Эканоміка4343

У «Расатаме» заявілі пра гатоўнасць замяніць корпус рэактара для БелАЭС

Фота grodnonews.by.

Дзяржкарпарацыя «Расатам» гатова замяніць корпус рэактара для Беларускай АЭС, з якім адбыўся інцыдэнт 10 ліпеня. Пра гэта заявіў першы намеснік генеральнага дырэктара «Расатама» Аляксандр Лакшын у інтэрв'ю, размешчаным на сайце карпарацыі «ў сувязі са шматлікімі чуткамі пра здарэнне на будаўнічай пляцоўцы першай Беларускай АЭС».»Вынікі ўсіх даследаванняў перададзены заказчыку, — адзначыў Лакшын. — Мы абсалютна перакананыя, што тэхнічных перашкод для выкарыстання корпуса не існуе. Але мы разумеем, што разам з прыярытэтам бяспекі і надзейнасці яшчэ адной найважнейшай умовай развіцця атамнай энергетыкі з'яўляецца грамадская прымальнасць. Дапускаем, што заказчык можа прыняць рашэнне не прымяняць гэты корпус, каб пагасіць хвалю чутак і ажыятаж сярод часткі насельніцтва».

«Калі такое рашэнне будзе прынята, мы гатовыя яго ўлічыць, бо разумеем асаблівае значэнне грамадскай прымальнасці пры будаўніцтве першай у краіне АЭС, — дадаў прадстаўнік «Расатама». — Тады на першым блоку будзе ўстаноўлены корпус рэактара, які прызначаўся для другога блока. Яго выраб у цяперашні час заканчваецца. Але гэта рашэнне заказчыка, вядома, прывядзе да некаторага зруху графіка завяршэння будавання энергаблока».

Лакшын таксама выклаў сваю версію інцыдэнту. Паводле яго слоў, у ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый выконвала аперацыі па перамяшчэнні корпуса рэактара з аднаго лажамента на другі.

«Гэта адбывалася не ў будынку рэактарнага аддзялення, бо ішла яшчэ толькі падрыхтоўка да пад'ёму корпуса рэактара ў энергаблок. Корпус рэактара планавалася перамясціць на адлегласць каля 10 метраў, не змяняючы яго гарызантальнага становішча. Аднак пры страпоўцы субпадрадчыкам былі дапушчаныя адхіленні ад інструкцыі, з-за якіх адбыўся перакос грузу пры яго пад'ёме, — заявіў Лакшын. — На вышыні каля 4 метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) узнікла няспраўнасць пад'ёмнага крана, з прычыны чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, дакрануўшыся да зямлі».

Прадстаўнік «Расатама» таксама паведаміў, што на працягу ўсяго працэсу «вялася няспынная відэаздымка і забяспечвалася рэгістрацыя намаганняў на круку крана». «Нават у момант дотыку да зямлі асноўная вага вырабу — больш за дзве траціны — утрымлівалася кранам. Таму выкарыстоўваць такія словы, як «удар аб зямлю» ці «падзенне», няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман, таму што скажае сутнасць таго, што адбылося, бо хуткасць руху корпуса не перавышала хуткасці пешахода», — сцвярджае Лакшын.

На пытанне, чаму пра гэта стала вядома толькі цяпер, ён адказаў: «У атамнай галіне ёсць выразныя рэгламенты і правілы, якія вызначаюць, што з'яўляецца падзеямі, пра якія трэба інфармаваць наглядныя органы і грамадскасць. Яны апісваюць памер шкоды або ўздзеяння на персанал, абсталяванне і навакольнае асяроддзе. У гэтым выпадку ніякай падзеі, што прывяла да якой-небудзь шкоды, не адбылося. Максімум, пра што можна казаць, — пра сціранне на корпусе заводскай фарбы з-за трэння металічных строп».

Паводле слоў першага намесніка кіраўніка «Расатама», інструкцыя па страпоўцы грузу «была выканана з адхіленнямі». «Субпадрадная арганізацыя атрымала адпаведнае пакаранне, а яе работнікі, вінаватыя ў гэтым парушэнні, адхілены ад выканання абавязкаў і больш ніколі не будуць дапушчаныя да работ на нашых атамных аб'ектах. Але, падкрэсліваю, не таму, што адбылося нешта з корпусам. Іх памылка па факце прывяла да прыпынку мантажу абсталявання. Больш за тое, у інфармацыйным полі ўзніклі сумневы ў мэтазгоднасці выкарыстання гэтага корпуса, што як мінімум з'яўляецца рэпутацыйнай шкодай. Вось ў гэтым віна гэтых людзей і ў цэлым субпадраднай арганізацыі», — заявіў Лакшын.

Разам з тым ён падкрэсліў, што ніякіх істотных уздзеянняў, якія маглі б прывесці да змены уласцівасцяў корпуса, не адбылося. «Паказанні прыбораў і разлікі пераканаўча даказваюць, што максімальная нагрузка на корпус была шматразова менш дапушчальнай і ў паўтара разу ніжэйшай нават за тую, якую ён вытрымлівае бесперапынна ў рэжыме нармальнай эксплуатацыі на працягу шасцідзесяці гадоў», — сцвярджае прадстаўнік «Расатама».

Тым не менш, адзначыў ён, каб зняць любыя магчымыя сумневы заказчыка, «Расатам» вырашыў правесці дадатковыя даследаванні. Спецыялісты галоўнага канструктара рэактарнай устаноўкі ДКБ «Гідрапрэс» і вытворцы корпуса завода «Атаммаш» выканалі кантрольныя вымярэння, уключаючы ўльтрагукавы кантроль металу і дэфектаскапіі зварных злучэнняў. «Вынікі пацвердзілі, што ніякіх зменаў стану корпуса не адбылося», — яшчэ раз заявіў кіраўнік дзяржкарпарацыі.

Нагадаем, 25 ліпеня беларускія СМІ паведамілі, што 10 красавіка падчас трэніровачнай пробнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. Генпадрадчык будаўніцтва станцыі — расійская група кампаній «АБЭ» — паспяшаўся абвергнуць гэту інфармацыю, аднак Мінэнерга Беларусі прызнала, што на станцыі мела месца «няштатная сітуацыя». «Няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці», — гаварылася ў паведамленні Мінэнерга.

Інцыдэнт атрымаў шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі і за мяжой.

Літва накіравала Беларусі чарговую ноту, у якой запытала вынікі расследавання нядаўняга інцыдэнту на АЭС, якая будуецца. «Гэты інцыдэнт разглядаецца Літвой як асабліва небяспечны і здольны выклікаць незваротныя адмоўныя наступствы для бяспекі АЭС, якая будуецца», — гаварылася ў ноце літоўскага МЗС.

Літва прапанавала Беларусі заснаваць міжнародную камісію экспертаў для аналізу вынікаў гэтага расследавання і прадстаўлення рэкамендацый, а таксама выказала занепакоенасць наконт празрыстасці праекта БелАЭС, недахопу культуры бяспекі і неадпаведнасці міжнародным стандартам па атамнай бяспецы і ахове навакольнага асяроддзя, недастатковай ролі рэгулятара ядзернай бяспекі Беларусі і генеральнага падрадчыка будаўніцтва пры арганізацыі бяспекі будаўнічых работ.

Літоўскі бок папрасіў актыўнага ўмяшання ЕС у вырашэнне пытання ядзернай бяспекі, важнага для ўсяго рэгіёну, а таксама звярнуўся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расследаванні інцыдэнтаў, якія адбыліся на АЭС, што будуецца.

Варта адзначыць, што гэта ўжо не першае паведамленне аб НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Інфармацыя пра два іншыя інцыдэнты з'яўлялася ў СМІ ў маі і чэрвені.

Мінэнерга прызнала няштатную сітуацыю пры ўзвядзенні беларускай АЭC: 330-тонны рэактар упаў

Каментары43

Цяпер чытаюць

Частка іранскіх ракет ізноў прабіла «Жалезны шчыт» Ізраіля, падалі на жылыя дамы1

Частка іранскіх ракет ізноў прабіла «Жалезны шчыт» Ізраіля, падалі на жылыя дамы

Усе навіны →
Усе навіны

«Да гэтага часу не веру, што выжыў». Расповед адзінага выжылага ў катастрофе самалёта Air India, які разбіўся ў Ахмедабадзе

Хлопца, які ў Лебедзевай бэсціў Еўропу, асудзілі за ўдзел у пратэстах і ўхіленне ад войска6

Лукашэнка запатрабаваў ад вайскоўцаў вынайсці цуд-машыну для барацьбы з дронамі9

Расіяне запусцілі ў Беларусі дзіўны месенджар — рэгістрацыя па нумары тэлефона, а вось выдаліцца можна толькі калі дазволяць34

Джон Кенэдзі і Роберт Кенэдзі згуляюць на клубным чэмпіянаце свету па футболе ў ЗША. Прычым у адной камандзе

Палавое выспяванне робіцца ўсё больш раннім, а псіхалагічная даросласць — позняй. І гэта праблема4

Дзіцячы цэнтр, які адмовіў дзяўчыне ў працаўладкаванні за беларускую мову, улады праверылі і знайшлі парушэнні2

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране11

«Гэты фэст не толькі для кайфу». Арганізатары фестывалю Tutaka расказалі пра сёлетнія планы і перспектывы10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Частка іранскіх ракет ізноў прабіла «Жалезны шчыт» Ізраіля, падалі на жылыя дамы1

Частка іранскіх ракет ізноў прабіла «Жалезны шчыт» Ізраіля, падалі на жылыя дамы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць