Меркаванні3838

«Мая бабуля і выкладала беларускую мову, і пры гэтым лічыла беларусаў і мову выдумкай нацыяналістаў»

Піша Аляксандра Дзмітранок.

От падкінуў спадар Андрэй Дынько дрожджаў у сваім артыкуле «Поўны пераход» ці «размаўляю па-беларуску не ўвесь час»? Якая тактыка беларусізацыі правільная

Спадар Андрусь Горват споведдзю аб уласнай беларускамоўнасці трапна пацэліў у калектыўны «балявы пункт», справакаваўшы такім чынам сеанс масавага псіхааналізу.

Да таго тэма балючая, што няма рады — трэба выказацца. Акрамя таго, што падпісваюся пад кожным словам сп. Андруся, хачу дадаць трошкі свайго болю.

Гісторыя звычайная: родныя — спрэс беларусы, бабуля ды дзядуля з вёскі — ды ў гарадскую інтэлігенцыю, выхаванне выключна рускамоўнае. Пры гэтым (тут важна, трэба звярнуць увагу!), бабуля амаль увесь свой педагагічны стаж адпрацавала настаўніцай белмовы і літаратуры.

Чаму менавіта «белмовы», а не беларускай мовы: ну не любіла яна свой прадмет (і не любіць дагэтуль). Іншае пытанне: то нашто займацца тым, што табе зненавіднае? Яно, відавочна, рытарычнае.

На пачатку 90-х, на тле актыўнай беларусізацыі, мая родная настаўніца «белмовы» стала агучваць у процівагу ёй прыкладна такія тэзісы:

— Што за беларуская мова / беларусы? Выдумалі нацыяналісты ўсё. Не было ніколі ніякай беларускай мовы / беларусаў. Намяшана проста тут рознага: рускія, украінцы (якія, заўважце, маюць права на існаванне!), габрэі, палякі, татары.

Я большую частку свайго свядомага дзяцінства (час, калі пачала цікавіцца нечым акрамя вучобы, сябровак ды гульняў) дзівілася, чаму ж можна навучыць кагосьці пры такім стаўленні да прадмета выкладання. Аднак што тут казаць — гэта сям'я, людзі, якіх ты любіш нягледзячы на несупадзенне.

Мая беларускасць з'явілася як ідэя у апошнія два ліцэйскія гады дзякуючы настаўніку, які быў поўнай супрацьлегласцю маёй бабулі. Універсітэцкія гады (у немалой ступені дзякуючы каляжанцы Алёне Ліс) перавялі маю абстрактную беларускасць у канкрэтную форму, пісьмовую. Такой, пісьмовай, яна і заставалася цягам, без малога, дваццаці год.

Сорамна, але нават дзяцей выхоўваць ад пачатку (а так, вядома, было б прасцей і натуральней) па-беларуску мне бракавала рашучасці: гэтаксама баялася рэакцыі родных, сваякоў.

І вось, нарэшце, з паўгода таму я перайшла да актыўнага маўлення. Не ведаю, што менавіта стала вырашальным выспяткам ніжэй спіны, каб вожык урэшце паляцеў. Магчыма, тое, што дачцэ пашчасціла трапіць у беларускамоўную гімназію.

Я пачала з таго, што ўрокі па беларускамоўным падручнікам мы, натуральна, рабілі па-беларуску і ўсе пытанні, звязаныя з вучобай, абмяркоўваліся таксама па-беларуску.

«Пунктам невяртання» ў беларускамоўнай размове з дачкой для мяне стаў той момант, калі часам даведзеная да шаленства ейнай дзёрзкасцю ў нежаданні рабіць нешта, я зрывалася з месца ў кар'ер — і лаялася ўжо па-руску. Імпэт абурэння вымагае імгненнай рэакцыі ў выбары эпітэтаў, а ў мяне і з першым, і з другім былі праблемы.

Але неяк я дашкандыбала да той мяжы, за якой пачалося пастаяннае маўленне па-беларуску. Толькі ў сям'і — але ж і гэта для мяне дасягненне! У кола заўсёднай беларускай мовы цяпер уваходзяць сям'я і даччына школа.

Пра сітуацыю з людзьмі «звонку» выдатна напісаў сп. Горват — няма чаго дадаць. Муж са мной размаўляе па-беларуску, дзеці адказваюць па-руску (меншы часцяком ужывае адзіночныя беларускія слоўцы, дачка на мае просьбы адказвае, што саромеецца, бо недастаткова добра ведае). Спадзяюся, што з дзецьмі я яшчэ не ўсё згубіла, і пастаянная прысутнасць мовы дома з часам зробяць сваю справу.

Мае бацькі спакойна ўспрынялі такі паварот, бо яшчэ ў студэнцкія гады я рабіла некалькі няўдалых (непрацяглых) спробаў размаўляць па-беларуску: слухаюць, нешта не разумеюць, і тады я ім ласкава перекладаю, але адказваюць па-руску.

Аднак самая крыўдная сітуацыя (хаця не сказаць, каб нечаканая) склалася з роднай бабуляй, той самай былой настаўніцай «белмовы»: на апошнім сямейным зборышчы з нагоды народзінаў сына я ў напаўпрыватным рэжыме атрымала такі нечаканы ў сваёй раз'юшанасці «адлуп», што ад крыўды проста не хачу больш ехаць туды.

Вось такая сумная справа. «Чужыя», якіх раздражняе твая беларускасць, гэта ўсё дарма: плюнуў ды забыў, а вось калі за яе цябе праклінае нехта з блізкіх родных, чалавек, якога ты любіш, нягледзячы ні на што…

Цяжка.

Каментары38

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць