Грамадства1818

Леанід Кулакоў: таксіст, які ездзіць з бел-чырвона-белым сцягам

Леанід Кулакоў, фота Сяргея Гудзіліна.

Леанід Кулакоў — асоба цікавая. Звычайны таксіст, які не з’яўляецца членам аніякай палітычнай партыі, бярэ ўдзел у шматлікіх пратэстных пікетах і акцыях апазіцыі, пасля якіх нярэдка сядзіць на сутках. Прычым, як адзначае сам спадар Леанід, да 50 гадоў палітыкай ён увогуле не цікавіўся.

Кулакоў нарадзіўся ў Мінску. Рана, у пяць гадоў, страціў бацькоў, трапіў у інтэрнат. Пасля было войска. Служыў на флоце, штурманам у Севераморску. Падчас службы пазнаёміўся з жонкай — калі прыехаў у Мінск у кароткі адпачынак. Неўзабаве зладзілі вяселле, Кулакоў даслужваў тэрмін ужо жанатым.

Пасля службы вярнуўся ў Беларусь: як кажа сам, не захацеў мяняць Мінск на Мурманск.

У 1989-м у яго нарадзілася дачка.

«На выбары-94 я нават не хадзіў. Хто ў нас прэзідэнт, хто прэм’ер — мяне не цікавіла. Усе 90-я я быў увогуле апалітычным, — кажа Кулакоў. — Я працаваў выканаўчым дырэктарам на фірме, якая займалася экспартам тэхнікі: МАЗ, МТЗ. Мы дапамагалі разгружаць заводы. Але ў 2006 годзе прыватным фірмам забаранілі быць пасярэднікамі. І бізнэс наш разваліўся. Я пайшоў у таксісты».

І паціху, кажа Леанід, стаў разумець, што ў краіне не так усё і добра.

«У побытавым плане мяне ўсё больш-менш задавальняла. Зарабляў я нармальна, нават у таксі. Але я пачаў разумець, што ўладу трэба мяняць. Нельга, каб адзін чалавек кіраваў столькі часу. Я сёння называю яго «Бульбашбашы», па аналогіі з Туркменбашы», — пасміхаецца Леанід.

У 2006 годзе Кулакоў галасаваў за самага рэзкага кандыдата — Казуліна.

«Пасля выбараў Казулін заклікаў людзей падтрымаць тых, каго завезлі на Акрэсціна. Ну, і я пайшоў. Там жорстка разганялі, я бачыў гэта на ўласныя вочы. [Маецца на ўвазе шэсце да Акрэсціна на Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года, якое было разагнана сілавікамі. Сам Казулін быў затрыманы падчас разгону і змешчаны ў СІЗА. — Рэд.]. І вось тады я задумаўся», — узгадвае Кулакоў.

Як стаў «невыпадковым»

19 снежня 2010, прагаласаваўшы за Андрэя Саннікава, Кулакоў пайшоў на Плошчу. Стаяў у першых шэрагах, быў збіты міліцыянтамі. Па яго словах, страціў прытомнасць і ачуняў толькі ў машыне хуткай, куды яго аднеслі неабыякавыя людзі. Пасля яго адвезлі ў прыёмны пакой, там Леанід паведаміў, што яго збіла міліцыя на Плошчы. Дактары павінны паведамляць пра выпадкі збіцця. Адпаведна, міліцыянты прыехалі і забралі Леаніда, але ён адчуваў сябе вельмі дрэнна, не разумеў, што яны ад яго хочуць. Неўзабаве яго адпусцілі.

«А праз пару дзён я чуў, як па ТБ казалі, што кожны, хто быў на Плошчы, будзе сядзець у турме. І тут мне пазванілі, сказалі, каб я прыйшоў у міліцыю. Усё, думаю. Сабраў сабе пакет — цёплыя рэчы, печыва, цыбулю — пайшоў. Жонку папярэджваць не стаў», — кажа Кулакоў

Але пасля працяглага допыту яго адпусцілі.

«А потым, ужо ў студзені 2011, я выпадкова даведаўся, што ладзіцца пікет ля будынка КДБ, у падтрымку тых, каго затрымалі на Плошчы. Я вырашыў пайсці: мне было шкада людзей, якіх арыштавалі ні за што, — распавядае Кулакоў. — Прыйшоў. А я ж не ведаў нікога. Спачатку прыбіўся да журналістаў — думаў, гэта і ёсць пікет. Потым заўважыў, што прыйшла група людзей з партрэтамі палітвязняў. Падышоў, папрасіў партрэт Саннікава. Далі. Стаю, трымаю».

Неўзабаве пікетчыкаў затрымала міліцыя. Суткі Леанід правёў у камеры. Разам з ім быў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Яны пазнаёміліся, пагутарылі. Затым — кароткі суд.

«Суддзя мне казаў: «Вы ж выпадковы чалавек тут».

А я адказаў: «Адчуваю, што ўжо буду невыпадковым», — смяецца Кулакоў.

Леанід атрымаў штраф. Калі вярнуўся дахаты, жонка яму не паверыла, што пераночыў у міліцыі — была ўпэўненая, што бавіў час у палюбоўніцы. Потым, калі ўпэўнілася, што муж не хлусіць, спытала: «І што? І чаго ты гэтым дабіўся?»

Два сцяжкі

«Жонка ніколі не ўхваляла тое, што я раблю. Яна мае такую ж пазіцыю, але баіцца. Па сёння кажа мне: «І што? Які сэнс у тваіх акцыях?» — кажа Леанід. — Але дачка падтрымлівае. Яна ўжо дарослая, замужам. Жыве ў Еўропе. І вось яна заўсёды за мяне».

Пасля сутак у студзені 2011 Леанід адшукаў Вінярскага. Знаёмства працягнулася. Першы час Кулакова не клікалі на акцыі ці пікеты. Але паціху ён пачаў хадзіць на дазволеныя мерапрыемствы: Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях. На іх Леанід стараўся трымацца Вінярскага.

 «Так і ўліўся», — кажа Кулакоў.

Леанід пачаў з’яўляцца на акцыях у падтрымку палітвязняў, салідарнасці з Украінай. Адпаведна, нярэдка даводзіцца бавіць час на сутках. У выніку — прапускае працоўныя змены.

«Кіраўніцтва фірмы, дзе я працую, стваіцца да мяне з разуменнем. Тут мне пашчасціла», — кажа Кулакоў.

У яго машыне вісяць два сцяжкі: беларускі бел-чырвона-белы і ўкраінскі. Ёсць кліенты, якія з-за гэтага не хочуць да яго садзіцца. Але часцей наадварот, калі бачаць сцяжкі, то з шэрага аўтамабіляў таксі выбіраюць менавіта машыну Кулакова.

Смурод і холад

Леаніду Кулакову — 55 гадоў. Здавалася б, у такіх гадах бавіць па некалькі сутак за кратамі няпроста. Але ён ставіцца да гэтага па-філасофску.

«За свае канстытуцыйныя правы я выходзіў і буду выходзіць. І за гэта я не баюся аніякіх рэпрэсій. За нашу супольную Свабоду мне не шкада часова страціць свабоду сваю ўласную. І я разумею, і не выключаю, што аднойчы гэта ўсё можа скончыцца сур’ёзным тэрмінам. Але я гатовы. Бо раней ці пазней павінна штосьці змяніцца. Павінна», — упэўнены Леанід.

Цяжэй за ўсё, кажа ён, было ў Смалявіцкім ізалятары часовага ўтрымання, дзе ў маі гэтага года Леанід правёў 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Кулакоў быў абвінавачаны ў несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся 25 красавіка на Кургане Славы. Там ён знаходзіўся з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам «Акупанты, вон». Суддзя Ліна Бародзіч прызнала Кулакова і арганізатарам, і ўдзельнікам «масавага» мерапрыемства — адзіночнага пікета.

«Камера маленькая ў падвале, у ёй паўзмрок, сцены і падлога — бетонныя. «Шконкі» з металу. Дзённага святла няма. Замест туалета стаяла 10-літровае вядро. Пах увесь час стаяў жудасны, мяне пастаянна ванітавала. І пры гэтым смуродзе мы з сукамернікам елі, — узгадвае Кулакоў. — Памяшканне вельмі халоднае. Мяне забралі з дому, я быў лёгка апрануты, і мяне ўвесь час там калаціла ад холаду. Калі зачыніць акенца, будзе трошкі цяплей, але будзе стаяць смурод. Калі акно адкрыць, смурод трошкі знікае, але будзе холадна. Я называў гэта «камерай катаванняў».

Але, кажа Леанід, супрацоўнікі ІЧУ ставіліся да яго нармальна: хоць на прагулкі і не выводзілі, але заўсёды звярталіся да яго па бацьку і на вы, пастаянна прыносілі кіпень, каб вязні канчаткова не змерзлі.

«Яшчэ мяне называлі Патрыётам. Бо на Кургане хтосьці напісаў: «Свабоду Надзеі Саўчанцы!». І калі ў мяне на судзе спыталі, ці не ведаю я, хто гэта зрабіў, я адказаў так: «Канечне, ведаю! Патрыёты!» — пасміхаецца Кулакоў.

Штрафы плаціць са сваіх грошай. Смяецца, што ў нармальнага мужыка «заначка» на палюбоўніцу, а ў яго — на штрафы за палітычныя акцыі.

Улада баіцца толькі рабочых

Ад 2010 года Леанід — актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». У апазіцыйныя партыі яго клікалі, але нікуды ён так і не ўступіў.

«Я галасаваў за Саннікава. І ўступіць у іншую партыю я лічу здрадай. Гэта няправільна».

На гэтых выбарах Кулакоў будзе назіральнікам. Але сам галасаваць не хоча: лічыць, што найлепшай стратэгіяй быў бы байкот. Прычым адзначае, што за сённяшніх кандыдатаў ён на Плошчу б не выйшаў.

«Хто яны такія: Гайдукевіч, той казачок? А Караткевіч? Чаму я не бачыў яе ні на якой з акцый? Дзе яна была на Дзень Волі?» — усклікае Кулакоў.

Сам ён лічыць, што нешта зменіцца, толькі калі ўвесь народ зможа паказаць, што ён незадаволены тым, што адбываецца ў краіне.

«Інакш улада нічога нікому не дасць зрабіць. Народ павінен выйсці на вуліцы, выйсці на плошчы, мірна, — упэўнены Кулакоў. — Павінны выйсці рабочыя, каб спыніліся заводы і фабрыкі. Толькі вулічныя пратэсты могуць нешта змяніць».

Каментары18

Цяпер чытаюць

Арыштаваны чыноўнік, які мог стаць наступным міністрам аховы здароўя10

Арыштаваны чыноўнік, які мог стаць наступным міністрам аховы здароўя

Усе навіны →
Усе навіны

Маладая ўкраінская акрабатка трагічна загінула ў Тайландзе, сарваўшыся з 15-метровай вышыні

Музычны тэатр у Мінску збіраюцца закрыць на рэканструкцыю ў 2026 годзе

Спальныя месцы ў «Мінск-Свеце» могуць выклікаць клаўстрафобію. Як эканомяць прастору ў сучасных кватэрах-студыях22

Ілан Маск назваў галоўны законапраект Трампа «агіднай гнюснасцю»3

Камандуючым Сіламі беспілотных сістэм Украіны прызначаны «Мадзяр» — культавы добраахвотнік, які прыйшоў у армію ў 2022-м6

Ці сапраўды раслінныя алеі шкодныя і які абраць?6

«У людзей шок ад данатаў на вайну». Супрацоўнік беларускай юрасобы «Леста» расказаў пра настроі ў калектыве12

Чаму ў мінскім метро нельга рэкламаваць каўбасу, сыр і шампуні? Чыноўніца патлумачыла5

«У майго 21 сантыметр — дзесяць базавых далі». Беларусы ў тыктоку жартуюць з новых правілаў ад чыноўнікаў20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны чыноўнік, які мог стаць наступным міністрам аховы здароўя10

Арыштаваны чыноўнік, які мог стаць наступным міністрам аховы здароўя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць