Стадыён «Дынама» ў Мінску дабудуюць роўна праз два гады. Пра гэта падчас прамой лініі распавёў міністр спорту Аляксандр Шамко. Паводле яго слоў, будаўніцтва кантралюецца на самым высокім узроўні.

«Нацыянальны стадыён у Мінску будзе здадзены ў эксплуатацыю ў канцы 2017 года. Дакладна. Вы можаце ў мяне спытаць гэта яшчэ пяць разоў, і я пяць разоў адкажу, што гэта дакладна. Я адказны за будаўніцтва гэтага стадыёна. У тым ліку па ўказу прэзідэнта. Гэтаму пытанню было прысвечана ў тым ліку і пасяджэнне ў кіраўніка Камітэта дзяржкантролю. На самым высокім узроўні».
Кіраўнік Мінспорту таксама расказаў, што будаўніцтва на цяперашні момант ідзе згодна з графікам, а па шэрагу пазіцый яго нават апярэджвае.
«У мяне вокны выходзяць на будоўлю, будаўніцтва вядзецца. Іншая справа, што рэканструкцыя — гэта заўсёды нашмат складаней, чым будаўніцтва новага стадыёна. У тэхналагічным плане нейкія працэсы там ідуць у дзве змены, нейкія — у адну… Хоць знешне, магчыма, і не бачна, але будаўніцтва ідзе. Заклапочанасці па гэтым пытанні ў мяне няма. Федэрацыя лёгкай атлетыкі, Мінспорту гэтаму пытанню надаюць вялікую ўвагу», — паведаміў міністр.
Шамко таксама дадаў, што ёсць пэўныя складанасці з будаўніцтвам, аднак усе яны выкліканыя толькі тым, што адбываецца рэканструкцыя, а не будаўніцтва цалкам новага стадыёна. «Праз два гады ў снежні сустрэнемся каля стадыёна», — упэўнены міністр спорту.
Каментары