўную колькасць улётак.
Выязджаем позна, амаль апоўдні. Лябедзька едзе без каманды, адзін, на ўласным аўто. Тлумачыць гэта тым, што працы цяпер шмат, дарма адцягваць людзей будзе памылкай.
Па дарозе Лябедзька расказвае, чаму накіроўваецца менавіта ў беларускую калійную сталіцу: «У нас ёсць дзве мэтавыя групы, тыя, на каго мы робім стаўку, каб сабраць сто тысяч подпісаў: гэта прадпрымальнікі і работнікі прадпрыемстваў, асабліва буйных, дзе ёсць праблемы».
У Салігорску Лябедзька збіраецца наведаць рынак і завітаць на прахадную «Беларуськалія». Цікаўлюся, ці ёсць сэнс ісці да шахцёраў: зарабляюць яны няблага.
«Вось і паглядзім», — адказвае Анатоль.

У горадзе мы сустракаемся з Віктарам Малочкам, старшынёй Мінскай абласной арганізацыі АГП. Перагружаем яму ў машыну частку ўлётак, спецыяльны «мальберт», на якім будзе размешчаны плакат падчас пікетаў.
Затым накіроўваемся ў кавярню падсілкавацца. Па дарозе Малочка заводзіць нас у мясцовую краму, дзе ў «кішэнях» паўпустога рэкламнага стэнда тырчаць улёткі АГП і некалькі асобнікаў «Народнай Волі», у якой надрукавана інтэрв’ю з Анатолем Лябедзькам. Праўда, прызнае Віктар, разбіраюць гэтую агітпрадукцыю не вельмі ахвотна.
У кавярні да нас далучаецца праваабаронца Леанід Мархотка, сябар АГП, прадстаўнік Беларускага хельсінкскага камітэта. Пэўны час абмяркоўваюцца планы па назіранні за выбарамі, ідзе гутарка аб тым, як трэба ладзіць пікеты па зборы подпісаў.
«Вось «Гавары праўду!» скардзіліся, што забаранілі некалькі іхніх пікетаў. Не трэба ўвогуле ісці па дазвол, — кажа Лябедзька. — Мы плануем граць па сваім сцэнары. Выстаўляем пікеты самі».

Затым едзем на найбуйнейшы мясцовы рынак. Для індывідуальных прадпрымальнікаў у АГП гатовыя адмысловыя ўлёткі: на іх з аднаго боку вялікі партрэт Лябедзькі, з другога — апісанне яго прапаноў пад назвай «Пяць крокаў насустрач ІП». У прыватнасці, старшыня АГП хоча, каб дзяржава прадала іпэшнікам па астаткавай цане гандлёвыя і офісныя плошчы, калі ІП арандаваў іх больш за тры гады. Таксама прапануецца адмяніць абавязковую сертыфікацыю і суправаджальныя дакументы на тавары, замест падаткаў увесці гадавы патэнт, увесці трохгадовы мараторый на праверкі і адмяніць падаткі на зарплату (то бок адлічэнні ў ФСАН).
Што ж, паглядзім, як на гэта адрэагуе «мэтавая аўдыторыя».
На рынку Лябедзька і Малочка бяруць па стосе ўлётак і праходзяцца па гандлёвых кропках. Раздачу ўлётак лідар АГП праводзіць імкліва.
«Добры дзень! Вазьміце інфармацыю да прэзідэнцкай кампаніі! Потым прыйдзем па ваш голас!»
Наступная кропка.

«Добры дзень! Пачытайце да прэзідэнцкай кампаніі, калі спадабаецца, падтрымаеце сваім голасам!»
Рынак выглядае сумна — многа зачыненых павільёнаў. Пытаюся ў адной з прадавачак, ці сапраўды не ўсе перанеслі крызіс. Аказваецца, справа зусім не ў гэтым.
«Гэта ж рынак, тут працоўны дзень амаль скончыўся — ужо палова трэцяй гадзіны. Трэба было раней прыходзіць, былі б людзі», — тлумачыць жанчына.
Тым часам Анатоль Лябедзька працягвае раздачу ўлётак.
Народ рэагуе парознаму. Хтосьці кажа: «Прагаласуем толькі за вас». Хтосьці ўвогуле цікавіцца: «А што, ужо выбары?» Але ад улётак ніхто не адмаўляецца, бяруць, большасць нават ахвотна. Часам паміж будучым кандыдатам і прадпрымальнікамі завязваецца гутарка.
«І што вы нам прапануеце?»
Лябедзька коратка пераказвае змест улёткі. «Мы з вамі адной крыві, трэба аб’ядноўвацца. Калі вас знішчаць, то і нас усіх знішчаць, — дадае ён. — Дробны бізнэс павінен быць сярэднім класам».
Само сабой, з ім пагаджаюцца.
Адна з жанчын пачынае гучна скардзіцца, што развалілі Савецкі Саюз.
«Дзе было нашае пакаленне, калі яго развальвалі? — пытаецца яна. — Жылі б цяпер як белыя людзі!»
Лябедзька не згодны. Прыводзіць у прыклад Еўропу. Жанчына стаіць на сваім.


«Польшча ў Еўропе ж*пу мые і сантэхнічае!» — кажа яна.
Лябедзька адказвае, што сёння мільён беларусаў займаецца ў Расіі прыкладна тым жа.
«У Расіі ж*пу не мыюць, у Расіі — працуюць!» — упэўненая жанчына.
На развітанне Лябедзька зычыць жанчыне плённай працы і таксама —пазбавіцца ад настальгіі і нармальна жыць у сучаснасці.
«Ага, хто нам дасць? — мармыча тая яму ў спіну. — Ходзяць тут, бл***…»
Увесь час, пакуль мы на рынку, на прыстойнай адлегласці за намі ідзе акуратна апрануты малады чалавек з маленькай відэакамерай. Спачатку ён хаваецца за павільёнамі, выставіўшы зза кута камеру, потым, убачыўшы, што яго заўважылі, ходзіць ужо ў адкрытую.
Падыходжу да яго і пытаюся, хто ён і што робіць. Малады чалавек сцвярджае, што ён вартаўнік.
«Гляджу, што вы здымаеце, і таксама здымаю, на ўсякі выпадак», — кажа ён.
Заўважаю ў яго адну з лябедзькаўскіх улётак. Пытаюся: «Як улётачка?»
«Нармальна, — кажа «вартаўнік». — А ў вас як справы?»
«Паціху», — адказваю я.
Тым часам зачыняюцца ўжо амаль усе гандлёвыя кропкі. Лябедзька прызнае, што трэба было прыехаць хаця б на паўгадзіны раней. Вырашае, што на наступны дзень астатнім улёткі раздасць Віктар Малочка.
На выхадзе з рынку Анатоля Лябедзьку спыняюць журналісты мясцовага тэлеканала. Ён расказвае ім пра сваю праграму, тлумачыць, навошта прыехаў у Салігорск. Затым выказвае спадзеў, што інтэрв’ю выйдзе: маўляў, у мінулы раз ягоны каментар на мясцовым ТБ так і не з’явіўся. Журналісты абяцаюць, што ў гэты раз усё будзе як след.

Затым развітваемся з Леанідам Мархоткам і Віктарам Малочкам і едзем на «Беларуськалій», у Другое рудаўпраўленне — там хутка якраз скончыцца змена. Адмысловыя ўлёткі падрыхтавалі і для рабочых, праўда, надрукаваць іх яшчэ не паспелі, таму Лябедзька выцягвае з багажніка велізарны стос газет «Народная Воля» са сваім інтэрв’ю. Трошкі чакае, пакуль народ пойдзе, і ўстае побач з прахадной.

«Спецвыпуск «Народнай Волі» да прэзідэнцкай кампаніі, калі ласка!» — прыгаворвае Лябедзька.
Газеты разбіраюць хутка. Праз дзесяць хвілін амаль сто асобнікаў ужо разышлося. Узяць нумар адмаўляліся літаральна адзінкі, шмат хто падыходзіў па газету сам. Невядома, ці пазналі калійшчыкі старшыню АГП, але абышліся без пытанняў і лішніх словаў — моўчкі бралі газету і ішлі далей. Толькі адзін дзядзька радасна ўскрыкнуў: «О, таварыш Лябедзька!», і яны з Анатолем паціснулі адзін аднаму рукі.
Усё, праца ў Салігорску скончаная. Можна вяртацца ў Мінск. Пакуль я дазваляю сабе цыгарэтку перад дарогай, Лябедзька бярэ з машыны свае антыкарупцыйныя ўлёткі і робіць яшчэ кола па тэрыторыі перад прахадной.
Увечары ў старшыні АГП запланавана яшчэ некалькі сустрэч у сталіцы. На наступны дзень ён плануе зладзіць прэзентацыю сваёй праграмы і прэсканферэнцыю непасрэдна перад прахадной Мінскага трактарнага завода.
Каментары