Меркаванні66

Генадзь Бураўкін, які чакаў большага

30 траўня - два гады як няма з намі Генадзя Бураўкіна…

У апошнія месяцы ягонага жыцця мы сустракаліся амаль штодня. Ці перамаўляліся, калі сустрэцца не выпадала, па тэлефоне.

Ён патэлефанаваў, калі яго перавялі з мінскага шпіталю ў «ракавы корпус». У Бараўляны, дзе, нягледзячы на ўсе супакаенні дактароў («Тут лепшая дыягностыка, мы проста паглядзець, якасныя аналізы зрабіць»), ён усё зразумеў.

- Вось ляжу, жыццё перабіраю, - сказаў ён на маё звыклае «як пачуваешся»? - Што зрабіў так, а што не так, што напісаў і што ўжо не напішу, дзе пабываў, а дзе ўжо не буду… - І, мусібыць, каб не такімі сумнымі былі гэтыя пераборы, скончыў. - Што выпіваў і чаго ўжо не вып’ю…

- Цяжка ўявіць нешта такое, чаго б ты не выпіваў… - не прыдумаў я лепшага, каб падтрымаць яго, жарту, і ён прыняў той жарт, сказаўшы, што раней і сам так лічыў, але сёння ўспомніў, што напой гэтакі ёсць: тэкіла.

- Тады чакай… - сказаў я, апранаючыся, і праз паўтары гадзіны быў у Бараўлянах. Але пакуль я ехаў, яму стала кепска, яго паклалі ў палату рэанімацыі, куды мяне з тэкілай не пусцілі.

Прыйшоў я да Генадзя Бураўкіна з той самай пляшкай тэкілы ўжо тады, калі яго прывезлі дахаты. Быў пачатак вясны, і для таго, каб дарабіць недаробленае, напісаць недапісанае і выпіць невыпітае, заставалася ў яго менш за тры месяцы.

Ён быў слабы. Жонка дапамагла яму сесці ў ложку. На маё пытанне пра тэкілу сказала: «Цяпер ужо ўсё можна. Дый каб нельга было, усё адно ж ён зробіць так, як вы дамовіліся».

Нарэзала і прынесла лімон, соль, кілішкі. Я наліў. Ён насыпаў дробку солі на левую далонь, лізнуў… Урачыста, амаль рытуальна выпіў… Зажмурыўся, заеў скрыдлікам лімона… Смакуючы, памаўчаў, паварушыў, злізваючы рэшткі смаку, губамі, расплюшчыў вочы і сказаў: «Чакаў большага…»

Гэтыя два словы на парозе смерці здаліся мне глыбокай-глыбокай метафарай.

Усе мы чакаем большага. Ад усіх і ўсяго. Ад бацькоў, каханых, сяброў, жыцця…

Ад Бога.

КАЛЫХАНКА

Памяці Генадзя Бураўкіна

Па маёй ці тваёй,
не па нечай – па нашай віне
Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.
І калі памірае праз роспач і скруху паэт,
Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.
Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,
Баіў байкі яму –
Там у кожным паэтавым сне
Бай хадзіў па сцяне
У чырвонам сваім каптане…

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.
Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.
А каму беларускія – той прачынаецца ў снах
І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.
Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.

Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..
Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне
Чырванее на лёсе,
на лёне,
на белым, як смерць, палатне…

Каментары6

Цяпер чытаюць

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА9

Справай вертухая Шынвізэ занялася крымінальная паліцыя Германіі9

На палітвязняў ужо сабралі ўдвая больш за запланаваную суму. Збор яшчэ можна падтрымаць

Памёр кампазітар Віктар Капыцько

Сярод вызваленых 13 снежня — самая пажылая палітзняволеная

Як выглядае касцёл у Сапоцкіне пасля пажару ВІДЭА2

Максім Рыжанкоў трапіў у базу ўкраінскага «Міратворца»3

Запрацавала гарачая лінія па пытаннях вызваленых палітвязняў

Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць