Героямі ж зьяўляюцца ня тыя, хто выбраў свой шлях, бо іншага папросту не было, а тыя, хто выбраў яго, ведаючы, што хутчэй за ўсё згубяць усё і што перамога малаверагодная.
Адной з галоўных прычынаў распаду СССР была не сама слабасць рэжыму, а менавіта тое, што вярхушка імперыі паказала яе народу, пачаўшы працэс дэмакратызацыі грамадства. Таталітарныя і аўтарытарныя сістэмы пры падтрыманні свайго антычалавечага характару і без вонкавага ўмяшальніцтва могуць існаваць стагоддзямі. Колькі часу праіснавала Расейская імперыя перад тым, як распасціся? Пры тым, што мецяжы і паўстанні ўспыхвалі ў ёй адно за другім. Так, можна сказаць, што яны былі слабымі, але такімі яны былі, таму што ўлады не давалі ім разрасціся і крывава душылі. А для задушэння народных выступаў у іх пачатковай фазе вялікіх намаганняў не патрэбна, і не перашкодзіць нават тое, што ўлада можа быць слабой – галоўнае, каб у кіраўніцтва дзяржавы ў самым пачатку выступу хапіла волі на знішчэнне яго на корані. А яшчэ лепш - не давяла да выступу, абясшкодзіўшы своечасова яго кіраўнікоў. Колькі было тых бальшавікоў перад рэвалюцыяй? Няшмат, а ўладу трохі пазней узялі, бо сістэма, не без вонкавага ўмяшальніцтва, дала збой і не адрэагавала адэкватна, калі гэта патрэбна было.
З часу прыходу Лукашэнкі да ўлады сярод беларускіх апазыцыянераў папулярны тэзіс, што вось хутка беларуская эканоміка лясне і рэжыму капец, бо народ выйдзе на вуліцы, будзе рэвалюцыя і г.д. Паглядзіце на СССР у 30-ыя гады. Колькі людзей тады памерла ад голаду? І што? А нічога. Нават пасля вонкавага ўмяшальніцтва з боку Нямеччыны сістэма выстаяла.
Які ж характар прыме сістэма, залежыць ад народа. Лідэр любой групы кіруе ёй так, як яна яму гэта дазваляе. Беларускі народ нармалёва ўспрымае аўтарытарны і нават таталітарны рэжым, бо за стагоддзі няволі прывык да яго. Ён, як і расейскі народ, жадае моцнага ўладара. І калі нейкая частка народу выйдзе з пратэстам на вуліцы Мінска, то іншая яе частка, нават калі будзе ў большасці сваёй апазіцыйна настроена, ў чарговы раз спакойна праглыне тое, што тую першую частку разагналі. А тое, што жыць стала кепска - не важна, галоўнае - абы не было вайны. Падзе ж рэжым Лукі толькі калі з-за нейкіх чыннікаў яго пачне зліваць атачэнне і вертыкаль (ён гэта сам разумее, таму так часта іх і мяняе). Тады ўлада ў краіне будзе дэцэнтралізаваная, і ў апазіцыі будзе шанец паспрабаваць умяшацца ў яе распадзел.
Цікавая і іншая тэндэнцыя, якую можна назіраць у наш час: з кожным годам на постсавецкай прасторы людзей, якія пазыцыянуюць сябе як камуністы, становіцца ўсё менш. Пры тым значна менш. У адрозненні ад тых жа нацыяналістаў. Камуністы папросту выміраюць і іхняе месца не займае “молодая поросль”. Так, яшчэ зусім нядаўна ўкраінскі камуніст Сіманенка быў другім на прэзідэнцкіх выбарах, а ўжо сёння яго партыя ледзьве праходзіць у Раду. На маю думку, галоўным чыннікам заняпаду камуністычнага руху ў былых краінах СССР з’яўляецца тое, што пантэон герояў, створаных камуністамі ў часы СССР, проста нікчэмны. Чырвоным проста няма на чым выхоўваць моладзь. Ну як можна параўноўваць графіню Эмілію Плятар, якая кінула заможнае жыццё і стала ў 1831 годзе падчас антырасейскага паўстання кіраўніцай атраду, з героем соцпрацы ці кіраўніком якой-небудзь беларускай камуністычнай партызанскай групы ў часы Другой Сусветнай вайны, якія ў першы час складаліся практычна выключна з партыйных дзеячоў ці супрацоўнікаў спецслужбаў, часта папаўшым у акружэнне і не маючым іншага выхаду, як сыход у лес. Сялянаў жа ў большасці сваёй, як і ва ўсе часы, цікавілі толькі свае інтарэсы, якія найчасцей абмяжоўваліся страўнікам. Толькі дзякуючы масавым рэпрэсіям у стаўленні да нявінных ні ў чым людзей з боку нацыстаў, у выніку якіх гэтым людзям не было ўжо чаго страчваць, акрамя свайго жыцця, якое ў тыя часы каштавала няшмат, камуністычная партызанка ў Беларусі стала масавай. Праўда, зусім ужо іншае пытанне, хто правакаваў нацыстаў на рэпрэсіі і якой гэта партызанка была, але яго я тут закранаць не буду.
У цяперашнія часы моладзь калі і ўспрымае партызанаў як герояў, то найчасцей не ўспрымае іх як камуністаў. Можа таму, што не сакрэтная ўжо інфармацыя, колькі мільёнаў беларусаў знішчылі тыя камуністы. А героі не могуць знішчаць ні ў чым не павінных людзей.
З кожным годам тых, хто ўспрымае 25 сакавіка сваім святам, не становіцца менш. І тое, што людзі, абвясціўшыя 90 годоў таму БНР, перамаглі, падцвердзіў усё той жа непрадузяты суддзя час. Бо як бы там ні было, незалежная Беларусь існуе, а Савецкі Саюз ужо ніколі існаваць не будзе. Менавіта людзі з нацыянальным мысленнем, натхнёныя такімі сваімі папярэднікамі, як Эмілія Плятэр ў 1918 годзе, і натхнёныя дзеячамі БНР ў канцы 1980-ых гадах, вырашалі лёс краіны. І менавіта ад людзей з нацыянальнай годнасцю будзе шмат у чым залежыць, калі антыбеларускі рэжым у Беларусі падзе, і якой будзе Беларусь пасля гэтага.
Героямі ж з’яўляюцца не тыя, хто выбраў свой шлях, бо іншага папросту не было, а тыя, хто выбраў яго, ведаючы, што хутчэй за ўсё згубяць усё і што перамога малаверагодная. Дзякуючы ім сёння мы называемся беларусамі, а не рускімі ці палякамі, дзякуючы ім сёння я магу паправіць свайго польскага выкладчыка, які кажа, што бальшавікі падаравалі беларусам дзяржаву... Дзякуючы ім...
Часам хочацца папрасіць у іх прабачэння за нас...
Каментары