Меркаванні88

Шлях на дно: чаму Расію не выратуюць нават вялізныя рэзервы і пасля рэцэсіі яна ўвойдзе ў стагнацыю

Піша Алесь Аляхновіч з ideaby.org.

Нягледзячы на ўсе беды, з якімі сутыкаецца расійская эканоміка, Крэмль выглядае непрабіваемым. Замест рэформаў, скіраваных на дыверсіфікацыю вытворчасці, улады вераць у сыравінную мадэль эканомікі, празмерна шмат выдаткоўваюць на абарону, субсідуюць Крым з Данбасам ды марнуюць грошы на падтрымку прадпрыемстваў, звязаных з уладамі. Нядзіўна, што ў бюджэце адсутнічаюць грошы на інвестыцыі ў мадэрнізацыю ды інавацыі.

Праз адсутнасць унутраных і вонкавых драйвераў росту Расію чакае рэцэсія ў 2015-ым і стагнацыя цягам некалькіх гадоў. У першай палове 2015-га эканоміка Расеі скарацілася на 3,4 % у гадавым параўнанні. МВФ і Сусветны банк прагназуюць рэцэсію ў Расіі сёлета (-3,4 % і -2,7 %, адпаведна) і застой у 2016-ым (0,2 % і 0,7 %).

Працяглае падзенне коштаў на нафту

Агульнавядома, што Расія — краіна-наркаман, якая не можа жыць без высокіх цэнаў на нафту. Расія з’яўляецца другім экспарцёрам нафты ў свеце і першым экспарцёрам газу. У апошнія гады сырая нафта, нафтапрадукты і газ адказвалі за 70 % расійскага экспарту і амаль палову бюджэтных прыбыткаў. Краіна паспела прывыкнуць да высокіх коштаў на энергарэсурсы і таму не спрабавала дыверсіфікаваць структуру сваёй эканомікі. Але найбольшая праблема ў тым, што высокія цэны на нафту дазвалялі ўтрымліваць астатняю частку эканоміку, на якую цяпер няма грошай.

Так нізкіх сярэднегадавых цэнаў на нафту як у 2015-ым не было ўжо больш за 10 гадоў. Калі ў чэрвені 2014-га барэль нафты Brent каштаваў $ 112, то ў жніўні 2015-га цана была ўсяго $ 47. І пакуль няма прыкмет таго, каб цана нафты вярнулася на папярэдні ўзровень. Сусветная прапанова нафты перавышае попыт, а вяртанне Ірана на міжнародны рынак гандлю нафтай і рэкорднае запаўненне нафтасховішчаў у свеце ціснуць на далейшае зніжэнне кошту.

Падзенне кошту на нафту аўтаматычна паўплывала на зніжэнне цаны газу. У І-ым квартале 2015-га сярэднестатыстычная цана імпартаванага з Расіі газу была на 33 % менш, чымся ў ІІ-ім квартале 2014-га. Нават для Беларусі, якая імпартуе з Расіі самы танны газ у Еўропе, цана ў першай палове 2015-ага скарацілася амаль на 20 % – да $ 139 за тыс. м3.

Паводле разлікаў Арганізацыі краін, якія экспартуюць нафту, пры сярэдняй цане ў $ 55 за барэль у 2015-ым Расія атрымае ад экспарту на $ 135 млрд (то бок 10 % Валавога ўнутранага прадукту) менш, чымся летась. Як патлумачыў у студзені міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў, пры цане ў $ 50 за барэль прыбыткі бюджэту будуць на $ 50 млрд меншыя, чым было запланавана ў праекце бюджэту на 2015-ы.

Як уплываюць фінансавыя санкцыі

Насуперак чаканням расійскіх палітыкаў заходнія эканамічныя санкцыі скаланулі эканоміку Расіі. Са жніўня 2014-га расійскія дзяржаўныя банкі, нафтавыя і абаронныя кампаніі не могуць фінансавацца за мяжой. Захад таксама абмежаваў продаж у краіну перадавых тэхналогій для нафтавай прамысловасці, абсталявання падвойнага прызначэння і ўзбраення.

Гэта праўда, што ўрад Расіі не залежыць ад замежнага фінансавання, але для эканомікі ў цэлым, банкаў і прадпрыемстваў заходнія крэдыты граюць істотную ролю. Абмежаваны доступ да вонкавых крэдытаў і неабходных тэхналогій абмяжоўвае патэнцыял росту вытворчасці. Паводле МВФ, назапашаны ў найбліжэйшыя гады адмоўны эфект санкцый сягне 9 % ВУП. Замест фінансавання на Захадзе Расія мусіць выкарыстоўваць нацыянальныя зберажэнні і рэзервы, якія ў іншым выпадку маглі б пайсці на інвестыцыі.

Як гэта ні парадаксальна, найбольшыя даўгі сярод прадпрыемстваў маюць найбуйнейшыя дзяржаўныя холдынгі – «Роснефть» і «Газпром». Нягледзячы на нафтавае Эльдарада ў мінулыя гады, дрэннае і карумпаванае кіраванне энергетычнымі кампаніямі прывяло да каласальных пазыкаў. Напярэдадні ўвядзення санкцый «Роснефть» і «Газпром» сукупна мелі больш за $ 100 млрд пазыкаў, з якіх 90 % у замежнай валюце.

Санкцыі супраць Расіі будуць дзейнічаць доўга, таму расійскія дзяржаўныя банкі і кампаніі мусяць прывыкнуць да новых бізнес-умоваў. Міжнародны фінансавы рынак для іх практычна цалкам заблакаваны, а спробы перайсці на фінансаванне на Усходзе (у тым ліку ў Кітаі) праваліліся. Між тым толькі ў 2015-ым расійская эканоміка павінна выплаціць па вонкавых крэдытах $ 75 млрд (6 % ВУП).

Бясконцы адток капіталу

Палітыка Крамля выклікала рэкордны адток капіталу з Расіі. Паводле Сусветнага банка, у 2014-ым адплыло на $ 167 млрд (эквівалент 8,9 % ВУП) капіталу больш, чымся наплыло ў краіну – у тры разы больш, чымся годам раней. У сваю чаргу ў 2015-ым адток капіталу прагназуецца ў $ 102 млрд (7,4 % ВУП).

У перыяд росквіту Расія назапасіла вялікія валютныя рэзервы, якія імкліва выдаткоўваюцца на пагашэнне доўгу дзяржаўнага сектара і стабілізацыю валютнага курсу. Перад увядзеннем санкцыяў золатавалютныя рэзервы Цэнтральнага банку, у тым ліку Рэзервовы фонд і Фонд нацыянальнага дабрабыту складалі $ 469 млрд. Але цягам 12 месяцаў ад увядзення санкцыяў Цэнтральны банк распрадаў $ 111 млрд – 24 % сваіх запасаў.

Адсутнасць структурных рэформаў пазбаўляе ілюзій

Крызіс у Расіі мае сістэмны характар. Расія плаціць высокую цану за адсутнасць дыверсіфікацыі эканамічнай мадэлі, у якой першасны сектар (газ, нафта, металы, дрэва і інш.) стварае каля траціны эканомікі. Зніжэнне сусветных цэнаў на нафту і эканамічныя санкцыі, якія супалі па часе, толькі паглыбілі запавольванне расейскай эканомікі, якое працягваецца з 2011-га.

Санкцыі і нізкія кошты на нафту трэба расцэньваць як доўгачасовы фактар, які абмяжоўвае інвестыцыйныя магчымасці Расіі, а праз гэта патэнцыял эканомікі ў будучыні. Толькі рынкавыя рэформы могуць запусціць унутраныя механізмы росту. Але ўлады не спяшаюцца рэфармаваць эканоміку, таму пасля кароткага перыяду рэцэсіі краіна можа далей знаходзіцца ў стагнацыі цягам некалькіх гадоў.

Беларусь жа пойдзе на эканамічнае «дно» разам з Расіяй, бо высокія цэны на нафтапрадукты, расійскія субсідыі і экспарт у Расію – аснова беларускай эканомікі.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»7

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі няма бульбы, а ў Японіі дэфіцыт рысу1

Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»

Ліса перайшла дарогу на зялёнае ў Гродне ВІДЭА

У мінскай краме прадаюць «нарвежскі» сыр ад беларускага вытворцы па 160 рублёў за кілаграм8

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

Харкаў трапіў пад масіраваную атаку: 40 выбухаў, пажары, ёсць загінулыя і параненыя

У Жыткавіцкім раёне жанчына заразіла ВІЧ 83-гадовага старога7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»7

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць