Улада1313

«Нам зладзілі паказальны фарс». Пасол Украіны заклікае Мінск да адкрытасці на вучэннях

На апошніх беларуска-расійска-сербскіх вучэннях «Славянскае братэрства — 2017» назіральнікі змаглі ўбачыць толькі «тэатралізаваны паказ», а самі вучэнні прайшлі без міжнароднага назірання, заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Выступаючы з рэплікай на канферэнцыі Ostrogorski Forum у Мінску, дыпламат заклікаў беларускія ўлады да большай адкрытасці ў сувязі з будучымі вайсковымі вучэннямі «Захад-2017» Беларусі і Расеі.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Свой выступ пасол Кізім пачаў з таго, чаму Беларусі не варта недаацэньваць знешнія пагрозы.

— На жаль, гібрыдныя войны рыхтуюцца не тады, калі яны пачаліся, а нашмат раней. У выпадку Украіны была здрада з боку найвышэйшага генералітэту, пачынаючы з таго, што апошнія намеснікі міністра абароны былі расейскімі грамадзянамі.

Паводле слоў пасла, у Кіева былі вялікія надзеі на падтрымку міжнароднай супольнасці.

— Абарона кожнай краіны — гэта перш за ўсё справа самой краіны. Надзеі на партнёраў не апраўдаліся. Мы не атрымалі падтрымкі, у тым ліку і смяротнай зброі. Адабранне Крыма адбылося без адзінага стрэлу, таму што мы не былі гатовыя да ўзброенай агрэсіі на памежных пастах, якія захопліваліся. Па статуце любой пагранслужбы, салдат павінен быў страляць. Стрэлу не было. Карыстаючыся прапагандай славянскага братэрства, мы не змаглі страляць у расійскіх салдат. Спадзяваліся, што наверсе дамовяцца. Не дамовіліся.

Ігар Кізім адзначыў, што ва Украіне да пачатку вайны гэтак жа, як і сёння ў Беларусі, не лічылі, што ў краіны ёсць знешнія ваенныя пагрозы.

— Усе нашы сілы былі накіраваны на нашых суседзяў — не, не Беларусь, іншыя краіны, у якіх да Украіны былі тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Ніхто ў 2013 годзе не мог прадбачыць таго, што здарылася. Не трэба самазаспакойвацца, ёсць пагрозы, якія немагчыма ўбачыць. Самае страшнае для нас і карыснае для вас — гэта тое, што ўсе краіны зрабілі выснову, на жаль, на ўкраінскім прыкладзе. Тое, чаго мы не змаглі зрабіць, на прыкладзе Грузіі.

Дыпламат тлумачыць узрослую актыўнасць НАТА каля беларускіх межаў агрэсіўнымі паводзінамі Расеі.

— Але што цікава, калі ў Літве і Польшчы праходзяць вучэнні НАТА, яны выразна дэкларуюць сваю задуму: не дапусціць расійскай агрэсіі ў Сувалцкім калідоры (тэрыторыя Польшчы і Літвы паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. — Заўвага. TUT.BY). Ці задэкларавана задума вучэнняў «Захад-2017»? Не, цяпер не.

Пры гэтым Кізім прызнаў, што па нормах АБСЕ абвесціць пра гэта Мінск павінен мінімум за месяц да вучэнняў, якія павінны прайсці ў верасні.

— Тым не менш учора ці пазаўчора прайшлі вучэнні «Славянскае братэрства — 2017» Беларусі, Расіі і Сербіі. Мой ваенны аташэ паехаў туды, для іх зладзілі паказальны фарс. Ім паказалі тэатралізаваны паказ па захопе тэрарыстычнай групы на дамбе. Вельмі класна зроблена. А самі вучэнні прайшлі ў іншым месцы, куды не запрасілі ніводнага назіральніка, ваеннага аташэ. Трэба дэманстраваць большую адкрытасць.

Паводле слоў пасла Украіны, НАТА ўспрымае Беларусь «як фарпост Расійскай Федэрацыі, то бок Расею», і таму такія асцярогі выклікаюць сумесныя вучэнні.

— Кожны выбірае сваю форму абароны сваёй бяспекі. Мы выбралі сваю, вы — іншую, і мы гэта паважаем.

Пры гэтым Кізім са шкадаваннем адзначыў, што многія аналітыкі ў Беларусі выкарыстоўваюць украінскі прыклад з адмоўнага боку.

— Гэта падаецца ў такіх формах: «Нам не патрэбны канфлікт, як ва Украіне, патрэбна стабільнасць і г.д.». У вас будзе яшчэ нейкі запас выкарыстоўваць гэтую карту тут. Але не трэба рабіць так, што першае, што я пачуў, прыехаўшы сюды 2—3 месяцы таму, было: з Украіны ідзе ўсё дрэннае, завозіцца зброя, ловяць нейкіх перабежчыкаў, асуджаюць хлопцаў, якія былі ва Украіне, па розных прычынах, прычым абсалютна надуманых нейкіх.

Дыпламат падкрэсліў, што незаконнае перасячэнне мяжы — гэта злачынства, і Украіна гатовая супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі, каб спыняць такія выпадкі.

Вучэнні «Захад-2017» пройдуць у верасні, у іх плануецца задзейнічаць каля 3000 расейскіх вайскоўцаў і 280 адзінак ваеннай тэхнікі. У краінах Балтыі і ва Украіне асцерагаюцца, што пасля заканчэння вучэнняў расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі. Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў назваў падобныя заявы «істэрыяй асобных «экспертаў». Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што вучэнні не нясуць пагрозы, і запрасіў на іх назіральнікаў НАТА.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі1

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Усе навіны →
Усе навіны

«Хто ўвогуле такія беларусы». Сям'я аплаціла тур на Каба-Вэрдэ, але не змагла атрымаць візы ні ў адным консульстве Еўропы5

На Гродзеншчыне паказалі, як зімой падкормліваюць зуброў

ЗША могуць прымяніць сілу ў Іране на працягу 24 гадзін3

Фядута: Булгакаў і Ахматава зразумелі б, чаму ва Украіне зносяць помнікі ім28

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў4

Падчас візіту на завод Ford Трамп публічна вылаяўся і паказаў сярэдні палец ВІДЭА7

Венесуэла пачала аднаўляць здабычу нафты пад кантролем ЗША3

На Кіпры знайшлі мёртвае цела, якое можа належаць Уладзіславу Баўмгертнеру8

Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі1

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць