Літаратура33

Павел Савоська. Фірма венікаў не вяжа. Апавяданне

У кабінет да доктара Сарокіна зайшла жанчына гадоў пад сорак і сцішаным голасам павіталася:

— Дзень добры вам!

Доктар працягваў пісаць, а пасля, спахапіўшыся, узняў на яе вочы і хуценька адказаў:

— Дзень добры! Праходзьце, сядайце, расказвайце.

Сарокіну было за семдзесят, але ён працягваў яшчэ працаваць на палову стаўкі ў паліклініцы. Арандаваў тут памяшканне і ў вольны час лячыў выпівох звышсакрэтным метадам…

Жанчына зрабіла некалькі крокаў і прысела на адно з крэслаў, што стаялі ўздоўж сцяны даволі прасторнага кабінета.

— Гора ў мяне вялікае… — яна ўздыхнула. — Прывезла да вас на лячэнне свайго мужыка-п’янтосіка. Бо дайшлі чуткі нават да нашай Аляксееўкі, што вылечваеце вы алкашоў, вось… А мой на цагельні працуе, заробак прапівае, дырэктар звольніць хоча, а з чаго ж тады нам жыць? Кажуць, што метода ваша дабрэнная.

Доктар усміхнуўся і пагладзіў сваю сівую бародку.

— Метад мой і сапраўды ўнікальны. Яго запатэнтавалі ў Германіі і Польшчы. Зацікавіліся і расійскія дактары…

— А як жа ён называецца?

— Казытліва-аздараўленчы масаж з крыху пашчыпваючым уздзеяннем.

— А ў вас тут плаціць трэба? — са сполахам у вачах спытала жанчына.

— Плата невялікая, усяго дваццаць рублёў.

— Такія грошы ў мяне ёсцека, абы дапамагло. Няўжо ўсіх вылечваеце?

— Пакуль скаргаў не было! — з усмешкай прамовіў доктар.

— А якая гарантыя? На колькі год?— працягвала дапытвацца жанчына.

— Пажыццёвая! Вось ваш муж будзе… — тут ён спехам пагартаў даволі тоўсты сшытак. — Во! Сто сорак пятым будзе. І яшчэ не было выпадкаў, каб хтосьці не вылечыўся. Вось кніга водгукаў, тут адныя падзякі… У нас, як той казаў, фірма венікаў не вяжа…— Сарокін зноў загадкава ўсміхнууся і пагладзіў бародку. — Вылечваем любога і за адзін сеанс, а ён працягваецца не больш за гадзіну.

— Або! — жанчына махнула рукой. — Я перлася з ім у такую далячынь, то змагу і да абеду выседзець, толькі б дапамаглі 6 вы майму Мікалаю.

— Калі так, то давайце яго сюды! Не будзем марнаваць часу!

Праз хвіліну ў кабінет разам з жанчынай зайшоў паўнаваты мужчына гадоў пад пяцьдзясят з чырвоным носам і нахабна-вірлівымі вачыма. На ягоным твары так і вымалёўвалася здзеклівая ўсмешка…

Ён нават не павітаўся, а стаяў быццам нахілены слуп ля дарогі, што ўсім замінае.

—Толькі не выпендрывайся! — жанчына злёгку штурханула мужа пад бок. — Вядзі сябе прыстойна, бо тут усіх вылечваюць.

— А вось у гэта я і не веру! — рашуча прамовіў ён і засмяяўся.

— Не верыце, што я вас вылечу? — з лагоднай усмешкай спытаў доктар. — Дарэмна, дарэмна… А ёсць жаданне вылечыцца?

— Ды я не хворы! — усклікнуў мужчына. — Бывае, праўда, выпіваю. А хто цяпер не закладвае пры такім нашым жыцці! Ды я б і не паехаў сюды, каб мая Гануля не паабяцала мне купіць за гэта дзве пляшкі гарэлкі «Крышталь-Люкс»! Чулі пра такую?

— Ведаю, — адказаў доктар. — Тры залатыя медалі ў Лейпцыгу і Маскве. Але вам давядзецца пра яе забыць…

—Вось як! — з роспаччу ў голасе ўсклікнуў мужчына. — То калі мне будзеце якую паскудную капсулу падшываць або мазгі гіпнозам кампасціраваць, то я не згодзен! — зароў ён.

— Цішэй ты! — ускінулася на яго жонка. — Хочаш у міліцыю загрымець? Дурань аляксееўскі!

— Нічога страшнага, — Сарокін падняўся з-за стала. — У нас бываюць і не такія пацыенты. А цяпер прысаджвайцеся ў крэсла, і паставім канчатковы дыягназ.

I не паспеў мужчына прысесці, як доктар імгненна падскочыў да яго і пачаў рабіць перад яго носам даволі загадкавыя рухі сваімі рукамі. Гэтыя пасажы азначалі, што ён быццам штосьці невядомае выцягвае з мужчыны, а пасля з агідаю кідае у кут.

— Ды вы што?! — са здзіўленнем прамовіў мужчына.

Доктар нічога не адказаў, а хуценька заняў сваё месца за сталом і пачаў нешта пісаць. Пасля зірнуў на жанчыну з мужам і прамовіў:

— Цяпер мне усё зразумела. У вас пястотна-алкагольны сіндром з паглыбленым наркатычным ухілам. Якраз наш профіль. Цяпер прыступім да лячэбнага сеанса. Вам давядзецца пачакаць у прыёмнай, — звярнуўся Сарокін да жанчыны, — а вы праходзьце за мной.

Доктар завеў мужчыну ў асобную лячэбную кабіну. Там стаяў нізкаваты, але даволі шырокі стол.

— Распранайцеся і жыватом на стол, — загадаў доктар. — Зараз і масажысты падыдуць…

І толькі мужчына распрануўся, як у кабіну зайшлі два здаравенныя дзецюкі. Яны моўчкі, амаль сілком, паклалі мужчыну на стол і хуценька прывязалі ягоныя рукі і ногі рамянямі, якія былі тут падрыхтаваны.

— Пачынаць? — з усмешкай спытаў адзін з дзецюкоў.

— Давайце! — дазволіў доктар. — Толькі не перастарайцеся.

У тое ж імгненне другі дзяцюк прыспусціў з мужчыны трусы.

— Вы што?! — зароў небарака. — Звар’яцелі?!

А дзецюкі моўчкі пачалі лупцаваць па мяккім месцы выпівохі намочанымі ў вадзе пяньковымі вяроўкамі.

Мужчына роў што меў моцы. Лекар выскачыў з кабіны і не паспеў дайсці да свайго стала, як у кабінет заляцела жанчына.

— Чаго ён крычыць, як бык недарэзаны?! — са сполахам спытала яна.

— Ды як вам сказаць… — сумеўся доктар. — На лячэбна-аздараўляльны масаж кожны рэагуе па-свойму. Адны пацыенты смяюцца, другія крычаць, трэція плачуць. Вы не хвалюйцеся. Ваш муж пакуль прымае дзесяціхвілінны разагравальны масаж. Ён самы непрыемны…

Мужчына між тым пагражаў, што спаліць усю паліклініку, сваю вёску і заявіць у міліцыю. Але паступова станавілася усё цяжэй разабраць ягоныя словы…

— Ён жа енчыць! — жанчына кінулася да кабінкі, але дзверы былі надзейна замкнуты.

— Не хвалюйцеся! — доктар усадзіу жанчыну у крэсла. — Якраз з гэтымі крыкамі і выходзіць хвароба…

— Ну і лячэнне ў вас! Мікола змардуе мяне дома на чорны яблык.

— Такога не будзе, магу вас запэўніць. Не ён першы… А метад мой якраз і заснаваны на болевым сіндроме…

— Як гэта?

— Хвароба праз боль і выходзіць. Чым мацней чалавек крычыць, тым хутчэй яна пакідае ягонае цела. Прыслухайцеся, ужо крыху аціхае. А мы з вамі зойдзем зараз у нашу аптэку, купіце тое-сёе для прымочак…

Яны выйшлі з кабінета. Калі хвілін праз дзесяць вярнуліся, то наўкол была мёртвая цішыня…

— Здаецца мне,— сцішаным голасам прамовіў доктар, — што лячэнне паспяхова скончылася.

І толькі ён змоўк, як з кабіны выйшаў Мікола, якога падтрымліваў адзін з дзецюкоў. Жонка кінулася да мужа, а дзяцюк імгненна знік за дзвярыма.

— Як ты? — запытала кабета ў свайго Міколы.

Твар у таго быў збялелы, вочы, быццам у пакутніка, пазіралі ласкава, і ён ледзь чутна прашаптаў:

— Нічога. Добра, што ў жывых застаўся.

— А цяпер, — доктар хуценька ўсеўся за стол, — правядзем невялічкі тэст — і можаце адпраўляцца дахаты.

— Што яшчэ за тэст?! — устрывожылася жанчына. 

— Мікола адкажа на некалькі пытанняў, і вы зразумееце, што ён вылечыўся.

— Задавайце! А то ён ледзь на нагах трымаецца ад вашых лекаў.

— Ці будзем мы больш зазіраць у бутэльку?

— Ніколі! — адразу ж выпаліў Miкола.

— Атрымаўшы заробак…

— Прынясу да Ганулі ўсё да капейкі,— перабіў ён доктара, — ды і квіток побач палажу.

— Так… — Сарокін усміхнуўся і ад задавальнення пацёр рукі. — А калі шабашка якая надарыцца?

— Куплю жонцы кветкі, дзецям марожанае, а рэшту проста ёй у рукі…

Жонка ад такіх слоў анямела і са здзіўленнем пазірала на доктара.

— Вось бачыце, а вы не верылі! — ускрыкнуў той у адказ. Ён зрабіў запіс у сшытку, а пасля дадаў: — Пакуль, праўда, сядзець яму не давядзецца, вось… Дый спаць будзе на жываце, але праз тыдзень-другі ачомаецца і прыйдзе ў норму.

— А што з яго… — жонка асцярожна дакранулася ніжэй Міколавай спіны.

Той ажно падскочыў і ўскрыкнуў: «Не трэба!»

— Вось гэта месца, што вы памацалі, мы якраз і масажыравалі. Праз яго якраз ідзе самае эфектыўнае аздараўленне.

— То вялікі вам дзякуй за лячэнне! — прамовіла жанчына і хуценька паклала грошы на стол, пацягнула Міколу пад руку да дзвярэй.

— Калі, не дай бог, прыкмеціце малейшыя збоі ў паводзінах мужа, то прыязджайце на паўторны сеанс, — кінуў ім услед Сарокін.

Пасля ягоных слоў Мікола імгненна сігануў за дзверы з такой хуткасцю, што Гануля не паспела іх зачыніць.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Праз залеву спыніўся транспарт на некаторых участках у Мінску

У Мінску прадаюць гатовы бізнэс за $30 мільёнаў. Што за ён3

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць